Яны зрабілі свой выбар. А вы?

08:02 / 05.12.2012
1

Людзей, якія па добрай волі, не шкадуючы сіл і часу, гатовы рабіць карысныя справы для ўсяго грамадства ці канкрэтнага чалавека, з кожным годам становіцца больш. Іх называюць лідарамі, пасрэднікамі, грамадскімі супрацоўнікамі, але агульнае, што іх аб’ядноўвае – дабраахвотнасць, грошы не з’яўляюцца галоўным матывам іх работы.
Гудагайская школа вядома валанцёрскім рухам даўно. З 2007 года ў ёй існуе валанцёрскі атрад БРСМ “Ветразь”, на рахунку якога шмат добрых спраў. А год назад на базе школы пачало працаваць яшчэ адно валанцёрскае аб’яднанне – “Наш выбар”.



Пачалося ўсё з курсаў па здаровым ладзе жыцця, якія ў Гродне праводзілі прадстаўнікі ЮНЕСКА. Менавіта там намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Ірына Мікалаеўна Жалток зацікавілася роўным навучаннем. Яна і запрасіла ў школу валанцёраў з Ашмян, якія расказалі пра сваю работу і падзяліліся вопытам.


– А ў снежні мінулага года мне давялося трапіць на курсы, якія праводзіліся ў Мінску ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі па сістэме “роўны навучае роўнага”, – расказвае педагог-кансультант роўнага навучання Ірына Мікалаеўна. – Пра гэтую сістэму я чула не раз, была на трэнінгах. І галоўнае – гэта сапраўды дзейнічае, і з дапамогай роўнага навучання можна дасягнуць добрых вынікаў. Але, каб арганізаваць работу ў сваёй школе, неабходна было прайсці навучанне. Як толькі я прайшла курсы і атрымала пасведчанне педагога-кансультанта, запрасіла на трэнінг старшакласнікаў нашай школы. Зацікавіліся многія, але прайсці навучанне вырашылі толькі чатыры дзяўчыны – Марта Пілецкая і Віялета Грыва цяпер ужо адзінаццацікласніцы, а Аня Барысевіч і Ілона Жалток – дзесяцікласніцы.


Пасля падрыхтоўкі гудагайскія школьніцы прайшлі навучанне ў дзіцячым аздараўленчым цэнтры “Зубраня”, дзе для валанцёраў-інструктараў роўнага навучання была арганізавана спецыяльная змена.
Сёння дзяўчаты ўжо праводзяць заняткі па тэмах “Прафілактыка ВІЧ-інфекцыі, СНІД” і “Каштоўнасці здароўя”, якія карыстаюцца папулярнасцю ў школе.
Дарэчы, гэтыя заняткі праходзяць вельмі цікава. Да школьнікаў прыходзяць два валанцёры-інструктары, якія на працягу гадзіны знаёмяцца, праводзяць гутаркі, невялікія трэнінгі. У выніку ўзнікае паразуменне, рабяты не саромеюцца задаць хвалюючыя іх пытанні, таму што настаўнікаў у гэты час у класе няма і размова ідзе на роўных.


– Цяпер мы працуем над распрацоўкай тэм “Рэпрадуктыўнае здароўе” і “Залежнасць ад псіхатропных актыўных сродкаў”, – расказвае Ілона Жалток. – Інфармацыя па здаровым ладзе жыцця, у тым ліку і па рэпрадуктыўным здароўі, з’яўляецца адной з прыярытэтных задач гэтага навучання. І падлеткаў гэтая тэма таксама цікавіць. Як правіла, яны саромеюцца задаць пытанне дарослым і лезуць у інтэрнэт, дзе не заўсёды можна знайсці правільныя адказы на хвалюючыя пытанні. І будзе лепш, калі гэтую інфармацыю нашы аднагодкі атрымаюць ад нас, інструктараў.


Сапраўды, моладзь, як правіла, больш адкрыта і актыўна абмяркоўвае далікатныя пытанні, якія датычацца здароўя, са сваімі аднагодкамі, чым з бацькамі, медработнікамі і педагогамі.


– Ды і дарослыя таксама не вельмі любяць гаварыць з падлеткамі на інтымныя тэмы. Часам яны раздражняюцца, пачынаюць “чытаць мараль” ці проста адыходзяць ад размовы. А падлеткі ў такім выпадку лічаць, што інфармацыя проста навязваецца ім дарослымі, – дадае Ірына Мікалаеўна.



Гудагайскія валанцёры ўжо год працуюць пад дэвізам “Калі не мы, то хто?”. І як сведчыць статыстыка, гэта ў іх атрымліваецца.

– Мне здаецца, што гэты прынцып навучання дапамог не толькі змяніць сітуацыю па праблеме асветы моладзі па важных тэмах, але і нам даў магчымасць паспрабаваць сябе ў новай ролі – ролі валанцёра, лідара групы, – гаворыць Марта Пілецкая.
– Тым больш, што веды па тэмах, якія мы даносім школьнікам, спатрэбяцца ў дарослым жыцці, – лічаць дзяўчаты.


Напачатку хлопцы адносіліся да дзяўчат трохі скептычна – яны лічылі, што ніколі не сутыкнуцца з падобнымі праблемамі ў жыцці. Іх паводзіны не заўсёды былі зразумелы і валанцёрам-інструктарам. Але такіх скептыкаў з кожным днём становіцца менш. І калі меркаваць па цікавай гутарцы, якую можна пачуць з-за дзвярэй, дзе працуюць валанцёры, іх дзейнасць дае плённыя вынікі.


Алена ЯРАШЭВІЧ.