"Астравецкая праўда" собрала друзей

07:00 / 02.02.2016
встреча друзей АПРэдакцыя “раёнкі” рэгулярна праводзіць дні “Астравецкай праўды” – як правіла, на выездзе: сустракаліся мы са сваімі чытачамі, падпісчыкамі, пазаштатнымі аўтарамі ў розных вёсках раёна і ў самім Астраўцы. Сёлета ж, з улікам таго, што рэдакцыя зусім нядаўна змяніла прапіску і не ўсе яшчэ пратарылі сцежку на вуліцу Энгельса, 2А, было вырашана сабраць сяброў газеты ў самой рэдакцыі. Канешне ж, не ўсіх: няма пакуль не толькі ў нас, але і ўвогуле ў раёне будынка, каб сабраць пад адным дахам іх шматтысячную армію. Але ж самых верных, адданых – пазаштатных аўтараў, пераможцаў рэдакцыйных конкурсаў, удзельнікаў літаратурнага аб’яднання “Астравецкай зямлі галасы”, якое нарадзілася пад крылом раённай газеты, мы запрасілі ў рэдакцыю на сустрэчу, якой далі адпаведную назву: “Астравецкая праўда” збірае сяброў”.

встреча друзей АП1НА ЎВАХОДЗІНЫ
Чароўна струменіцца дзень зімовы
Па вуліцах горада, між двароў…
І дзверы адкрыты ў будынку новым:
“Астравецкая праўда” збірае сяброў.
У новы год зіма наступіла,
Змяніўшы на свята паводзіны,
У сані чароўныя нас пасадзіла,
Каб імчаць да сяброў на ўваходзіны.
І вось як цудоўна! З часам жаданні
Здзяйсняюцца ў новым годзе нам.
Прыемна, сябры, мне прызнацца ў каханні
Газеце сваёй на ўваходзінах.
Станіслаў КУРЫЛА


Пачалася сустрэча з узнагароджання пераможцаў навагодніх конкурсаў, якія былі аб’яўлены рэдакцыяй напрыканцы мінулага года. Ганаровыя дыпломы і сувеніры ад рэдакцыі атрымалі аўтары самых крэатыўных навагодніх ёлак – сям’я Зезюлевіч, якая зрабіла навагоднюю красуню з атласных стужак; Віталь Шпіронак, які змайстраваў яе з цвікоў, Алена Малышава – яна прыдумала ёлку ў беларускім стылі, з лёну. Яшчэ адна пераможца, Тарэса Радкевіч з Варнян, якая даслала на конкурс некалькі ёлачак, самай арыгінальнай з якіх нам падалася тая, што была зроблена з птушынага пер’я, у той дзень у рэдакцыю не прыйшла – што ж, будзе нагода зазірнуць да нас другім разам: узнагароды яе чакаюць.
Лепшым навагоднім інтэр’ерам – з тых, вядома, што мы змаглі пабачыць – было прызнана святочнае ўбранства дома Вольгі Яхімовіч: стыльна, з густам, прыгожа.
Шматлікія “Гісторыі адной малпы” ўразілі сваёй рознажанравасцю і арыгінальнасцю сюжэтаў – лепшай была прызнана шчырая і шчымлівая замалёўка пра ваенны галодны Новы год, якую даслала ў рэдакцыю Яна Галіна.
Фотаздымак для навагодняга календара нашы падпісчыкі ўжо змаглі ацаніць, атрымаўшы гэты падарунак разам з першым сёлетнім нумарам “Астравецкай праўды”: яго аўтар Ганна Мілашэвіч, як і іншыя пераможцы конкурсаў, была адзначана дыпломам і падарункам.
Хоць і “постфактум”, але былі ўзгаданы і ўдзельнікі іншага рэдакцыйнага конкурсу “Прыпеўкай звонкай пра раёнку”, які праводзіўся летам, многія з іх прысутнічалі на гэтай сустрэчы. Як вядома, паводле тых прыпевак быў складзены цэлы спектакль, які раённыя артысты сыгралі-праспявалі на мінулагоднім Дні беларускага пісьменства ў Шчучыне: відэазапіс іх выступлення добра павесяліў і парадаваў гасцей.
встреча друзей АП2Ну а затым за кавай ды гарбатай пайшла-пацякла гамонка, галоўнай тэмай якой была тая самая немаладая па гадах, але заўсёды сучасная дама – газета “Астравецкая праўда”, якая перш аб’яднала ўсіх на сваіх старонках, а ў той дзень сабрала сваіх сяброў у рэдакцыі.
Госці расказвалі пра гісторыю сваіх узаемаадносін з гэтай сяброўкай, пра тое, за што яны любяць сваю газету, а што ў ёй не вельмі падабаецца, – толькі любячыя сябры могуць гаварыць аб гэтым так шчыра.

