Закончились районные игры по мини-футболу

12:00 / 25.08.2014
Ну вось і завяршылася інтрыга, згаслі эмоцыі і расстаўлены ўсе кропкі над “і”. Сціхла пляцоўка каля сярэдняй школы №1: балельшчыкі больш не спяшаюцца пахварэць за любімую каманду, ды і самі ігракі перасталі жыць гульнёй. Завяршыўся чэмпіянат Астравецкага раёна па міні-футболе.


На працягу амаль месяца ўсе прыхільнікі Яго Вялікасці Футбола жылі гэтай гульнёй у раённым маштабе. Нагадаю, што пазмагацца за права звацца лепшымі футбалістамі рашыліся восем каманд: вядомыя па мінулых турнірах ФК “Меліяратар”, каманда Казіміра Бабіча (“ККБ”), СВК “Міхалішкі”, каманда раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і навічкі – зборная моладзі Астравеччыны “Юнацтва”, каманды БелАЭС, НІАЭП і каманда студэнтаў, якія прыехалі да нас на Усебеларускую маладзёжную будоўлю, – “Янкі”.

З самага пачатку турніру, напэўна, многія балельшчыкі “ставілі” менавіта на вядомыя каманды, якія ўжо зарэкамендавалі сябе ў розных спаборніцтвах і неаднойчы займалі прызавыя і пераможныя месцы. Такім чынам, фаварытамі для многіх былі менавіта астравецкі “Меліяратар” і міхалішкаўская “ККБ”. І яны не падводзілі балельшчыкаў: ужо ў першы дзень спаборніцтва каманды сустрэліся на полі і прадэманстравалі прыгожы і ўпарты футбол. Умоўную “пальму першынства” пасля першага тыдня спаборніцтваў захапіла “ККБ”. Астатнія каманды былі “цёмнымі конікамі” і для сапернікаў, і для суддзяў, і для балельшчыкаў. Пакуль… Пакуль не выйшлі на поле і не пачалі гуляць. Прыемным адкрыццём для многіх стала маладзёжная зборная “Юнацтва”. Дарэчы, большасць футбалістаў гэтай каманды ўваходзілі ў “залаты” склад каманды хакеістаў пад кіраўніцтвам Яўгена Яфімава, якая пакарыла не толькі раённыя, але і абласныя вяршыні. Аказваецца, рабяты валодаюць мячом не горш, чым клюшкай. Праводзячы паспяховыя матчы і дэманструючы добрую тэхніку і ўменне гуляць камандай, “Юнацтва” набірала ўсё больш ачкоў і ў канцы першага круга заняла ўпэўненую трэцюю пазіцыю, толькі на адно ачко адстаўшы ад “Меліяратара”.

Такім чынам, у пачатку другога круга вызначыліся тры фаварыты: “ККБ”, “Меліяратар” і “Юнацтва”. Адчуўшы смак гульні і блізасць перамогі, “Юнацтва” набірала ўсё больш ачкоў, пакінуўшы неўзабаве за сабой і вопытную астравецкую каманду. І за тры дні да заканчэння турніру заставалася толькі адно пытанне: хто – “Юнацтва” ці “ККБ”? Лідарства міхалішкаўцаў вісела “на валаску”, а моладзь Астравеччыны была літаральна ў паўкроку ад чэмпіёнства. Шансы ў абедзвюх каманд былі роўнымі. Усё залежала ад вынікаў аднаго-двух матчаў і розніцы забітых і прапушчаных галоў. Балельшчыкі былі ў лёгкай разгубленасці і цікавай напружанасці – вось гэта футбол!

Усё вырашылася ў перадапошнія дні турніру. У панядзелак “ККБ” выйграла ў РАНС і СВК “Міхалішкі”. А “Юнацтва” на наступны дзень згуляла ўнічыю з БелАЭС. Такім чынам, моладзі толькі крыху не хапіла да перамогі.

Апошні дзень спаборніцтваў расставіў акцэнты ў тым, што ўжо было вядома. Неўзабаве былі сыграны ўсе матчы і надышла чарга ўзнагароджвання. Але перш чым на- зваць тройку лепшых, галоўны суддзя турніру Вадзім Лебядзевіч падзяліўся сваімі ўражаннямі ад гульняў:


– Спачатку хачу падзякаваць усім камандам за неверагодна захапляючую і непрадказальную гульню. Дарэчы, вы бачылі ўсё самі – больш таго, прымалі ў гэтым удзел. Прымусілі каманды панервавацца і сапернікаў, і балельшчыкаў. Інтрыгу трымалі да фіналу. Я лічу, што турнір прайшоў на дастойным узроўні. Думаецца, па відовішчнасці,непрадказальнасці і напружанасці матчаў наш раённы чэмпіянат не саступаў нават чэмпіянату свету, які нядаўна прайшоў у Бразіліі. Падчас спаборніцтва было сыграна 56 матчаў, забіта 309 галоў. Малайцы рабяты з “Юнацтва” – змагаліся да апошняга. Прыемна здзівіла каманда БелАЭС – цікавыя матчы, прага да перамогі, зладжаная гульня. Словам, усе каманды заслугоўваюць павагі. Прыемна, што сёлета амаль усе каманды, як і належыць у футболе, выступалі ў аднолькавай форме.


У выніку трэцяе месца ў раённым чэмпіянаце па міні-футболе заняла каманда “Меліяратар”. Сярэбранымі прызёрамі сталі рабяты з “Юнацтва”. Чэмпіёнам Астравецкага раёна стала каманда “ККБ”. Каманды-прызёры атрымалі ганаровыя дыпломы і грашовыя прэміі. Акрамя гэтага, чэмпіёны былі ўзнагароджаныспецыяльным кубкам пераможцаў.


– Што адчуваю пасля перамогі? – перапытваецца трэнер каманды “ККБ” Казімір Бабіч. – Вялікую радасць і гонар за сваіх рабят. Матчы атрымаліся сапраўды цікавымі, а гульня – напружанай і непрадказальнай. Ва ўсім гэтым і заключаецца футбол! Хачу адзначыць сваіх ігракоў Яўгена Тышко, які забіў больш за 30 галоў, і Віталя Ушакевіча – лепшага абаронцу. Наогул, усе рабяты – малайцы! Сярод іншых вельмі спадабалася, як гулялі каманды БелАЭС і РАНС. Цікавая тэхніка, гульнявыя якасці, імкненне да выйгрышу – усё гэта заслугоўвае павагі, у іх ёсць чаму павучыцца. За маральную і матэрыяльную дапамогу хачу падзякаваць старшыні Міхалішкаўскага сельсавета Віталію Івашкевічу, а таксама ўсім нашым балельшчыкам.


– Дарэчы, мая каманда трэці раз становіцца чэмпіёнамі раёна, – адзначае Казімір Леанардавіч. – І на гэтым я стаўлю кропку! Гуляць больш не буду. Зараз планую заняцца трэнерскай работай і рыхтаваць будучых юных чэмпіёнаў па футболе.


Напрыканцы я задаю ўсёй камандзе-пераможцы правакацыйнае пытанне:


– Навошта вам усё гэта патрэбна: трэніроўкі, гульні, няблізкія паездкі, наогул футбол?


Футбалісты задумваюцца, а да нас падыходзіць Віталій Івашкевіч і дае найлепшы адказ:


– Ды проста яны – хворыя людзі! Ды і я – таксама. Хворыя футболам. А гэты дыягназ – невылечны!


Марына МАЦКЕВІЧ.