Валерий Кокаш: “На Островетчине прошли лучшие годы жизни”

10:52 / 02.12.2012

Напрыканцы лістапада ў Астравецкім раёне праводзіў прыём грамадзян нядаўна абраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валерый Уладзіміравіч КОКАШ. Упершыню Валерый Уладзіміравіч сустракаўся са сваімі землякамі ў новай якасці, і журналіст “Астравецкай праўды” выкарыстаў гэтую падзею, каб папрысутнічаць на сустрэчы і задаць нашаму дэпутату некалькі пытанняў.
На прыём да дэпутата ў той дзень запісалася сем чалавек. З большасцю з іх Валерый Уладзіміравіч вітаўся, як са старымі знаёмымі: распытваў пра сям’ю, пра справы – відаць было, што ён ведае мясцовых жыхароў, і яны яго – таксама. Таму і звярталіся да дэпутата, як да блізкага чалавека, з самымі набалелымі пытаннямі: нехта прасіў замяніць згніўшыя вокны ў шматкватэрным доме, іншы – правесці асфальтаванне новай вуліцы, хворая жанчына скардзілася на сваё цяжкае матэрыяльнае становішча і шматлікія беды, а астраўчанка ўздымала праблему адсутнасці асвятлення ў канцы вуліцы Кастрычніцкай… Канешне ж, гэта пытанні перш жа ўсё мясцовай улады – і, дарэчы сказаць, вырашэннем іх яна і будзе займацца па даручэнні дэпутата. Але ніводнае пытанне, з якім прыйшлі людзі на прыём да народнага абранніка, не падаліся Валерыю Уладзіміравічу занадта дробязнымі ці не вартымі ўвагі – кожнага наведвальніка ён уважліва выслухаў, пастараўся разабрацца ў сутнасці справы і па магчымасці дапамагчы, некаторым даваў слушныя парады ці сам раіўся, як можна вырашыць тую ці іншую праблему – словам, дыялог ішоў актыўна і зацікаўлена.
А пасля таго, як скончыліся дзве гадзіны, адведзеныя для прыёму грамадзян, я задала дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу некалькі пытанняў.



