Островецкий район посетила делегация из России

18:00 / 09.10.2013
2
На працягу двух дзён у Астраўцы гасціла дэлегацыя з горада-пабраціма Астраўца Сасновы Бор Ленінградскай вобласці. У склад яе ўвайшлі прадстаўнікі адукацыі, куль-туры і сферы сацыяльнай абароны. Узначалілі дэлегацыю прэзідэнт спецыяльнага фонду расійска-беларускага супрацоўніцтва “Белыя Росы” Ірына Ігараўна Рогава,намеснік кіраўніка адміністрацыі муніцыпальнага ўтварэння горада Сасновы Бор Андрэй Валянцінавіч Калюжны і старшыня Камітэта адукацыі Марына Генадзьеўна Механошына. За два дні прадстаўнікі Сасноваборскай гарадской акругі пазнаёміліся з аб’ектамі адукацыі, культуры і сацыяльнай абароны нашага раёна, паглядзелі, як арганізавана навучанне і выхаванне ў школах, а таксама наведалі знакамітыя мясціны Астравеччыны.

У гімназіі №1 г. Астраўца гасцей сустракалі хлебам-соллю намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла, начальнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталля Іосіфаўна Станкевіч, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сяргей Лявонцьевіч Сяўко, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароны Святлана Мікалаеўна Іванова і дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віктар Іосіфавіч Ждановіч. Знаёмства з гімназіяй пачалося ў фае школы – з дапамогай мультымедыйнай прэзентацыі яе дырэктар Ірына Антонаўна Лях расказала прысутным аб арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэса, пра дасягненні гімназістаў, аб рамонце школы гаспадарчым спосабам. У гасцей была магчымасць наведаць вучэбныя кабінеты, сталовую, спартыўную залу і школьны музей, які выклікаў непадробны інтарэс – расіяне амаль адзінагалосна рашылі слухаць расповед экскурсаводаў на беларускай мове.
У актавай зале гімназіі прайшла і віртуальная экскурсія-знаёмства з Астравецкім раёнам. Віктар Збігневіч Свіла коратка ахарактарызаваў асаблівасці нашага краю і пазнаёміў са знакамітымі мясцінамі і людзьмі, дзякуючы якім наш раён вядомы далёка за межамі рэспублікамі. Пасля госці разбіліся на дзве групы. Педагогі засталіся ў актавай зале гімназіі, а “культурныя “ работнікі і прадстаўнікі сацыяльнай абароны адправіліся знаёміцца з аб’ектамі сваіх галін. Дырэктарам школ і загадчыкам дашкольных устаноў, якія засталіся ў актавай зале гімназіі, прапанавалі пазнаёміцца з развіццём сістэмы адукацыі ў нашым раёне. Тут жа астравецкія педагогі прэзентавалі вопыт работы па розных накірунках. Знаёмства з раённай сістэмай адукацыі пачалося з выступлення начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталлі Іосіфаўны Станкевіч. У сваім выступленні, якое суправаджалася мультымедыйнай прэзентацыяй, Наталля Іосіфаўна расказала пра кадравы патэнцыял педагогаў, пра развіццё дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай і дадатковай адукацыі. Слова было таксама прадастаўлена педагогам з розных устаноў, якія падзяліліся сваім вопытам работы. Намеснік загадчыцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №1 г. Астраўца Галіна Андрэеўна Восарава расказала пра ўзаемадзеянні сям’і і дашкольнай установы па прыцягненні дашкольнікаў да культуры эканоміі – менавіта гэты праект быў распрацаваны супрацоўнікамі цэнтра.
Пацвярджэннем прафесійнага вопыту настаўніцы пачатковых класаў гімназіі №1 Таццяны Валянцінаўны Казак з’яўляюцца яе вучні. Кожны з іх не раз станавіўся пераможцам шматлікіх гімназічных і раённых конкурсаў. Адбывалася ўсё гэта дзякуючы таму, што настаўніца не толькі дае дзецям веды па прадметах, але і прафесійна расце і развіваецца сама. Таццяна Валянцінаўна актыўна займаецца выдавецкай дзейнасцю: яна выдала шэсць метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў і бацькоў. У мінулым годзе ў Гудагайскай школе быў адкрыты ваенна-патрыятычны клас. Сёння такіх класаў тут ужо два. А з бягучага года пры падтрымцы аддзела ўнутраных спраў адкрыўся яшчэ і міліцэйскі клас. Школа таксама актыўна супрацоўнічае з лясгасам і сельгаскааператывам, развівае музейную і даследчую дзейнасць. Усё гэта садзейнічае грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню вучняў, якое сёння так важна. Менавіта пра гэтыя накірункі дзейнасці і расказала ў сваім выступленні Ганна Мечыславаўна Капцюг. Але галоўным дасягненнем у сістэме адукацыі Астравецкага раёна стала прысуджэнне ганаровага звання “Брэнд года” раённаму цэнтру творчасці дзяцей і моладзі. І відэафільм, які прадэманстраваў поспехі і дасягненні гэтай установы, толькі пацвердзіў годную адзнаку работы яго супрацоўнікаў. Тэарэтычная частка знаёмства з сістэмай адукацыі нашага раёна закончылася невялікім канцэртам, падрыхтаваным педагогамі і выхаванцамі гімназіі №1 і цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. А потым госці з Сасновага Бору адправіліся ў падарожжа па Астравецкім раёне.
