Количество преступлений на Островетчине уменьшается

16:50 / 29.01.2013

Пачатак года – час не толькі планавання новых мерапрыемстваў і праектаў, але і падвядзення вынікаў за мінулы год. Вось і ў раённым аддзеле ўнутраных спраў адбылося аператыўнае пасяджэнне, прысвечанае падвядзенню вынікаў работы РАУС за 2012 год.


Сярод запрошаных гасцей на мерапрыемстве прысутнічалі старшыня райвыканкама А.Д. Кавалька, намеснік начальніка Упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама У.М. Сацюк, пракурор Астравецкага раёна А.І. Марцінчык, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта М.М. Сінкевіч.
Са справаздачнымі дакладамі выступілі кіраўнікі ўсіх падраздзяленняў РАУС. Падвёў рысу начальнік У.І. Квач.
Так, аператыўная абстаноўка ў нашым раёне за 2012 год, калі параўнаць яе з 2011 годам, характарызуецца зніжэннем як агульнай колькасці злачынстваў па лініі ўсіх службаў – 204 (на 65 менш, чым у 2011), так і злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку – 110 (-43), з якіх цяжкіх і асабліва цяжкіх – 14 (-6). Не зарэгістравана ў мінулым годзе забойстваў, вымагання, хуліганства. З 74 выпадкаў крадзяжу раскрыты 45. Адзначаецца зніжэнне злачынстваў, якія здзейснілі непаўналетнія – 14 (у 2011 – 17).
На пастаянным кантролі кіраўніцтва аддзела знаходзілася і работа дэалкагалізацыі насельніцтва. Было выяўлена 60 фактаў незаконнага абароту вадкасці, якая ўтрымлівае спірт, канфіскавана 311,65 літраў самагону, знойдзена 27 самагонных апаратаў, выяўлена і знішчана 11925 літраў самагоннай брагі.
У лячэбна-працоўны прафілакторый у 2012 годзе было накіравана 20 хранічных алкаголікаў (у 2011 – 10).
Больш эфектыўнай у мінулым годзе была работа падраздзялення барацьбы з эканамічнымі злачынствамі. Колькасць выяўленых злачынстваў узрасло з 12 да 20. У выніку праведзеных мерапрыемстваў канфіскавана з незаконнага абароту і ввернута ў прыбытак дзяржаве тытунёвых вырабаў, дызельнага паліва і лому чорнага металу на суму больш чым 42 мільёны рублёў.
Аднак у 2012 годзе павялічыліся выпадкі аварыйнасці на дарогах. У параўнанні з 2011-м колькасць дарожна-транспартных здарэнняў павялічылася з 16 да 18 аварый. Колькасць грамадзян, якія пацярпелі ў ДТЗ, таксама ўзрасла з 14 да 16, у тым ліку дзяцей – з 2 да 3. Загінула падчас аварый 6 чалавек – гэта на аднаго больш, чым у мінулым годзе.
У некаторай ступені гэта звязана з павелічэннем інтэнсіўнасці дарожнага руху і шчыльнасці транспарту, якія ўзніклі з пачаткам актыўнага будаўніцтва Беларускай АЭС.
У 2012 годзе выяўлена 6424 парушэнні правіл дарожнага руху, з якіх 2889 – парушэнні хуткасці, 721 – парушэнні, якія дапусцілі пешаходы, 179 вадзіцеляў былі затрыманы ў нецвярозым выглядзе.
У.І. Квач у сваім выступленні адзначыў дапамогу і садзейнічанне ў рабоце міліцыі Астравецкага райвыканкама. Напрыклад, супрацоўнікам міліцыі – участковым інспектарам Д.А. Іканопала і А.У. Васільчыку – было выдзелена жыллё. Старшыня райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька, у сваю чаргу, таксама падзякаваў асабоваму саставу аддзела ўнутраных спраў за зніжэнне злачыннасці, а таксама – за спакой і парадак на вуліцах нашага горада.
Завяршылася ж пасяджэнне прыемным і ўрачыстым момантам. Намеснік начальніка Упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама У.М. Сацюк уручыў Ганаровую грамату Упраўлення ўнутраных спраў участковаму інспектару А.А. Мешкелю, а старшаму інспектару дарожна-паставой службы У.У. Васілевічу – Падзячны ліст.


--------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.


Фота Юрыя ГОРЫДА.