Как уберечь свой велосипед от кражи?

18:00 / 09.08.2013
З кожным годам усё больш грамадзян набываюць веласіпеды. На жаль, расце да двухколавага транспарту і крымінальны інтарэс. Бо веласіпед – каштоўны, неабходны і пры гэтым часта дрэнна ахоўваемы сродак перамяшчэння. Гэтым і карыстаюцца злодзеі.

Каб дапамагчы зберагчы вашых двухколавых сяброў і зменшыць колькасць іх крадзяжоў, хочацца даць уладальнікам веласіпедаў некалькі важных парад:
- абавязкова захоўвайце дакументы, якія атрымалі ў магазіне пры набыцці веласіпеда;
- калі дакументаў няма, перапішыце ці сфатаграфуйце серыйны нумар рамы – звычайна ён выбіты знізу на карэтачным вузле. Таксама пажадана зрабіць фатаграфію веласіпеда поўнасцю “ў профіль”;
- пастарайцеся запомніць асаблівыя прыкметы – замененыя дэталі, устаноўленыя аксесуары, наклейкі, драпіны і іншыя пашкоджанні.
У выпадку крадзяжу гэтыя меры дапамогуць у пошуку і могуць быць рашаючымі для доказу ўласнасці.
Аднак самы гарантаваны спосаб аховы ад крадзяжу – не пакідаць веласіпед без нагляду. Нават калі адлучаецеся на некалькі хвілін, усё роўна прышпільвайце яго на велазамок. Калі ёсць магчымасць, пакідайце двухколавы транспарт у такім месцы, каб ён заставаўся на відавоку, пакуль будзеце знаходзіцца ўнутры будынка – напрыклад, насупраць кафэ ці магазіна. Не варта давяраць нагляд за веласіпедам выпадковым знаёмым ці наогул незнаёмым людзям. На працы пакідайце яго на тэрыторыі прадпрыемства ці ў падсобным памяшканні.
Калі ж ваш двухколавы транспарт укралі, пры падачы заявы ў міліцыю вам спатрэбіцца пашпарт, а таксама дакументы на веласіпед і яго падрабязнае апісанне. Указваючы кошт, улічвайце ступень зношанасці за гады эксплуатацыі.
Калі ўдалося знайсці свой веласіпед самастойна, не спрабуйце адабраць яго ў новага гаспадара, тым больш з прымяненнем сілы. Лепш адразу ж паведаміце аб гэтым у міліцыю.
На жаль, на тэрыторыі нашага раёна крадзяжы веласіпедаў не рэдкасць. Так, 19 ліпеня з 6 да 10 гадзін раніцы невядомы злодзей украў з пад’езда №4 дома №49 па вуліцы Валадарскага дарожны веласіпед маркі “Арыён” сіне-серабрыстага колеру. Просім ўсіх звярнуць увагу на фота ўкрадзенага транспарту, і калі вам штосьці вядома, паведаміць у крымінальны вышук Астравецкага РАУС па тэлефонах: 21-5-34, 8-029-123-82-23, 8-033-623- 67-79.


Напрыканцы хацелася б звярнуцца да ўсіх жыхароў раёна: будзьце ўважлівымі і беражыце сваю маёмасць. Вельмі часта веласіпеды, дзіцячыя каляскі захоўваюцца на лесвічных пляцоўках не абсталяваных дамафонамі шматкватэрных дамоў, знаходзяцца без нагляду каля плоту прыватных дамоў, магазінаў і іншых будынкаў. Здараюцца выпадкі, што пакідаюць
веласіпед і ў лесе. Такім чынам, вы самі спрашчаеце задачу злодзеям. А вось вашы пільнасць і беражлівыя адносіны да сваёй маёмасці не пакінуць ім ніякіх шансаў.


-----------------------------------------------------
Аддзяленне крымінальнага вышуку.


Фота з сайта velokiev.com.