Першым пунктам экскурсійнай праграмы стала наведванне касцёла Святога Арханёла ў вёсцы Міхалішкі. Незабыўныя ўражанні пакінула і Міхалішкаўская сярэдняя школа. Чысціня памяшканняў і ўтульнасць класных пакояў, кадравы патэнцыял настаўнікаў, добрая матэрыяльна-тэхнічная база школы – усё гэта ў пэўнай ступені выклікала зайздрасць расійскіх гасцей. А калі на сцэну падняліся “Міхалінкі” – дзіцячы ўзорны фальклорны ансамбль, – у зале запанавала мёртвая цішыня. І толькі гарачыя апладысменты раздаваліся ў знак удзячнасці.
Першы дзень сустрэчы закончыўся пешаходнай экскурсіяй па Астраўцы, якую правяла загадчыца раённай бібліятэкі Наталля Уладзіміраўна Ачарэтава. Госці былі нямала ўражаны прыгажосцю і ўтульнасцю нашага невялікага гарадка і з задавальненнем рабілі фотаздымкі.
Субота пачалася з наведвання мерапрыемстваў, якія праводзіліся ў рамках шостага школьнага дня. Такога паняцця ў расійскіх школах не існуе, і госці зацікавіліся магчымасцю ўкаранення некаторых з іх у сваіх школах.
Першай установай, якую наведалі расіяне, стала Гудагайская СШ. Госці былі ўражаны добраўпарадкаваннем школьнай тэрыторыі. Нават першы марозчык, які пасерабрыў наваколле напярэдадні, не змог загубіць старанні настаўнікаў і вучняў – рознакаляровыя клумбы і горкі радавалі вока. А ў фае школы гасцей з Сасновага Бору сустракалі яе дырэктар Ганна Мечыславаўна Капцюг і намеснік дырэктара Ірына Мікалаеўна Жалток. Мерапрыемствы ў школе толькі пачыналіся, таму расійскія педагогі маглі самі стаць іх актыўнымі ўдзельнікамі. Спартыўныя спаборніцтвы “Мама, тата, я – спартыўная сям’я”, пасяджэнне клуба “Вера. Надзея. Любоў”, актыўным удзельнікам якога з’яўляюцца не толькі вучні, іх бацькі і педагогі, але і айцец Георгій, настаяцель праваслаўнай царквы Святых апосталаў Пятра і Паўла, фестываль народнай песні, падчас якога расіяне таксама падняліся на сцэну і выканалі некалькі песень, сяброўская сустрэча па баскетболу сярод старшакласнікаў, супрацоўнікаў аддзела ўнутраных спраў і ваеннаслужачых-пагранічнікаў, наведванне заняткаў гурткоў “Чароўная пацерка” і “Легкаатлетычная гімнастыка” і шэраг іншых цікавых мерапрыемстваў наведалі расійскія педагогі.
– Такую форму арганізацыі выхаваўчай работы можна прымяніць і ў нашых школах. Хаця б адзін раз у чвэрць паспрабуем таксама арганізоўваць такія дні. Мы былі прыемна здзіўлены тым, што ў вас так беражліва перадаецца народная спадчына, што вялікая ўвага надаецца духоўнаму выхаванню дзяцей, –падзялілася сваімі думкамі пасля наведвання Гудагайскай школы старшыня Камітэта адукацыі Сасноваборскай гарадской акругі Марына Генадзьеўна Механошына. – У нас, на жаль, пакуль такога няма. А вось спартыўныя мерапрыемствы мы таксама арганізоўваем. Але адна справа прыйсці і паўдзельнічаць у мерапрыемствах у вольны ад вучобы дзень і зусім іншая – адпрацаваць шэсць урокаў і на сёмы ўрок застацца на выхаваўчае мерапрыемства. Жадаючых будзе няшмат.
