Островетчина выбрала "Народного артиста"

17:00 / 06.02.2015
3
Кожны журналіст пачынае “пісаць” свой артыкул задоўга да таго, як бярэ ў рукі аўтаручку і кладзе перад сабой чысты аркуш паперы ці ўключае камп’ютар і садзіцца за клавіятуру.


Вось і я, калі яшчэ толькі аб’яўлялі конкурс “Народны артыст Астравеччыны”, калі падаваліся заяўкі, калі слухала песні канкурсантаў, калі сачыла за галасаваннем на сайце, калі рыхтаваўся канцэрт, калі бачыла хваляванне артыстаў перад выхадам на сцэну і глядзела іх цудоўныя нумары, зусім неадпаведна статусу члена журы падпяваючы і “падтанцоўваючы” канкурсантам, – увесь час у думках узнёсла “пісала” свой артыкул пра гэты конкурс: прыдумвала загаловак і падзагалоўкі, шукала найбольш трапныя словы, каб ахарактарызаваць кожнага артыста, хвалявалася за фотаздымкі…

Я меркавала, што пачну свой артыкул з гісторыі конкурсу: раскажу, як шэсць гадоў назад мы праводзілі на раённым радыё “Народны хіт-парад” і як кожную суботу жыхары раёна “прыліпалі” да радыёпрыёмнікаў, а затым слалі свае СМС-паведамленні, каб прагаласаваць за любімага артыста.

Потым падзялюся з чытачамі, як нарадзілася ідэя паўтарыць “добра забытае старое”. Як радаваліся супрацоўнікі рэдакцыі, атрымліваючы ў адказ на сваю прапанову паўдзельнічаць у конкурсе песні ад прэтэндэнтаў на званне “Народнага артыста Астравеччыны”. Як цешыліся мы кожнай новай заяўцы

і разнастайнасці песень і выканаўцаў. Як сачылі за перыпетыямі галасавання на сайце, калі наперад выходзіла то Вікторыя Касцюк, то Сняжана Безляповіч, то Валерыя Бей, то Арцём Кавецкі. Як спрачаліся, хто з іх больш дастойны неафіцыйнага, але пачэснага звання “Народны артыст Астравеччыны”.

Найбольш месца ў сваім артыкуле я, вядома ж, планавала аддаць апагею конкурсу, якім стаў фінальны гала-канцэрт. Канешне, я, як прадстаўнік аднаго з арганізатараў, асоба зацікаўленая – але мае думкі падзялілі гледачы, з якімі давялося пагутарыць: канцэрт, у арганізацыю якога вялікі ўнёсак зрабілі супрацоўнікі нашай рэдакцыі, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і выкладчыкі дзіцячай школы мастацтваў, атрымаўся шчырым, цёплым, разнастайным і цікавым. Пастараліся вядучыя – журналісты “Астравецкай праўды” Алена Ярашэвіч і Антон Мальшэўскі, якія да кожнага нумара і для кожнага выканаўцы знайшлі свае словы, эпітэты, “падводкі”. Настрою дадавала з густам аформленая зала. І, канешне ж, непераўзыдзенымі былі самі народныя артысты!

Парадавала сваёй песняй пра Астравец заўсёды юная Капіталіна Цімафееўна Пятроўская, аптымізму, энергіі і артыстычнасці якой могуць пазайздросціць і маладыя. Усіх зачараваў юны джэнтльмен Раман Віткевіч са сваімі памочніцамі-“гарошынкамі”. Іскрылася шчасцем жаноцкая і абаяльная Вікторыя Мізула, падтрымаць якую з яе прызнаннем у любові свайму “мужу-мужаньку” выйшла на сцэну ўся яе дружная, прыгожая сям’я.

“Харошая песенька” Каці Бабук у суправаджэнні сімпатычнага і аптымістычнага клоўна “ўсміхнула” нават зацятых песімістаў. Харызматычны і абаяльны Юрый Інаровіч прымусіў біцца часцей не адно дзявочае сэрца. Аляксандр Якіменка са сваёй песняй нагадаў аб слынным сыне Астравеччыны Казіміры Сваяку. Галасістая прыгажуня з Альхоўкі Ксенія Кімса падарыла мілагучную песню на ўкраінскай мове. Усе канкурсанты стараліся прадэманстраваць лепшыя свае здольнасці. І ўсіх літаральна скарыла Вікторыя Касцюк са сваёй “Баладай пра гусляра”!

Цудоўным аздабленнем свята стала ўручэнне падзячных лістоў удзельнікам рэдакцыйных конкурсаў і розыгрыш пуцёўкі на дваіх у Турцыю ад салона сувязі МТС – яе уладальніцай, дзякуючы шчаслівай ручцы Ромы Віткевіча, стала Тамара Гаваноўская. Пацешылі гледачоў цудоўнай музыкай і майстэрскім валоданнем інструментамі Таццяна Сяўко і ансамбль выкладчыкаў школы мастацтваў “Інкварта”.

