Проводится день безопасности дорожного движения

09:00 / 29.03.2013
У мэтах прафілактыкі п’янства за рулём 29 сакавіка ў Беларусі праводзіцца адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам “П’яны за рулём – патэнцыяльны забойца!”

Даўно вядома, што алкаголь і кіраванне транспартам – несумяшчальныя. Калі нецвярозы вадзіцель сядае за руль, гэта падобна на міну запаволенага дзеяння – ніколі не ведаеш, калі адбудзецца выбух. Алкаголь у шмат разоў павялічвае верагоднасць здзяйснення аварыі. Аднак выпіўшы чалавек не толькі не разумее гэтага, а наадварот, перабольшвае свае магчымасці і здольнасці. Грубае пераключэнне перадач, частае змяненне хуткасці, звілістая траекторыя руху, ігнараванне сігналаў святлафора або рэзкае крананне з месца пры ўключэнні зялёнага – вось некаторыя прыкметы, па якіх супрацоўнікі ДАІ могуць вызначыць, што за рулём знаходзіцца падпіўшы вадзіцель.
Алкаголь скажае нармальнае ўспрыманне становішча на дарозе, колер святлафора, рэгуляванне хуткасці руху, рэагаванне на паказанні прыбораў і іншае. Пакуль п’яны вадзіцель прыдумае, што трэба рабіць у крытычнай сітуацыі, аўтамабіль праедзе не адзін дзясятак метраў, а пасля можа быць ужо і позна.


Кожны дзень толькі ў нашай вобласці права кіравання транспартам пазбаўляюцца некалькі дзясяткаў нецвярозых вадзіцеляў. У Астравецкім раёне п’янымі вадзіцелямі за мінулы год было здзейснена 6 аварый, у якіх адзін чалавек загінуў і 7 пацярпелі.
З пачатку 2013 года былі затрыманы 23 нецвярозыя вадзіцелі, адзін з якіх кіраваў транспартам у п’яным стане паўторна на працягу года.


За кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап’янення справядліва прадугледжаны строгія санкцыі – штраф ад 15 да 35 базавых велічынь з пазбаўленнем правоў на 3 гады. За перадачу кіравання аўтамабілем нецвярозаму вадзіцелю прадугледжана такая ж адказнасць. За здзяйсненне такіх дзеянняў паўторна на працягу года наступае крымінальная адказнасць.


--------------------------------------------------
У. АЛЕКСАНДРОВІЧ, начальнік ДАІ.


Фота з сайта autogazeta.by.