Далейшы маршрут пралягаў праз Малі, дзе госці пазнаёміліся з новай установай адукацыі – дзіцячым садам-пачатковай школай. А паколькі ў саставе дэлегацыі было 9 загадчыкаў дзіцячых садкоў, то гэты пункт праграмы таксама выклікаў цікавасць. Тут расіяне наведалі шэраг выхаваўчых мерапрыемстваў, прысвечаных астравецкай зямлі, і з радасцю прынялі ўдзел у некаторых з іх.
У Варнянскай школе ў гэты дзень праходзіла некалькі майстар-класаў па розных накірунках выхаваўчай работы. Асаблівую зацікаўленасць расіян выклікалі заняткі па танцах. Госці з задавальненнем далучыліся да групы школьнікаў і кінуліся ў скокі. Надоўга запомніцца расійскім педагогам і наведван- не школьнага музея, і цікавы аповед школьнікаў пра гаспадарчыя прылады, якімі карысталіся нашы продкі, і дэгустацыя сыру, зробленага кіраўніком школьнага музея па старадаўнім рэцэпце.
– У Астравецкім раёне я была не адзін раз. І многае ведаю аб ім. Але на гэты раз я адкрыла Астравеччыну і вашых людзей з іншага боку, і вельмі задаволена, што яшчэ раз прыехала сюды, – сказала прэзідэнт спецыяльнагафонду расійска-беларускага супрацоўніцтва “Белыя Росы” Ірына Ігараўна Рогава.
У Гервяцкую школу дэлегацыя прыбыла у другой гадзіне дня. Да гэтага часу ўсе школьныя мерапрыемствы, запланаваныя на суботні дзень, закончыліся – затое гасцей чакала яркая і запамінальная справаздача аб праведзеным дні. Тут былі і фотаздымкі, і калажы, і графікі, і табліцы, на якіх адлюстроўвалася ўся неабходная інфармацыя.
А якія ўражанні выклікаў касцёл святой Тройцы ў Гервятах! А канцэрт арганнай музыкі! Той, хто хоць раз наведаў гэтае святое месца і паслухаў арган, не забудзе гэтую падзею да канца свайго жыцця!
Наступным месцам прыпынку стаў Літоўскі Цэнтр культуры, адукацыі і інфармацыі. Госці з Сасновага Бору былі здзіўлены ўжо тым, што пад адным дахам тут месцяцца дзве школы, тым больш што ў адной з іх усе прадметы выкладаюцца на літоўскай мове. Станоўчыя ўражанні выклікала наведванне бібліятэкі і музея.
Закончылася экскурсійная праграма знаёмства з Астравеччынай наведваннем дабрачыннага спектакля “Калядны вечар”, які прайшоў у Доме культуры ў Рымдзюнах. Госці прыехалі крыху раней прызначанага часу да пачатку спектакля заставалася амаль гадзіна – да таго ж п’еса – на беларускай мове. Але гэта ніколькі не збянтэжыла расіян – яны вырашылі пачакаць. І, як потым высветлілася, ніколькі не пашкадавалі аб прынятым рашэнні.
Спектакль, зрэшты, як і заўсёды, – не пакінуў у зале ні аднаго раўнадушнага чалавека. І нягледзячы на тое, што ішоў ён на беларускай мове, усё ўсім было зразумела. І гэтак жа слёзы цяклі па твары, і гэтак жа доўга апладзіравалі і дзякавалі самадзейным акцёрам расійскія педагогі.
Мне вельмі спадабалася адкрытасць і шчырасць беларускіх людзей,– падзяліўся ўражаннямі ад сустрэчы намеснік главы адміністрацыі Сасноваборскай гарадской акругі Андрэй Валянцінавіч Калюжны. – З такім добрым настроем можна перавярнуць горы. Цудоўныя людзі, прыгожыя мясціны. Гервяцкі касцёл – гэта ўвогуле нешта незямное. Уразілі і наведаныя ўстановы адукацыі – у кожнай з іх ёсць жыццё. І гэта проста цудоўна. А спектакль! Мне было прасцей: мая жонка беларуска, і таму беларускую мову я чуў не раз.Многія ж з нашай дэлегацыі ніколі раней ні чулі ні аднаго беларускага слова – але ўсім усё было зразумела. Усхвалявала і тое, што самадзейныя акцёры змаглі так перадаць жыццёвыя трагедыі, што слёзы наварочваліся на вочы. Увогуле, усё было вельмі добра, а многае з убачанага за гэтыя два дні мы абавязкова пастараемся ўкараніць у сваіх установах.


Візіт расійскіх калег завяршыўся. У хуткім часе астравецкія педагогі адправяцца з візітам у Расію, каб бліжэй пазнаёміцца з развіццём сістэмы адукацыі суседняй краіны.


Алена ЯРАШЭВІЧ.