В Островецкую школу искусств прибыли молодые специалисты

09:00 / 26.08.2014
Здаецца, яшчэ ўчора пасля школьных урокаў яны беглі ў музычную школу. Каб не парушыць сімфонію гукаў, якія даносіліся з розных пакояў, на дыбачках падыходзілі да дзвярэй, нясмела адчынялі іх… Гэтая баязлівасць знікала, як толькі пачыналіся заняткі. Сваімі тонкімі дзіцячымі пальчыкамі яны націскалі на клавішы – спрабавалі знайсці агульную мову з музычным інструментам. А дома гадзінамі навылёт ігралі адну і тую ж мелодыю: дабіваліся патрэбнага гучання. Каб толькі без фальшу! І гэтая гульня з музычным інструментам непрыкметна перарасла ў трывалае сяброўства.


…І вось яны зноў пераступілі парог дзіцячай школы мастацтваў, толькі цяпер прыйшлі сюды не вучыцца, а вучыць. “Педагагічна-музычная сям’я” сёлета папоўнілася адразу пяццю маладымі спецыялістамі. Гэта значыць, што сакрэты сяброўства з музычным інструментам будуць раскрываць новыя педагогі перад новымі вучнямі ў Астравецкай школе мастацтваў і яе філіялах.Маладыя

Усе дзяўчаты як на падбор: прыгожыя – вачэй не адвесці. Іграюць так, што заслухаешся. А вось як яны справяцца з роляй педагога, можна будзе ўбачыць на традыцыйных “Вясенніх сустрэчах”.

Маладыя спецыялісты, пакуль не пачаўся вучэбны год, рыхтуюцца да заняткаў: прадумваюць дэталі, састаўляць прыблізны план работы… Яны ведаюць (памятаюць!), што нават калі прыйшоў у музычную школу разам з мамай, вельмі страшна першы раз адкрыць дзверы і ўзяць у рукі музычны інструмент.

Марыю Зінкевіч, выкладчыцу па класе фартэпіяна, у музычную школу ў свой час ніхто за руку не цягнуў. Яна самастойна вырашыла, што будзе іграць на фартэпіяна і танцаваць. Бацькі ведалі: пачатую справу дачка абавязкова давядзе да канца. Дзяўчына скончыла музычнае і харэаграфічнае аддзяленні Варнянскай музыкальнай школы. І магія музыкі захапіла Марыю ў палон. Потым быў Лідскі дзяржаўны музычны каледж – пасля яго заканчэння дзяўчына вярнулася ў Варняны выкладаць ігру на фартэпіяна. Марыя ўпэўнена, што дзецям трэба прывіваць любоў да класічнай музыкі.


– Ведаю па сабе, што класіка складана ўспрымаецца. Раней я не ведала, што такое опера, зараз люблю паслухаць Бетховена, Рахманінава, Вердзі... Мне здаецца, што любоў да такой музыкі не з’яўляецца ў дзіцяці сама па сабе, яе трэба прывіваць, – разважае Маша. – Падчас вучобы мы праходзілі педагагічную практыку. Улічваючы гэты вопыт, думаю, што ў мяне ўсё атрымаецца


У Варнянскі філіял дзіцячай школы мастацтваў, акрамя Марыі, прыйшла працаваць педагогам па класе цымбалы Святлана Бразевіч, якая скончыла Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў. Зараз дзяўчына з усмешкай успамінае той час, калі ў музычную школу за руку яе прывяла мама. А вось за вучобай сачыў ужо тата. Свеце часам хацелася трымаць у руках не малаточкі, а лялек, іграць не на цымбалах, а гуляць з сяброўкамі. Заняткі ўсё ж прынеслі плён: з маленькай дзяўчынкі, у якой атрымліваліся толькі просценькія мелодыі, выйшаў педагог, пад кіраўніцтвам якога хтосьці іншы будзе вучыцца іграць на цымбалах.

Ролю педагога па класе цымбалаў Святлана Алілойць будзе выконваць менш за месяц: сёлета дзяўчына паступіла ў Інстытут культуры. Верыцца, што пасля павышэння ўласнай кваліфікацыі Святлана вернецца ў Астравецкую школу мастацтваў.

