Новы год – са снегам ці дажджом? Пагартаем дзённікі надвор’я Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі

13:09 / 21.12.2022

20210201_165204.jpg

21 – 31 снежня
Ну вось і заканчваецца год. А з ім – і наш «Народны каляндар», у якім мы, аналізуючы за­пісы варонскіх натуралістаў Стэфана Ра­мэй­­кі і Станіслава Памецькі, расказвалі, якім было надвор’е на Астравеччыне ў розныя часы. Сёння хочацца яшчэ раз падзякаваць нястомным і дапытлівым назіральнікам, дзякуючы якім засталіся каштоўныя звесткі. 
Сёння ж перагорнем старонкі іх дзён­нікаў і паглядзім, якое надвор’е стаяла ў апошнія дні снежня, на самыя любімыя і светлыя святы – Ражаство і Новы год. Заўсёды хочацца, каб у гэтыя дні было ў меру снежна, злёгку марозна, прыгожа і казачна – як сёлета! Станіслаў Памецька сцвярджае, што такой прыгожай зімы ў снежні не памятае як мінімум 20 гадоў. 
А вось запісы Стэфана Рамэйкі сведчаць, што такім жа святочна-казачным было над­вор’е на каталіцкія Каляды ў 1990 годзе. Але да Новага года ўсё паплыло: тэмпература змянілася на плюс, пайшоў дождж, часам – са снегам: найгоршае, што можа быць у навагоднюю ноч. 
У 1991 годзе ўсё было дакладна наадварот: перад Калядамі, 23 снежня, +4°С і цэлы дзень імжэў дождж. А 26 снежня тэмпература змянілася на мінусавую, 31 снежня было -7°С. «На зямлі, на дрэвах – усюды іней, – пісаў Стэфан Рамэйка. – На Пятра павінны расці грыбы».
Снежнымі і марознымі былі апошнія дні снежня ў 1992, 2000, 2001, 2002, 2010, 2011, 2014, 2015, 2021 гадах. У 1995-м мароз трашчаў нежартоўны: ад -20°С да -27°С, і снегу ляжала каля 30 сантыметраў. Лютавала зіма і ў 1996 годзе: 26 снежня было -30°С, снегу – 40 сантыметраў.
А ў 1994 і 2017 гадах снежань можна было назваць асеннім месяцам: тэмпература +5°С, амаль штодня – дождж…
Найчасцей у святочныя дні было каля нуля, і «ці то дожджык, ці то снег, ці то будзе, ці то не», Такое надвор’е стаяла ў 1993, 1997, 1998, 2004, 2005, 2006, 2009, 2012, 2013, 2016, 2019, 2020 гадах.
Нярэдкімі ў гэтыя дні былі і анамальныя з’явы надвор’я. «Цэлую ноч і дзень ідзе снег, – запісаў Стэфан Рамэйка ў апошні дзень 2003 года. – Навісае на дрэвах. Ад снегу парвала провад – цэлы дзень не было святла».
Станіслаў Памецька засведчыў, што ў 2011 годзе ў ноч з 24 на 25 снежня прайшоў дождж са снегам, утварыўся галалёд, было вельмі слізка. А ў калядную ноч 2014 года дзьмуў парывісты вецер, ішоў дождж са снегам – словам, надвор’е было зусім не святочнае.

Народныя прыкметы
Па дню Ганны (22 снежня) вызначалі, якім будзе надвор’е роўна праз паўгода, казалі: па зіме і лета. Калі ў гэты дзень ішоў снег, то 22 чэрвеня дзень будзе дажджлівым, калі стаяў мароз – чакай сонца і цяпла.
Ясны сонечны ўсход 25 снежня абяцаў, што Новы год будзе сонечным і марозным. Іней на дрэвах прадказваў хуткую адлігу. 
Калі 29 снежня кружыць снег – летам трэба чакаць халодных вятроў. Калі ў гэты дзень трашчыць мароз, то ён будзе трымацца да самага Крашчэння. 

Паводле запісаў Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі  падрыхтавала Ніна РЫБІК.



Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик