Объявляем конкурс старых поздравительных открыток!

11:00 / 01.12.2014
Віншавальных паштовак да свят зараз амаль не пасылаюць – большасць абыходзіцца кароткімі СМС-камі, у лепшым выпадку – электроннымі пісьмамі і малюнкамі. А як радасна-святочна было некалі: адкрываеш паштовую скрынку напярэдадні Новага года – і адтуль вывальваецца цэлы стос яркіх, прыгожых, арыгінальных паштовак: з Дзедам Марозам і Снягуркай, са смешнымі зайчыкамі і вавёркамі, з зацярушанымі снегам ёлачкамі, з шампанскім і рознакаляровымі шарыкамі… А на адваротным баку – такі дарагі почырк: віншую… жадаю… з любоўю і павагай…

Напэўна, не ўсе з тых некалі атрымліваемых “стосаў” усё яшчэ захоўваюцца ў вашых сямейных архівах – хоць ведаем, што ёсць і тыя, у каго за доўгія гады жыцця не прапала ніводная паперка… Але самыя прыгожыя, дарагія, арыгінальныя віншавальныя паштоўкі, напэўна ж, ляжаць у запаветнай каробачцы ў кожнай сям’і – чакаюць таго часу, калі вы іх дастанеце, перачытаеце, узгадаеце… А можа, нават захочаце набраць напаўзабыты тэлефонны нумар ці адправіць паштоўку па амаль сцёртаму зваротнаму адрасу – калі, вядома, яшчэ ёсць каму тэлефанаваць і каго віншаваць…

Некаторыя з тых паштовак, што, спадзяемся, захоўваюцца ў вашых сямейных архівах, – сапраўдныя творы мастацтва. Дык давайце разам узгадаем колішнія цёплыя і шчырыя святы ды раскажам і пакажам нашым дзецям і ўнукам, як некалі віншавалі са святамі адзін аднаго родныя, сябры і знаёмыя. Дасылайце і прыносьце ў рэдакцыю старыя віншавальныя навагоднія паштоўкі – лепшыя з іх мы змесцім на старонках газеты.

Абяцаем, што арыгіналы затым абавязкова вернуцца да сваіх уладальнікаў – разам з рэдакцыйнымі прызамі.