Сэнс святаў Усіх Святых і Задушак растлумачыў ксёндз Юрый Ясевіч

14:05 / 01.11.2017

У лістападзе мы ўспамінаем тых, каго больш няма з намі. Кветкі і лампадкі з’яўляюцца ледзь не ля кожнай магілы, а ў сценах храмаў гучаць прозвішчы і імёны тых, хто адышоў да Бога.

З ксяндзом-вікарыем касцёла святых Космы і Даміяна Юрыем Ясевічам мы пагутарылі пра святых, у тым ліку беларускіх, і святасць, пра тое, як растлумачыць дзецям сэнс гэтага свята і што павінен зрабіць кожны каталік у Задушны дзень.

322.jpg

–  1 лістапада мы ўспамінаем Усіх Святых. Ксёндз Юрый, растлумачце што гэта за свята.

– Жыццё чалавека не заканчваецца смерцю, бо наша душа – бессмяротная. Каталікі ўсяго свету 1 лістапада аддаюць даніну памяці і пашану людзям, якія знаходзяцца ў небе. Іх называюць святымі. Праз уласны прыклад яны на зямлі былі верныя Богу і часта паміралі, як мучанікі, ахвяравалі жыццё і не выракаліся веры. Да святасці павінен імкнуцца кожны з нас.

– Успамінаю сябе ў дзяцінстве: мне здавалася, што святыя – гэта ідэальныя божыя слугі, якія знешне падобны да чалавека – але гэта не людзі. Як растлумачыць дзецям, хто такія святыя і што гэта за свята?

– Некаторыя думаюць, што святасці можна дасягнуць толькі пасля смерці і гэта падуладна адзінкам. Давайце паразважаем, што значыць быць святым? Ідэальным і не мець заганаў? Згадзіцеся, гэта не зусім адпавядае зместу. Шчыра маліцца кожны дзень? Гэтага, напэўна, будзе недастаткова. Святасць праяўляецца не толькі ў духоўным, рэлігійным кантэксце, але і ў тым, як чалавек адносіцца да сваіх штодзёных абавязкаў, як ён сябе паводзіць з блізкімі ў прыватнасці і людзьмі ўвогуле. Бог нам пакінуў 10 запаведзяў, выконваючы якія кожны можа наблізіцца да святасці.

143.jpg

З дзецьмі трэба абавязкова размаўляць і тлумачыць, што святыя, перш чым трапіць на неба, былі звычайнымі людзьмі, гэтак жа хадзілі ў школу, мелі сяброў – былі падобныя да нас з вамі, што яны моцна любілі Бога, дапамагалі хворым, бедным, тым, ад каго ўсе адвярнуліся.

У апошні час выклікае занепакоенасць росту цікаўнасці моладзі да Хэлоўіна. На першы погляд гэта выглядае простай і бяспечнай дзіцячай забаўкай, але насамрэч гэта не так. Гэтае свята бярэ свае карані са скандынаўскай міфалогіі і, калі я не памыляюся, прысвечана злым, цёмным духам. Задайце сабе адно пытанне: гэта трэба вашаму дзіцяці? Я думаю, не. Тым больш на Беларусі, у тым ліку і на Астравеччыне, моцныя традыцыі сувязі з продкамі. На другі дзень пасля ўрачыстасці Усіх Святых мы ўспамінаем памерлых. Вазьміце дзіця з сабой на могілкі, раскажыце пра сваіх продкаў. Толькі так, праз уласны прыклад, бацькі могуць і павінны вучыць дзяцей.

– Ці ёсць беларускія святыя і колькі іх?

– Беларуская зямля багатая на святых і благаславёных. Немагчыма назваць дакладную лічбу. У 1999 годзе святы айцец Ян Павел ІІ беатыфікаваў больш за 100 мучанікаў Другой сусветнай вайны. У сонме новых благаславёных апынулася 12 асобаў, сваім жыццём, працай і пакутніцкай смерцю звязаных з Беларуссю. Самае цікавае, што да ліку благаславёных былі прылічаны не толькі святары, сёстры законныя, але і свецкія людзі.

Чаго варты прыклад Мар’яны Бярнацкай з Навумавічаў! Простая вясковая жанчына, якая жыла верай у Бога і ўвесь свой час прысвячала сям’і, не раздумваючыся аддала жыццё за цяжарную нявестку падчас карнай аперацыі фашыстаў – гэтым самым яна ўратавала не аднаго, а дзвюх людзей. Праўнук гэтай жанчыны штогод прыязджае ў Беларусь, туды, дзе загінула яго прабабуля. У гэтай сям’і асаблівым чынам захоўваецца памяць пра благаславёную сваячку.

87.jpg

Святы Язафат Кунцэвіч, аднолькава любімы ўніятамі і каталікамі, нават зімой, ноччу хадзіў на могілкі і маліўся: “Пане Божа, знішчы адшчапенства, якое пануе сярод нас, дай нам еднасці Касцёла”. Усё зямное жыццё ён маліўся аб еднасці хрысціян, у выніку чаго і загінуў пакутніцкай смерцю.

– Ксёндз Юрый, зямное жыццё якога са святых блізкае асабіста вам?

– Для мяне блізкія два святыя, якія маюць італьянскае паходжанне. Святы айцец Піо жыў у ХХ стагоддзі. Ён быў моцным, нават крыху жорсткім, але справядлівым святаром. Людзі, якія прыходзілі да яго на споведзь, маглі не расказваць пра свае грахі і правіны – айцец Піо і так усё ведаў. Чаму менавіта гэты святы мне блізкі? У духоўнай семінарыі ёсць традыцыя: першакурснікі абіраюць сабе заступніка на ўсе гады вучобы. Мы абралі святога айца Піо. Са студэнцтва і па сённяшні дзень у складаных сітуацыях я звяртаюся да айца Піо – і ён дапамагае мне.

Многія з вернікаў ведаюць Антонія Падуанскага, як святога, які дапамагае адшукаць страчаныя рэчы. У маім жыцці гэты святы адыграў значную ролю. Падчас экскурсіі ў Італіі побач з яго мошчамі я шчыра маліўся і папрасіў аб адной ласцы. І праз некаторы час атрымаў яе. Гэта было не што іншае як асабістая праява заступніцтва святога Антонія.

– На другі дзень пасля ўрачыстасці Усіх Святых мы ўспамінаем усіх памерлых. Такое суседства ў календары выпадковае? І як мы можам дапамагчы памерлым сваякам?

detyam-o-smerti.jpg

– Гэта суседства невыпадковае. Спачатку мы ўзгадваем святых – тых, хто ўжо на небе, а на другі дзень успамінаем усіх памерлых вернікаў.

У касцёльнай традыцыі перыяд з 1 па 8 лістапада называецца актавай успаміну ўсіх памерлых. У гэты час можна атрымаць поўнае адпушчэнне кары за грахі і выбавіць з чыстца адну душу. Аднак для гэтага трэба паспавядацца, прыняць святую камунію і абавязкова наведаць могілкі.

Імкненне людзей навесці парадак на могілках спачылых сваякоў, паставіць кветкі і свечкі заслугоўвае павагі. Але каму гэта патрэбна, калі гэта робіцца без малітвы?

Помніце, што тым, каго няма ўжо побач з намі, патрэбны нашы малітвы, а не безліч кветак.

– Дзякуй, ксёндз Юрый, за гутарку!

Размаўляла Алена ГАНУЛІЧ.

Читайте также: 

В костел святых Космы и Дамиана назначили нового викария


 

Текст: