Интересно отдыхают школьники в лагере "Вясёлка"

15:00 / 23.08.2014
Цікава, насычана і карысна праводзяць свой час рабяты ў летніку “Вясёлка”. Каб яшчэ больш разнастаіць іх будні, у госці да дзяцей завіталі педагогі Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.


У той дзень жыхароў “Вясёлкі” чакала шмат цікавага. Спачатку яны пазнаёміліся з педагогамі, а затым спецыяльная жараб’ёўка падзяліла рабят на некалькі груп. Кожная з іх адправілася на майстар-класы, якія праводзілі выкладчыкі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Чаго тут толькі не было?! Выяўленчае мастацтва, папяровая пластыка, нэйл-арт і бодзі-арт… Дзеці з радасцю малявалі летні пейзаж з дапамогай не пэндзляў, а сваіх пальчыкаў – кожны з захапленнем пакідаў на малюнку свой адбітак. А затым яны навучыліся рабіць прыгожых божых каровак са звычайнай паперы.

Аднак на гэтым вясёлая праграма не закончылася – наперадзе рабят чакала цікавая гульня “Цырк паехаў, а мы засталіся”: летнік наведалі сапраўдныя клоўны, ад якіх усе дзеці былі ў захапленні. Разам з імі рабяты вучыліся рабіць розныя фігуры з паветраных шароў, адгадвалі загадкі. Але больш за ўсё вясёлкаўцам спадабаўся танцавальны конкурс – дружная танцавальная хваля ахапіла ўсю залу. Да радасці дзяцей, не абышлося без прызоў.

Словам, свята ў “Вясёлцы” ўдалося. Радасць, задавальненне і смех дзяцей – гэтаму прамое пацвярджэнне.


Вікторыя Лазарава