Вопыт выступленняў на сцэне ў лідчанкі Анастасіі Лянцэвіч вялікі. Камерны аркестр, у якім падчас вучобы дзяўчына іграла на скрыпцы, станавіўся пераможцам музычнага конкурсу ў Бельгіі. Насця таксама выступала дуэтам з сяброўкай, падпрацоўвала ў загсе… Дзяўчына ўпэўнена, што запалу, з якім яна прыехала ў Астравец, хопіць не на адно дзіця, а на сотню:


– Мне вельмі спадабаўся ваш горад, хоць я ніколі тут не была. Я люблю выступаць. Думаю, што таксама палюблю і выкладчыцкую дзейнасць. Я, напэўна, стану для вучняў педагогам-сябрам. На сваіх уроках буду дзеткам расказваць пра інструмент, паказваць відэафільмы аб сусветнавядомых музыкантах і сама іграць на скрыпцы.


Калі ў гэтых дзяўчат у сям’і ніхто не захапляўся музыкай, то ў Таццяны Сяўко, здаецца, і выбару не было – куды ісці і кім стаць. Яе бацькі – Сяргей і Аксана Сяўко – вядомыя ў раёне і многімі любімыя прафесійныя музыканты. Тут, як гавораць, сам Бог даў.


– Я хацела займацца ў музычнай школе, – успамінае Таня. – Аднак тата і мама мяне адгаворвалі. Напэўна, ведалі, што гэты хлеб – не з лёгкіх. Аднак я ўсё ж перамагла, праўда, з той умовай, што да канца адвучуся ў музычнай школе. А дзякуючы Алене Аляксандраўне Капыловай музыка стала маёй прафесіяй. Не верыцца, што я буду працаваць побач з ёю. Гэта вялікая адказнасць – прытрымлівацца зададзенай педагогамі планкі майстэрства.


На дзіва, Таццяна не вельмі любіць выступаць на сцэне. Дзяўчына з нецярпеннем чакае першага верасня, каб паспрабаваць сябе ў ролі педагога.


Маладым спецыялістам, якія толькі пачынаюць рабіць свае першыя крокі ў прафесію, мы задалі два пытанні:

1. Чаму менавіта цымбалы, скрыпка, фартэпіяна?

2. Якім будзе ваш першы ўрок?


Анастасія Лянцэвіч:


– Я хацела навучыцца іграць на фартэпіяна, але ў музычнай школе гэта было толькі дадатковай спецыялізацыяй. Таму аддала перавагу скрыпцы – у яе асаблівае гучанне. На першым уроку мы з дзеткамі будзем знаёміцца – адзін з адным і са скрыпкай.


Святлана Бразевіч:


– Я не выбірала інструмент, на якім буду іграць. Прапанавалі цымбалы, я згадзілася. Думаю, што асвоіла б фартэпіяна ці акардэон. Мне падабаецца тое, чым я займаюся. Думаю, гэтак жа спадабаюцца і дзеткі.


Марыя Зінкевіч:


– Я з дзяцінства хацела навучыцца іграць на скрыпцы або на фартэпіяна. У Варнянскай музыкальнай школе асаблівага выбару не было. Я думаю, што на першым уроку буду хвалявацца не менш за сваіх вучняў. Веру ў тое, што ён у мяне атрымаецца цікавым.


Таццяна Сяўко:


– Мама часта брала мяне з сабой на работу. Я дапамагала… Але не ёй, а Алене Аляксандраўне Капыловай: палівала кветкі і працірала цымбалы. Спачатку не магла вызначыцца, на якім інструменце хачу іграць. Гэта пытанне адпала, калі ўбачыла, як Алена Аляксандраўна «чаруе» над цымбаламі, і пачула іх гучанне. Менавіта гэта я і пакажу дзеткам на першым уроку. Магчыма, і яны, як і я некалі, палюбяць усёй душою гэтыя чароўныя гукі.


З 18 жніўня пачаўся набор у дзіцячую школу мастацтваў.


– Школа працуе ў чатырох асноўных накірунках: музычнае, якое падраздзяляецца на класы ў залежнасці ад абраных інструментаў – баян, акардэон, фартэпіяна, скрыпка, цымбалы, домра, труба, гітара; вакальнае – хор і індывідуальны вакал; мастацкае, яго навучэнцы вучацца маляваць, і харэаграфічнае, – расказвае дырэктар Астравецкай ДШМ Сяргей Лявонцьевіч Сяўко. – Звычайна мы праслухоўваем дзетак, пагэтаму падрыхтаваны верш або песня будуць дарэчы. Хочацца нагадаць бацькам дзяцей, якім ад трох да шасці гадоў, што ў нас таксама адкрыты эстэтычны клас. Як паказвае практыка, дзеці з задавальненнем ходзяць на такія заняткі: спяваюць, малююць і танцуюць.


Алена ГАНУЛІЧ