В Островецком районе чествовали молодых специалистов

15:00 / 13.01.2014
Некалькі месяцаў назад яны змянілі свой статус, дзейнасць і наогул жыццё. Учарашнія летуценнасць і бесклапотнасць саступілі месца адказнасці, самастойнасці і ўменню адказваць за свае ўчынкі. Яны на справе дэманструюць свае ўменні і навыкі. Традыцыйна вось ужо на працягу некалькіх гадоў на Астравеччыне віншуюць і ўшаноўваюць маладых спецыялістаў, якія прыехалі на работу ў наш раён. Як пераемнікаў, як будучыню і надзею.Напярэдадні Новага года таксама адбылося такое ўрачыстае мерапрыемства.

Незалежна ад таго, як у далейшым будуць развівацца падзеі і складуцца абставіны, першае месца працы запамінаецца назаўсёды. Першыя спробы і перажыванні, поспехі і памылкі, радасць і адчай. Гэта ўжо пасля назапашваецца каштоўны вопыт і выпрацоўваецца прафесійны імунітэт супраць цяжкасцей. Спачатку ж кожны крок, кожнае рашэнне даюцца вельмі няпроста. Менавіта для таго, каб падтрымаць, дапамагчы, а разам і пазнаёміцца з маладым папаўненнем працоўных калектываў Астравеччыны, узнікла ў 2005 годзе добрая традыцыя ўрачыстага ўшаноўвання маладых спецыялістаў.
Сёлета на прадпрыемствы, ва ўстановы і арганізацыі Астравецкага раёна былі накіраваны 137 чалавек, прыбыў на месца размеркавання 121 чалавек маладога папаўнення. Сярод іх – 58 маладых спецыялістаў сацыяльнай сферы, 32 – сельскай гаспадаркі і 31 – работнікі іншых арганізацый раёна. І 30 снежня з раніцы іх чакалі ў кінаканцэртнай зале “Астравец” для рэгістрацыі і ўручэння памятных падарункаў.
Спачатку маладых спецыялістаў прывітаў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла.
Пасля яны былі запрошаны ў інфармацыйны цэнтр дырэкцыі будаўніцтва атамнай электрастанцыі, дзе маладое папаўненне сустрэў кіраўнік групы па інфармацыйнай рабоце Эдуард Іванавіч Свірыд. Тут таксама прысутнічалі і былі гатовы адказаць на ўсе цікавячыя моладзь пытанні старшыня Савета дэпутатаў Валерый Вацлававіч Барташэвіч, намеснік старшыні райвыканкама Віктар Мікалаевіч Аксютчык, першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Валянцін Часлававіч Далговіч.
Шчырымі словамі маладую змену ў інфармацыйным цэнтры прывітаў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька. Сенатар увогуле надае вялікую ўвагу маладзёжнай палітыцы і развіццю раёна. Падчас выступлення Адам Дзмітрыевіч успомніў, што літаральна некалькі гадоў назад на Астравеччыну прыязджала крыху больш за 50 маладых спецыялістаў – наш раён лічыўся неперспектыўным. Аднак з таго часу ўсё кардынальна змянілася. Апошнія гады колькасць новых прыбыўшых маладых працаўнікоў упэўнена пераваліла за сто і з кожным годам павялічваецца. На тэрыторыі нашага раёна будуецца першая Беларуская АЭС. Жыццё не стаіць на месцы, развіццё раёна – таксама. Развіваюцца прамысловасць, сельская гаспадарка, інфраструктура раёна. На месцы былых пустыроў растуць дамы, будуецца новы дзіцячы садок, школа. А колькі яшчэ прыемных і карысных змяненняў чакае астраўчан у будучыні! І менавіта для маладых спецыялістаў тут – неабсяжная прастора для дзейнасці і творчасці. Адам Дзмітрыевіч выказаў спадзяванне, што многія з маладых па годнасці ацэняць Астравеччыну і, як і ён сам калісьці, застануцца працаваць тут, і пусцяць у астравецкую зямлю свае карані.
Пра бяспеку будучай Беларускай АЭС прысутным расказаў Эдуард Іванавіч Свірыд. Пасля гэтага маладыя людзі паехалі непасрэдна знаёміцца з Астравеччынай. І першае, што яны наведалі, – новыя мікрараёны №1 і №2. Хто ведае, можа, у будучыні хтосьці з іх будзе жыць менавіта тут.
Наступным прыпынкам быў Гервяцкі фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Падкачаць мускулы і прэс, пагуляць у валейбол, баскетбол, футбол ці проста “размяцца” – усё гэта ў любую пару года можна зрабіць менавіта тут.
Быць у Гервятах і не наведаць непараўнальную жамчужыну Астравеччыны, ды і Беларусі наогул, касцёл святой Тройцы, – гэта недапушчальна. І кожны раз святыня адкрываецца людзям па-новаму, падаецца з іншага ракурсу, аказвае неімаверна моцнае і непаўторнае ўражанне. Не было межаў захапленню і ў маладых спецыялістаў. І толькі вочы, у якіх наперабой змяняліся здзіўленне і радасць, маглі перадаць іх узрушанасць. Не паспелі госці адысці ад велічнасці касцёла, як моладзь сустрэў і правёў для іх невялічкую экскурсію па дэндрапарку вакол касцёла, а таксама ўнутры святыні ксёндз Леанід Нясцюк. Яго спакойны і зачароўваючы голас, прыгажосць раслін,
магутнасць каваных варот і рознакаляровая вясёлка аконных вітражоў зрабілі на моладзь казачнае ўражанне.
А канчаткова пакарылі маладых спецыялістаў трывожна-ўзнёслыя і пяшчотна-мілыя гукі аргана і непараўнальны голас Андрэя Міхневіча, ад якога аж мароз прайшоў па скуры і ў незразумелым хваляванні дрыжэла нешта ўсярэдзіне.
Пасля наведвання Гервят сярод маладых спецыялістаў панаваў лёгкі хаос. Хтосьці ўзрушана наперабой дзяліўся ўражаннямі і эмоцыямі, нехта абменьваўся думкамі наконт велічнай архітэктуры касцёла і параўноўваў яго з іншымі сусветнымі помнікамі, а некаторыя моўчкі глядзелі ў акно. Але адчувалася, што за знешнім іх спакоем хавалася сапраўдная бура перажыванняў, а думкі зноў і зноў вярталіся пад хоры касцёла, дзе панавалі чароўныя гукі аргана.
А ў Астраўцы іх зноў чакаў сюрпрыз. Бо ў рэстаране “Вясёлка” маладых спецыялістаў сустрэлі навагоднія героі – Дзед Мароз, Снягурачка і Баба Яга, якім дапамагалі не менш энергічныя работнікі Варонскага сельскага Дома культуры. Усёй няўрымслівай кампаніяй яны забаўлялі гасцей прыгожымі песнямі, вясёлымі танцамі і цікавымі конкурсамі.
І ў выніку падаравалі ўсім сапраўднае свята.


Марына МАЦКЕВІЧ