Праздничный вечер с подарками для детей-инвалидов провели в Островецком центре творчества детей и молодёжи

14:31 / 04.12.2012

У добрыя памкненні людзей я верыла заўсёды. Як бы ні было і што б ні гаварылі, тых, хто ў складанай сітуацыі гатовы працягнуць руку дапамогі, значна больш, чым чэрствых і эгаістычных людзей, якія клапоцяцца толькі пра свой дабрабыт. Гэта паказаў і збор сродкаў на набыццё памперсаў для ляжачых дзяцей-інвалідаў, і дапамога, якую жыхары раёна аказалі свайму земляку Максіму Савельеву. Добрым, цікавым і запамінальным таксама стала і свята для дзяцей-інвалідаў, выхаванцаў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, арганізатарам якога выступілі гэты цэнтр і цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.


Напрыканцы тыдня ва ўтульнай зале цэнтра творчасці сабраліся дзеці рознага ўзросту са сваімі матулямі. А на сустрэчу да іх прыйшлі казачныя персанажы – кот Матроскін, Шарык, дзядзя Фёдар, паштальён Печкін, ролі якіх выканалі таленавітыя педагогі цэнтра творчасці. Яны весялілі дзяцей, гулялі з імі ў гульні, прасілі адгадаць песні з вядомых мультфільмаў, а дзеці актыўна ўдзельнічалі ва ўсіх конкурсах. Выхаванцы цэнтра творчасці таксама не засталіся ў баку – яны падарылі ўсім гасцям вясёлыя песні і танцы. На сустрэчу да рабят завіталі таксама намеснік начальніка аддзела адукацыі Наталля Вікенцьеўна Баніцэвіч, якая не па чутках ведае, з якімі цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца дзецям-інвалідам і іх бацькам. Дзесяць гадоў яна прысвяціла хворым дзецям, якія знаходзіліся ў Івянецкім доме-інтэрнаце. Спадабалася ўсім і прытча, якую Наталля Вікенцьеўна прысвяціла ўсім здаровым людзям, што не засталіся абыякавымі да гора дзяцей. А апошнія словы прытчы “Калі ты праігнаруеш шэпт, у цябе паляціць камень” прымусілі многіх задумацца. Дырэктар карэкцыйнага цэнтра Ганна Іосіфаўна Ціток падзякавала ўсім, хто сабраўся ў зале на сустрэчу і падарыла самым актыўным выхаванцам карэкцыйнага цэнтра салодкія падарункі за актыўны ўдзел у выставе творчых работ, якімі можна было палюбавацца ў фае. Дырэктар цэнтра творчасці і старшыня раённай арганізацыі “Белая Русь” Наталля Уладзіміраўна Сянюць стала не толькі арганізатарам запамінальнай вечарыны, але і ўручыла дзецям з самай складанай чацвёртай групай здароўя і іх бацькам ад раённай арганізацыі “Белая Русь” грашовую дапамогу ў памеры 800 тысяч беларускіх рублёў і навагоднія падарункі. А пасля забаўляльнай праграмы дзяцей і іх бацькоў чакалі майстар-класы, дзе кожны мог заявіць пра сябе і змайстраваць што-небудзь уласнымі рукамі. Свята не атрымалася б такім запамінальным, каб не дапамога індывідуальных прадпрымальнікаў Вадзіма Анатольевіча Міхцеева, Іосіфа-Анатолія Іосіфавіча Раўдановіча, Анатолія Станіслававіча Петрыка, Таццяны Васільеўны і Уладзіміра Здзіслававіча Шырынскіх, якія дапамаглі ў арганізацыі салодкага стала для дзяцей і іх бацькоў.


Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.