Вядомыя баксёры Астравеччыны правялі занятак для юных землякоў

07:44 / 21.01.2023

IMG_0497.jpg

Прабежка, размінка, адпрацоўка прыёмаў і выступленне ў парах – у зале боксу Астравецкай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву прайшла насычаная трэніроўка. Толькі на гэты раз яна была не зусім звычайнай: у госці да свайго першага трэнера Аляксея Маргужа завіталі яго выхаванцы – першы майстар спорту ў Астраўцы Андрэй Зарэцкі, майстар спорту міжнароднага класа Сяргей Лобан, кандыдат у майстры спорту Яўген Красоўскі. Яны і правялі некалькі заняткаў з юнымі баксёрамі.

IMG_0377.jpg

IMG_0378.jpg

Першапачаткова на сустрэчу павінен быў прыехаць яшчэ і майстар спорту міжнароднага класа, удзельнік Алімпіяды ў Токіа, трэнер нацыянальнай зборнай моладзі Віталь Бандарэнка з не менш тытулаваным таварышам Сяргеем Карнеевым – аднак яны затрымаліся на зборах на Эльбрусе. Але абяцалі завітаць пазней.

Аляксей Зянонавіч прадставіў гасцей, коратка расказаўшы пра іх дасягненні, а затым перадаў ім паўнамоцтвы на вядзенне трэніроўкі. І пачалося: бег, бег з падскокам, з паваротамі, выпадамі правай і левай рук. Пасля разміначных практыкаванняў надышла чарга для адпрацоўкі тэхнікі ў парах. Сяргей Лобан і Яўген Красоўскі паказвалі розныя прыёмы, а юныя баксёры паўтаралі іх. Андрэй Зарэцкі працаваў у рынгу на “лапах” са старэйшымі выхаванцамі. Словам, зала віравала ў баксёрскіх “танцах”.

IMG_0477.jpg

– Лічу, маім падапечным карысны такі вопыт: пазаймацца не толькі з трэнерамі нашай школы – Паўлам Мялешкам, Дзмітрыем Лабэцкім ці са мной, але і з іншымі баксёрамі, майстрамі, пераможцамі, – адзначыў Аляксей Маргуж. – Тым больш, што выхаванцы астравецкага бокса – яскравы прыклад, што кожны можа дасягнуць вышынь. Галоўнае, мець жаданне і рухацца наперад.

Трэба было бачыць, як юныя баксёры з захапленнем назіралі за гасцямі, якія па-майстэрску дэманстравалі розныя тэхнікі бокса – а затым стараліся ўсё паўтарыць за імі.

Адкрытая трэніроўка прайшла плённа. Хочацца спадзявацца, што падобны вопыт будзе прадоўжаны.

IMG_0420.jpg

IMG_0428.jpg

IMG_0439.jpg

IMG_0468.jpg

IMG_0473.jpg

З першых вуснаў

Сяргей Лобан, трэнер па боксе:

– Глядзеў на дзяцей – і пазнаваў сябе, які прыходзіў да Аляксея Маргужа займацца боксам. Праўда, у нас тады не было такіх умоў. Я шмат дзе пабываў, выступаў на розных рынгах, таму адзначу, што астравецкая зала на годным узроўні – далёка не ўсе ў Мінску могуць такой пахваліцца. Зянонавіч і яго каманда – малайцы! Заўсёды з задавальненнем прыязджаю сюды, бо першы трэнер заўсёды рады нас бачыць. Бокс многае мне даў, дзякуючы яму я знайшоў свой шлях у жыцці. А юным спартсменам раю: калі нешта не атрымліваецца і хочацца кінуць бокс, пацярпіце – усё абавязкова атрымаецца.

IMG_0476.jpg



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: Марина Мацкевич