Островецкий отдел МЧС растёт и развивается

13:53 / 21.01.2013

Падрабязней пра жыццё астравецкіх пажарных-выратавальнікаў нам расказаў Вадзім Келін, намеснік начальніка аддзела па ідэалагічным выхаванні і кадравым забеспячэнні.


– У сувязі з ростам і развіццём Астраўца чакаецца і павелічэнне штату раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. У мінулым годзе мы ўжо набралі 25 чалавек радавога малодшага і афіцэрскага саставу. Усяго ў нас прагназуецца набраць каля 200 чалавек.
Галоўнымі патрабаваннямі да кандыдатаў застаюцца сярэдняя або вышэйшая адукацыя, узрост да 30 гадоў і, каб не было прыцягненняў да крымінальнай адказнасці. Добра, калі за плячыма ёсць служба ў арміі, але мы праводзім і набор юнакоў, якія яшчэ не служылі.
– А калі ў кандыдата за плячыма ёсць адміністрацыйная адказнасць?
– У гэтым пытанні да кожнага прэтэндэнта індывідуальны падыход. Калі ён трапіў у міліцыю па “дурному” дзяцінству за якое-небудзь дробнае хуліганства – гэта адно, а калі ён п’яны за рулём папаўся – гэта ўжо другое пытанне.
– А што скажаце нашым юнакам і дзяўчатам, якія штогод паступаюць у інстытуты МНС? Ці чакаюць іх тут?
– Вядома, чакаем. Але варта ведаць, што акрамя Мінскага камандна-інжынернага інстытута МНС і Гомельскага інжынернага інстытута МНС, ёсць яшчэ Гомельскі ліцэй, і ў гэтым годзе ўжо выпусціўся наш, так бы мовіць, першапраходзец Стас Тумкевіч, які паступіў туды першым з раёна. Пасля заканчэння ліцэя ён вырашыў атрымаць вышэйшую адукацыю.
Кожны год з нашага раёна некалькі хлопцаў, а апошнім часам і дзяўчат, ідуць вучыцца на выратавальнікаў. У мінулым годзе, напрыклад, яшчэ чатыры чалавекі паступілі. У іх пасля заканчэння Мінскага і Гомельскага інстытутаў не будзе праблем з працаўладкаваннем. Чакаем мы і хлопцаў, і дзяўчат.
Так, пасля заканчэння вучобы спадзяемся ў аддзел прыйдуць Амалія Азацян з Гудагайскай школы і Дзіяна Сачук з Варнян.
Трэба адзначыць, што на тых юнакоў і дзяўчат, якія паступаюць у інстытуты МНС, мы заводзім асабістыя справы, з моманту паступлення яны ўжо лічацца нашымі работнікамі і ім у стаж залічваецца час навучання. Таму, хто хоча ў гэтым годзе паступаць у ліцэй і інстытуты МНС – міласці просім да нас! Няхай прыходзяць або тэлефануюць па нумары 22-5-80 для атрымання адказаў на цікавячыя іх пытанні.
– Ці можна разлічваць на працоўнае месца ў аддзеле з якой-небудзь іншай вышэйшай адукацыяй, не звязанай з МНС?
– Можна. Калі ёсць адукацыя юрыста або інжынерная спецыяльнасць, то пасля курсаў перападрыхтоўкі таксама можна прыйсці да нас. Зараз у нас ёсць вакантнае месца інспектара групы прапаганды і навучання – гэта, напрыклад, для тых, хто мае журналісцкую або педагагічную спецыяльнасць. І зноў жа да кожнага прэтэндэнта індывідуальны падыход.
– Колькі тэхнікі прыйшло ў новую часць?
– Адна аўтацыстэрна і адна аўтацыстэрна-ўсюдыход высокай праходнасці, якія, калі параўноўваць з тымі, што ў нас стаялі на ўзбраенні, выйграюць па хуткасці руху ў два разы і манеўранасці. З такім надвор’ем, якое ў нас зараз назіраецца, максімальная хуткасць былых ЗІЛоў – 40, максімум 50 кіламетраў у гадзіну.
Сучасныя ж МАЗы могуць смела развіваць з улікам бяспекі руху і 90-100 кіламетраў у гадзіну.
У Гродне праходзіць рэгістрацыю аўтамабіль хуткага рэагавання, які ў асноўным разлічаны на хуткае рэагаванне пры дарожна-транспартных здарэннях, а таксама іншых аварыйных сітуацыях. Аўтамабіль укамплектаваны сучасным абсталяваннем фірмы “Вэбер” для вызвалення пацярпелых з-пад завалаў і пашкоджаных аўтамабіляў.
– Чым яшчэ можа пахваліцца наша пажарная часць пасля рэканструкцыі?
– Новай цепла-газа-дымакамерай, дзе праходзяць псіхалагічную падрыхтоўку нашы выратавальнікі ў непрыдатным для дыхання асяроддзі. Тут рыхтуюцца маладыя байцы, якія яшчэ, так бы мовіць, “дыму не нюхалі”. Унутры камеры робіцца лабірынт, у якім яны павінны выканаць сваю работу: у цемры, літаральна навобмацак, знайсці манекен пацярпеўшага і вынесці яго на свежае паветра, аказаць яму першую дапамогу. Таксама ўнутры можна генерыраваць розныя гукі: крык дзіцяці, паскрыпванні, скавытанні. На сённяшні дзень гэта адна з лепшых дымакамер у Беларусі.
– Ці плануецца будаўніцтва яшчэ адной пажарнай часці ў Астраўцы?
– Хутчэй за ўсё ў гэтым годзе пачнецца будаўніцтва ПАВЧ №2. І, магчыма, з ростам горада энергетыкаў будзе пабудавана яшчэ адна, трэцяя па ліку часць. Менавіта на ПАВЧ №2 працуюць 25 чалавек і да канца года плануем укамплектаваць яе састаў такой жа колькасцю. Найбольш запатрабаванымі ў гэтым годзе будуць вадзіцелі з катэгорыяй С.
Так што будзе расці і развівацца горад – будзем разам з ім расці і развівацца мы.


------------------------------------------------
Антон МАЛЬШЭЎСКІ,
фота аўтара.