– Валерый Уладзіміравіч, вы ўжо ўніклі ў кола сваіх новых абавязкаў? У чым яны заключаюцца?
– Першае і галоўнае – законатворчасць, падрыхтоўка заканадаўчых актаў.
– Ці не цяжка вам, гаспадарніку, перакваліфікоўвацца ў законатворцу?
–Ведаеце, у любой справе, нават самай добра вядомай, калі прыходзіш на новы ўчастак, трэба ўнікнуць у спецыфіку дзейнасці, бо ўсюды ёсць свае асаблівасці, нюансы. Але калі не ленавацца і старацца выконваць свае абавязкі дастойна, то разабрацца ва ўсім – не праблема. У апараце Палаты прадстаўнікоў працуе салідны штат высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія заўсёды гатовы аказаць дапамогу. У нас неабмежаваны доступ да інфармацыі, таму ніякіх цяжкасцей пакуль не ўзнікла – спадзяюся, што не будзе іх і ў далейшым. Камісія, у якой я працую, спецыфічная – па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі, для мяне, як гаспадарніка, там шмат новага – але тым і цікава.
І потым – мой узрост і пэўны статус не дазваляюць нешта рабіць дрэнна, спусціўшы рукавы.
– Сёння вы праводзілі першы прыём грамадзян у якасці дэпутата вышэйшага органа заканадаўчай улады. Але людзі, як я заўважыла, ішлі да вас зусім не з заканадаўчымі пытаннямі, а са сваімі асабістымі, ці ў крайнім выпадку – невялікай суполкі: жыхароў дома ці вуліцы. Як вы адносіцеся да такіх просьбаў? І як збіраецеся ў будучым праводзіць работу з выбаршчыкамі?
– Ну што значыць – не мае, не законатворчыя пытанні? Людзі ж ідуць да дэпутата са сваім болем, з праблемамі… Некаму, магчыма, яны могуць падацца дробязнымі, а для чалавека гэта – самае галоўнае. Некалі, калі працаваў кіраўніком дарожна-будаўнічай арганізацыі, да мяне таксама звярталіся не толькі з тым, каб адрамантаваць дарогу ці зрабіць новую. У людзей жа розныя праблемы ўзнікаюць: у таго дачка паступіла, а інтэрнат не далі, у іншага – цяжкае матэрыяльнае становішча ўзнікла ці праблемы са здароўем… Калі ёсць магчымасць – як не дапамагчы чалавеку? Гэта было б не па-людску. Я ўспамінаю Валянціна Аляксандравіча Ражко: ён ужо працаваў галоўным урачом абласной бальніцы, але кожнага чалавека з Астравеччыны, дзе быў да таго галоўным урачом, нават незнаёмага асабіста, сустракаў, як роднага, кожнаму імкнуўся дапамагчы – і нават крыўдзіўся, калі, ведаючы яго занятасць, былыя землякі саромеліся яго турбаваць. Гэта, лічу, і ёсць прыклад чалавечых адносін да людзей – незалежна ад таго, якую пасаду ты займаеш.
А магчымасці ў мяне сякія-такія ёсць: я магу да любога кіраўніка, любога міністра звярнуцца з дэпутацкім запытам ці прыйсці да яго на прыём і папрасіць аб нечым, мне зрабіць гэта прасцей, чым чалавеку з астравецкай вёсачкі.
Канешне, большасць пытанняў, з якімі прыходзілі сёння людзі на прыём, – сацыяльныя ці камунальныя, і вырашаць іх давядзецца ўсё ж мясцовай уладзе. Але многім патрэбна перш за ўсё ўвага, каб іх выслухалі – і гэтага часам не хапае людзям.
Падобныя прыёмы я буду праводзіць і ў далейшым. А яшчэ – выязджаць у сельскія Саветы, у працоўныя калектывы, каб не толькі з тымі, хто з’явіўся на прыём, пагаварыць пра іх справы, праблемы – не кожны ж прыйдзе на прыём да дэпутата. Падчас перадвыбарнай кампаніі часам даводзілася чуць: зараз вы прыехалі да нас, бо вам патрэбны нашы галасы, а пасля выбараў мы вас больш і не пабачым, як і вашых папярэднікаў. Не хвалюйцеся, шаноўныя, пабачыце, і неаднойчы!
– Валерый Уладзіміравіч, вас многія ў нашым раёне добра ведаюць – гэта відаць і на сённяшнім прыёме. Але час ідзе – у раёне з’яўляюцца новыя людзі, падрастае моладзь… А працэс перадвыбарнай агітацыі быў настолькі рэгламентаваны, што расказаць пра вас выбаршчыкам больш, чым напісана ў скупых радках біяграфіі, не было магчымасці. Давайце кампенсуем гэты прабел. Скажыце, што для вас Астравеччына? І чаму вы вырашылі балатавацца ў дэпутаты менавіта па нашай выбарчай акрузе?
– Вы пытаецеся, што для мяне Астравеччына? Ды ўсё! Астравецкаму раёну аддадзена 33 гады жыцця. І якія гады – маладыя, плённыя, творчыя – самыя лепшыя! Я таму і вырашыў балатавацца кандыдатам у дэпутаты па Смаргонскай выбарчай акрузе, што і ў Смаргоні, а тым больш – у Астраўцы мяне людзі ведаюць, што называецца, як аблупленага. І спадзяваўся, што памяць пра сябе я тут пакінуў не самую горшую, таму і разлічваў на іх падтрымку, якую ўрэшце і атрымаў і за якую вельмі ўдзячны сваім выбаршчыкам!
Наша сям’я прыехала сюды ў 1967 годзе – бацьку пасля заканчэння вышэйшай партыйнай школы накіравалі працаваць інструктарам у райкам партыі. У Астраўцы я пайшоў у дзявяты клас. Тут закончыў школу, адсюль пайшоў у армію і сюды ж вярнуўся пасля службы. Тут пачаў сваю працоўную дзейнасць. Тут вучыўся справе і жыццю ў разумных людзей – працуючы побач з тагачасным старшынёй калгаса “Радзіма” Вячаславам Іосіфавічам Адахоўскім, па-жыццёваму мудрым чалавекам, я зразумеў, што такое – кіраўнік, што значыць – адказваць за даручаную табе справу і за людзей, і яго ўрокі мне шмат дапамаглі ў жыцці, калі я сам стаў на чале працоўнага калектыву. Я б не дасягнуў у жыцці таго, што маю зараз, калі б не меў такога настаўніка.
У Астраўцы нарадзіліся мае дзеці. І дзе б я ні жыў, Астравеччына назаўсёды для мяне застанецца родным краем, блізкім сэрцу і душы, куды хочацца прыязджаць зноў і зноў – каб сустрэцца з блізкімі людзьмі, пагаварыць, зрэшты, проста адпачыць душою.
– Ёсць да каго прыязджаць?
– Канешне! У Астраўцы жывуць мой брат, пляменніца, мае сябры па жыцці, у прыватнасці, Таісія Міхайлаўна Міхайлава, разам з якой мы некалі пачыналі працаваць майстрамі і затым усё жыццё сябравалі сем’ямі – зараз яна ўжо на пенсіі і ўвесь свой час прысвячае дачы.
Так што ў якую пару дня і ночы, у які дзень тыдня я б ні прыехаў у Астравец – мне заўсёды ёсць да каго зайсці на кубак кавы.
– Ну што ж, будзем спадзявацца, што вы станеце частым госцем на роднай для вас Астравеччыне, і дапаможаце раёну ў вырашэнні тых задач, што стаяць перад рэгіёнам, а выбаршчыкам – у вырашэнні іх злабадзённых пытанняў. Поспехаў вам у вашай дэпутацкай дзейнасці!
– Дзякуй!


Гутарыла Ніна РЫБІК.
Фота аўтара.