Прошла презентация книги Инессы Богдевич

18:00 / 23.08.2014
У цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя паэтычнага зборніка сябра Саюза беларускіх пісьменікаў Інесы Багдзевіч “Фенікс”. На творчую сустрэчу сабраліся заўсёднікі ветэранскага клуба “Актыўнае даўгалецце” і іншыя аматары творчасці нашай зямлячкі.


Падзея чаканая – пра выхад кніжкі ў свет незадоўга перад тым паведаміла раённая газета. Ды і аўтарку прадстаўляць не трэба: яна нарадзілася і вырасла, зрабіла першыя крокі на працоўным шляху ў Астраўцы. Тут жа і праявіўся яе журналісцкі, пісьменніцкі і паэтычны талент. Многія цяперашнія бабулі, напэўна ж, чыталі і чытаюць сваім унукам цудоўныя, дасціпныя, павучальныя казкі з “Куфэрка бабці Ганці” – першай кнігі Інесы Віктараўны 2005 года выдання, у якой пісьменніца сабрала казкі і паданні свайго дзяцінства, што пачула ад любімай бабулі. Казкі, якіх не пачуеш па-за межамі Астравеччыны, яны, так бы мовіць, эксклюзіўныя.

Другая кніжка “На кухні ў Рэгіны Магдалены” ўбачыла свет у 2009 годзе. Прызнаюся шчыра: яна і мне, чалавеку з немалым жыццёвым вопытам, дала добрую спажыву для роздумаў.

А яшчэ прызнаюся, што ўжо тады ведала пра “нованароджаны” зборнік паэзіі Інесы Багдзевіч – цудоўны, высокадухоўны, глыбока філасофскі. І з нецярпеннем чакала моманту, калі буду трымаць запаветную кніжачку ў руках. Збылося!

Гэтая тоненькая кніжачка ў простай аранжавай вокладцы насамрэч унікальная. Гэта не зборнік вершаў, а хутчэй паэма, з’яднаная адной думкай-сэрцавінай. Гэта гімн адраджэнню чалавечай душы з попелу заняпаду, вызваленню з палону цёмных сіл. І назва сімвалічная – “Фенікс”!

Няма патрэбы разважаць аб усіх вартасцях кнігі – яе, напэўна, ужо прачыталі ўсе, хто хацеў. І натхніўся той духоўнай сілай, якая ад яе зыходзіць. Лепш разам з аўтарам скажам вялікі дзякуй усім, хто прыдачыніўся да выдання зборніка сваёй мецэнацкай, спонсарскай дапамогай: літаратураведу і пісьменніку Вячаславу Антонавічу Чамярыцкаму, калектыву і дырэктару вытворчага ўпраўлення “Астравецрайгаз” Марыі Нікадзімаўне Ігнатовіч, дырэктару СШ №1 Марыне Мар’янаўне Кутовіч, сяброўцы Ганне Мечыславаўне Капцюг і яшчэ аднаму шчыраму прыхільніку творчасці паэтэсы, які пажадаў застацца інкогніта. І, вядома ж, маці Марыі Іванаўне Дземяшкевіч. Яе шчырая вера ў талент дачкі, моцная маральная падтрымка ў складаныя моманты давалі сілы… Аўтар дзякуе гэтым шчодрым і шчырым людзям у кароткай прадмове да сваёй кнігі.

Усім хацелася з “першых вуснаў” пачуць, як пісаліся вершы, што абуджала натхненне і дапамагала ўвасобіцца ў цудоўныя, шчырыя, часам балючыя радкі. Інеса Віктараўна ахвотна “прыадчыніла дзверы” ў сваю пісьменніцкую кухню, наблізіла да таямніц творчага працэсу. І адной фразай сказала галоўнае: “Няхай мая кніжка памагае тым, каму некалі стане цяжка”. Дзякуй вам, Інеса Віктараўна!

Вядучая Данута Францаўна Чарнушэвіч трапна назвала імпрэзу хрэсьбінамі нованароджанай кнігі, калі прынята выказваць пажаданні і дарыць падарункі. Найбольш пранікнёныя словы сказала, вядома, мама паэтэсы, Марыя Іванаўна. Хто лепш за яе, настаўніцу роднай мовы і літаратуры, ведае, якой работы душы патрабуе сапраўдная творчасць?..

Шмат цёплых зычэнняў пісьменніцы і паэтцы, а ў мінулым – і калезе-супрацоўніцы, якая пачынала свой журналісцкі і пісьменніцкі шлях у “Астравецкай праўдзе”, сказала галоўны рэдактар газеты Ніна Аляксееўна Рыбік.

Перад пачаткам Інеса Віктараўна папрасіла не ператвараць імпрэзу ў бенефіс, а кожнаму з выступаючых паказаць і нешта сваё – прачытаць уласны верш, выканаць песню… Так і зрабіла Людміла Іванаўна Кухарэвіч. А самадзейны кампазітар Аляксандр Аркадзьевіч Якіменка прапанаваў запіс песні на словы Інесы Багдзевіч ”Чорны замак Гальшанскі”. А яшчэ ёсць і спяваюцца іншыя – “Згубленае каханне”, “Рэчанька”, якія натхнёна выконвае народных хор “Польскае рэха Астраўца”.

Свае віншаванні выказалі практычна ўсе прысутныя – хто на імпрэзе, хто – асабіста, атрымліваючы аўтограф. І гэта сведчыць аб шчырай цікавасці да кнігі, прыхільнасці да аўтара. А яшчэ – аб тым, што цудоўнаму паэтычнаму зборніку “Фенікс” наканавана шырокае прызнанне землякоў, што яго кранальныя вобразы стануць блізкімі і зразумелымі многім людзям.


Таіса СЯМЁНАВА.