встреча друзей АП3Марыя ЛЕАНОВІЧ:
– Я ўжо некалі пісала, і зараз паўтаруся: “Астравецкая праўда” – мая адзіная сяброўка. Так сталася, што родных у мяне тут няма, дзве лепшыя сяброўкі ўжо пакінулі гэты свет, і зараз “Астравецкая” мая, па сутнасці, адзіная суразмоўца і дарадца. Часам і зачэпіць нешта – да сардэчнага болю: бо калі нехта родны нешта зробіць не так, то гэта вельмі балюча… Але ўсё роўна я вельмі яе люблю. Як і наш родны, дарагі майму сэрцу Астравец…

Вольга ЯХІМОВІЧ:
– У нашай сям’і – як, напэўна, і ў многіх – у сераду і суботу ідзе змаганне: хто першы ўхопіць “Астравецкую праўду”. Праўда, я ў такіх выпадках праяўляю ўладу, кажу: “Я яе выпісваю – я і чытаць першай буду!” Але калі да пошты дабярэцца двухгадовая дачушка, то спрэчак, хто за кім будзе чытаць “раёнку”, ужо не ўзнікае: яна “пачытае” так ”уважліва”, што астатнім застаецца хіба што лезці ў інтэрнэт.
Дарэчы, на сайт “Астравецкай праўды” я таксама рэгулярна заходжу. І відэаролікі ўсе гляджу, што вы здымаеце. Хачу сказаць камплімент тым, хто працуе з відэа: вельмі прафесійна вы гэта робіце, паглядзець і прыемна, і цікава.

Рэгіна ДРЭМА:
– Я “Астравецкай” абавязана ўсім! Дзякуючы нашай газеце, я стала знакамітай! Хто б мяне ведаў, вясковую кабету з Ліпак… А тут во нядаўна трапіла ў бальніцу, стаю ў чарзе здаць кроў на аналіз і чую, як жанчыны перашэптваюцца за спіной: “Гэта ж, кажуць, тая самая Рэгіна Дрэма, што ў “Астравецкую” піша”. А мне і прыемна!

Алена МАЛЫШАВА:
– Мы і дахаты выпісваем “Астравецкую праўду”, і на цэнтр народнай культуры і творчасці – а ўсё роўна, ідучы на працу, купляем у кіёску – бо пакуль дачакаешся, калі яе паштальён прынясе… А хочацца ж усе раённыя навіны даведацца як мага хутчэй. Асабліва нас цікавяць поспехі нашых дзяцей, іх перамогі ў розных конкурсах.

Марыя ПЕШКА:
– “Астравецкай праўдзе” я ў ногі гатова пакланіцца, “раёнка” для мяне – усё! У нашай сям’і яе заўсёды чыталі, і ніводзін нумар, ніводная староначка не выкідваецца, хіба што тэлепраграма – ды і то муж перш спытае, ці можна ўзяць на падпал. І сыны раённую газету чытаюць, калі прыязджаюць, – я ім заўсёды пакідаю. А ўжо колькі газет родзічы ў Вільнюс звезлі – і не злічыць!
Шкадую, што зараз “Астравецкая” не расказвае, як раней, пра кветкаводаў – а цікава было пачытаць. І вось яшчэ: варта было б завесці рубрыку з пытаннямі і адказамі. Напрыклад, хай бы прадстаўнікі раённага гандлю растлумачылі людзям, чаму ў нашых магазінах нічога не купіць?

Віталь і Ганна ШПІРОНКІ:
– Мы тут, мусіць, адзіныя, хто не выпісвае “Астравецкую праўду”.
Але чытаем яе рэгулярна! Кожны тыдзень прыязджаем да бацькоў у Гудагай, а яны для нас раённую газету заўсёды акуратна збіраюць, складваюць. У нас і архіў сямейны з “Астравецкай” ужо сабраўся: то брат мой, Дзяніс, на яе старонках часта “свяціўся”, то я калі патраплю. Дарэчы, “Астравецкую праўду” і ў Санкт-Пецярбургу чытаюць: мы рэгулярна перасылаем цікавыя нумары свайму дзядзьку.
І на сайт ваш мы рэгулярна заходзім. Дзіўна: ужо столькі гадоў жывём у Ашмянах, здаецца, тамтэйшая “раёнка” павінна стаць роднай – а ўсё роўна свая цікавейшая!

Кожны, хто прыйшоў у той дзень у рэдакцыю на сустрэчу, меў магчымасць выказацца – і размова атрымалася шчырай, сапраўды сяброўскай. А многія, хто да гэтага дня ведаў адзін аднаго толькі па прозвішчах, па подпісах пад артыкуламі і вершамі, змаглі пазнаёміцца асабіста.
Так што сустрэча сяброў была недарэмнай і, думаецца, стала цікавай і карыснай і для рэдакцыі, і для нашых пазаштатных аўтараў.
А значыць – будзем сябраваць і надалей!

Ніна РЫБІК.