Усе ўдзельнікі конкурсу прэтэндавалі на званне “Народнага артыста Астравеччыны” – іх старанні і смеласць былі адзначаны дыпломамі ўдзельнікаў і сувенірамі. Асобныя падарункі атрымалі самыя юныя ўдзельнікі Раман Віткевіч і Кацярына Бабук – для іх даслаў персанальныя альбомы з аўтографамі зорка расійскага шоу-бізнесу Дзмітрый Калдун. Спецыяльныя прызы за выхаванне патрыятызму ад грамадскага аб’яднання “Белая Русь” атрымалі Капіталіна Пятроўская і Аляксандр Якіменка – іх уручыла старшыня раённай арганізацыі гэтага аб’яднання Ірына Раткевіч.

А пераможцай конкурсу прафесійнае журы, якое ўзначаліў дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Сяргей Сяўко, аднагалосна прызнала Вікторыю Касцюк. Яна адзіная атрымала найвышэйшыя адзнакі ўсіх шасці суддзяў! З іх думкай пагадзіліся і гледачы ў зале, якія аддалі Вікторыі прыз глядацкіх сімпатый.

І цудоўнай фінальнай кропкай канцэрта стала песня-пажаданне “Сто гадоў” у выкананні Сяргея і Аксаны Сяўко.

Пра ўсё гэта я “пісала” ў думках, калі рыхтавалася рабіць перад вамі, шаноўныя чытачы, справаздачу аб выніках конкурсу “Народны артыст Астравеччыны”. Але “лыжка дзёгцю” спасавала цэлую “бочку мёду”…

…Канцэрт адбыўся ў пятніцу – а ўжо ў суботу ў інтэрнэце разгарэўся скандал з-за таго, што пераможцам конкурсу па выніках галасавання на сайце газеты быў прызнаны зусім не той чалавек, які ім фактычна стаў. У адрас рэдакцыі “Астравецкай праўды” і мяне, як яе галоўнага рэдактара, пасыпаліся абразы і зневажэнні – маўляў, падтасавалі галасы. Вядома, скрыншоты, якія змяшчаліся ў каментарыях разгневаных прыхільнікаў Валерыі Бей, доказам праўдзівасці іх слоў не з’яўляюцца, бо любы скрыншот (фота з экрана камп’ютара) можна вельмі лёгка падрабіць, для гэтага не трэба быць знаўцам камп’ютарных тэхналогій. І ўсё ж рэдакцыя, для якой усе канкурсанты аднолькава родныя і дарагія, але даражэй за ўсё – добрае імя газеты, вырашыла пераправерыць усё яшчэ раз, звярнуўшыся за дапамогай да кампетэнтных у IT- тэхналогіях – і галоўнае незалежных – спецыялістаў.

“Спецыяльна навучаныя людзі” прыйшлі да дзвюх высноў. Першая: пасля 15 снежня, калі афіцыйна закончылася галасаванне, галасы ў канкурсантаў не дабаўляліся – нас абвінавачвалі, што галасаванне доўжылася яшчэ і 16, і 17, і нават 18 снежня.

А другая выснова, да якой прыйшлі спецыялісты, стала для калектыву рэдакцыі громам з яснага неба: так, сапраўды, нехта зайшоў на наш сайт і змяніў канчатковыя вынікі галасавання – хоць і па ходу яго высветліліся, скажам так, не самыя прыгожыя падрабязнасці, пра якія мы падазравалі, назіраючы, як на працягу некалькіх гадзін нехта з канкурсантаў набірае дзясяткі і нават сотні галасоў, – але не мелі магчымасці даказаць.

У выніку службовага расследавання “Астравецкай праўды” высветлілася, што фактычнай пераможцай конкурсу “Народны артыст Астравеччыны” па выніках галасавання на сайце “Астравецкай праўды” з’яўляецца Валерыя Бей, якая набрала найбольшую колькасць галасоў – 1088. У Арцёма Кавецкага – 832 галасы.

Сёння я ад імя рэдакцыі газеты “Астравецкая праўда” прыношу свае прабачэнні Валерыі Бей і ўсім, хто галасаваў за гэтую дзяўчынку і яе песню “Мы разам”. Дыплом пераможцы і каштоўны падарунак Валерыі будуць ўручаны ў бліжэйшыя дні.

Прыносім прабачэнні і ўсім нашым чытачам. Вы можаце верыць ці не, але заяўляю з усёй адказнасцю: ні я асабіста, ні супрацоўнікі рэдакцыі не маем дачынення да скажэння вынікаў галасавання.

Усім, каму падабаліся рэдакцыйныя конкурсы, якія пастаянна праводзіліся на старонках газеты і на нашым сайце, вымушаны паведаміць: тыя з іх, дзе пераможцы вызначаюцца з дапамогай інтэрнэт-галасавання, рэдакцыя праводзіць больш не мае намеру. Ва ўсякім выпадку да таго часу, пакуль у нас не будзе ўпэўненасці, што ніхто звонку не “ўлезе” ў наш сайт і падтасуе вынікі галасавання на сваю карысць...

Яшчэ раз прабачце. Спадзяюся, што гэты прыкры выпадак не перашкодзіць узаемнаму даверу і павазе газеты і яе чытачоў, якія фарміраваліся не адно дзесяцігоддзе.













Ніна РЫБІК, галоўны рэдактар газеты “Астравецкая праўда”.

Фота Юрыя ГОРЫДА.