5 октября подразделение уголовного розыска отмечает 95-летие со дня образования

11:00 / 05.10.2013
Пра іх здымаюць кіно і серыялы. Назва гэтай прафесіі выклікае змешанае адчуванне небяспекі, адрэналіну і авантурызму. Адны іх пабойваюцца, другія хочуць быць падобнымі да іх, трэція абыходзяць бокам. У народзе іх завуць «операмі». І асноўная іх задача – шукаць злачынцаў. Напярэдадні прафесійнага свята мы завіталі ў раённы аддзел унутраных спраў, каб даведацца, чым займаюцца і як працуюць «оперы» Астравеччыны. Праўда, напачатку нас чакаў лёгкі «аблом». Яно і зразумела: заспець на месцы ўсіх супрацоўнікаў крымінальнага вышуку – задача амаль нерэальная. Адны выехалі на месца чарговага здарэння, другія – удакладняць і расследаваць нюансы іншай справы, трэція карпелі над стосам папер і абсалютна не рэагавалі на гасцей. Таму расказаць пра працоўныя будні астравецкіх операў і крымінальны вышук наогул мы папрасілі начальніка гэтага аддзялення Андрэя Францавіча Базюка.

– Зараз па тэлебачанні шмат кінафільмаў і серыялаў пра супрацоўнікаў крымінальнага вышуку. Аднак хочацца даведацца, чым жа на самой справе займаецца крымінальны вышук?


– Пачнём з таго, што кіно ўсё ж адрозніваецца ад рэальнасці. А тое, чым мы займаемся, можна прачытаць ужо ў назве нашага аддзялення – шукаем крымінальных асоб. Калі больш дакладна, то «оперы» займаюцца выяўленнем і пошукам асобы, якая здзейсніла тое ці іншае злачынства. Угналі, скажам, у кагосьці аўтамабіль – наша справа знайсці гэтага аматара чужога транспарту.


– Вы сказалі, што кіно адрозніваецца ад рэальнасці. Але зараз столькі фільмаў і серыялаў пра доблесных «операў», што, магчыма, хтосьці з хлопчыкаў, назіраючы за дзеяннямі на экране, уяўляе сябе на іх месцы. Няўжо пасля таго, як запаветная мара ажыццявіцца, іх чакае расчараванне?


– Ну, я ж не сказаў, што работа ў крымінальным вышуку нецікавая і нудная. І юнак, які сапраўды хоча стаць операм, дакладна не расчаруецца. Проста ў кіно ўсё крыху перабольшана, пераважае вымысел, хоць ёсць і сапраўдныя факты. На тое ж яно і кіно, каб прыцягваць увагу гледачоў. Да слова, калі вас так цікавіць кіно: самыя першыя серыі самых першых «Ментоў» найбольш адпавядаюць сапраўднасці – там каля васьмідзясяці працэнтаўпраўды. Але ў кінематографе толькі невялікая частка нашай работы паказана. Астатняе застаецца за кадрам. Ну дзе вы бачылі, каб група аператыўнікаў займалася толькі адным расследаваннем? Адначасова вядуцца некалькі спраў, плюс праводзіцца праверка па фактах, па якіх крымінальныя справы не ўзбуджаны, але яны патрабуюць разбіральніцтва. Дадайце яшчэ афармленне рознай дакументацыі і іншую папяровую работу…
Аднак, нягледзячы на ўсё гэта, работа ў нас цікавая.


– Пакінем кіно ў спакоі і вернемся да рэчаіснасці. Што зараз уяўляе сабой крымінальны вышук Астравецкага РАУС?


– Падраздзяленне, дзе працуюць сем чалавек: я, два старшых оперупаўнаважаных – Андрэй Васільевіч Юшкевіч і Андрэй Пятровіч Рагавенка, оперупаўнаважаныя Валерый Збігневіч Бертэль, Валерый Станіслававіч Бабраўніцкі, Сяргей Міхайлавіч Зіма і Раман Іванавіч Врублеўскі. У кожнага з іх – свае абавязкі і лінія работы, за якую ён адказвае. Словам, калектыў, аб’яднаны адной задачай – выяўляць злачынцаў.
Дарэчы, крымінальны вышук – адно з аддзяленняў раённага аддзела ўнутраных спраў, якое поўнасцю ўкамплектавана і на цякучку кадраў мы, на шчасце, пакуль не скардзімся.


– Ад чаго залежыць станоўчы вынік крымінальнай справы і ад чаго – паспяховая работа крымінальнага вышуку?


– Раскрыццё любой справы і выяўленне злачынцы, канешне, залежыць ад многіх абставін: колькасці доказаў, своечасовай заявы пацярпеўшага, хітрасці вінаватага, выпадковасці і шанцавання, нарэшце… Але ў першую чаргу – ад прафесіяналізму і аператыўнай работы операў. А аддзяленне працуе добра, таму што сабралася зладжаная каманда, аб’яднаная адной мэтай, якая ведае, для чаго гэта робіць. У дадатак вельмі важная і падтрымка кіраўніцтва. На шчасце, тут нам скардзіцца няма на што. І з начальнікам РАУС Уладзімірам Іванавічам Квачом, і з яго першым намеснікам Мікалаем Яраслававічам Халецкім, які, дарэчы, таксама ўзначальваў крымінальны вышук і зараз курыруе гэты накірунак, у нас поўнае ўзаемаразуменне, супрацоўніцтва, узаемападтрымка, узаемадапамога і ўсведамленне, што робім адну справу.


– Якім павінен быць добры опер?


– Справядлівым, нягледзячы ні на што. Трэба аднолькава справядліва адносіцца і да пацярпеўшага, і да абвінавачваемага. Не ілжывым. І добрасумленна выконваць свае абавязкі.


– А вы самі чаму пайшлі ў крымінальны вышук?


– Я? (Задумваецца) Таму што гэта цікава. Пачаўшы справу, хочацца абавязкова дайсці да канца, дакапацца да ісціны. Калі гэта ўдаецца, атрымліваеш сапраўдны “кайф” ад работы. І вельмі хочацца працаваць на вынік.


– Што пажадаеце калегам з нагоды прафесійнага свята?


– Нашым шаноўным ветэранам – моцнага здароўя, а сённяшнім “операм” – удачы, таксама здароўя, дабрабыту і ўзаемаразумення ў сем’ях.


-------------------------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.