Декабрь. Метели...

09:18 / 19.12.2012

Зіма, па якой так усе сумавалі і якую так чакалі, за няпоўны месяц свайго гаспадарання ўжо паспела надакучыць.



І сапраўды: прыгожы сняжок, які напачатку месяца злёгку прыцярушваў зямлю, вельмі хутка змяніўся несупыннымі снегападамі, а тыя – мяцеліцамі і завірухамі. Зараз вось узмацніўся мароз. І радасць ад сустрэчы з “сапраўднай зімой, такой, як калісьці, у дзяцінстве” вельмі хутка змянілася праблемамі. Дарожныя і камунальныя службы не паспяваюць расчышчаць дарогі і вуліцы, бо іх праца часта нагадвае сізіфаву: толькі прыбралі снег, як зноў намяло. Дворнікі выбіваюцца з сіл, працуючы ад цямна да цямна, без адпачынку і выхадных,заклікаючы на дапамогу родных і сяброў, каб расчысціць тратуары і двары. Жыхары прыватных сядзіб кожны ранак і вечар займаюцца бясплатным, а таму не вельмі прыемным “фітнесам”, расчышчаючы сцежкі-дарожкі.
І ўсё роўна са снегам не спраўляюцца, бо, як сцвярджаюць спецыялісты, каб прыбраць снег, які ішоў суткі, патрэбна працаваць чатыры дні. А калі снег усё роўна сыпле і сыпле?..
Людзі ж, як звычайна, скардзяцца і наракаюць: там не пачысцілі, сюды не даехаць…
Справядліва наракаюць. Але ж у такіх асаблівых умовах, якія склаліся зараз, напэўна, трэба, як у тым вядомым выказванні, не змагацца за чысціню, а браць венік і падмятаць. У сэнсе – не бурчэць, што дарожнікі і камунальнікі не даехалі, а па меры магчымасці самім прыняць удзел у ліквідацыі наступстваў стыхіі.
Гэта павінны зрабіць кіраўнікі ўсіх арганізацый і прадпрыемстваў, у якіх ёсць адпаведная тэхніка, каб дапамагчы расчысціць дарогі, бо дастаўка ў кожны населены пункт тавараў першай неабходнасці, пошты, аказанне медыцынскай дапамогі, падвоз дзяцей у школу – справа не толькі гандлю, медыцыны, пошты. З дапамогай тэхнікі ці нават ручной працы супрацоўнікаў ачысціць ад снегу тэрыторыі сваіх арганізацый і аўтастаянкі ля іх. Дзе ёсць такая магчымасць, прыбраць снег з дахаў будынкаў – бо калі ён зляжацца і пацяжэе, то стане ўяўляць рэальную пагрозу будынкам і здароўю людзей, што там працуюць.
Усе гэтыя патрабаванні ўтрымліваюцца ў тэрміновай тэлеграме Гродзенскага аблвыканкама. Але найперш, напэўна, іх дыктуе здаровы сэнс і элементарнае пачуццё самазахавання. Бо самі ведаеце, справай чыіх рук з’яўляецца ратаванне тапельцаў…

Ніна АЛЯКСЕЕВА.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.