Канец восені: калі з маразамі, калі – з дажджамі

08:00 / 23.11.2022

Вось зіма і павіталася з намі першым снегам: вечарам 17 лістапада ён пры­церушыў зямлю і, падмацаваўшыся марозам, нагадаў: час даставаць зімовыя боты, курткі і шалікі. Нічога незвычайнага ў тым няма: запісы Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі сведчаць, што здараліся і больш раннія прыходы зімы. Але ж першы снег, незалежна ад таго, калі ён выпаў,  – гэта заўсёды прыгожа, светла, абнадзей­ваюча…
Якім надвор’ем заканчваўся лістапад у іншыя гады? Каб даведацца пра гэта, пагартаем дзённікі надвор’я варонскіх натуралістаў.
У 1989 годзе ў апошні тыдзень восені стаяла зіма. Снегу было няшмат, а маразы ноччу дасягалі  -10°С і нават ніжэй. Прыкладна такім жа было надвор’е ў апошні тыдзень восені ў 1994, 1995, 1997, 2004, 2010 гадах.
27 лістапада 1993 года ноччу было 15 градусаў марозу, 25 лістапада 1992 года – -18°С. Гэтак жа холадна было на працягу трох дзён, з 22 па 25 лістапада, ў 1998-ым годзе.
А часам развітанне восені было вельмі цёплым – да прыкладу, у 2002, 2003, 2006 гадах дзённая тэмпература складала +7-8°С
Але часцей за ўсё ў гэты час панавала напрадзім’е: тэмпература каля нуля, за акном, як у той песні, – то дождж, то снег. Словам, самая нелюбімая пара года, самае непрывабнае надвор’е. Так заканчваўся лістапад у 1990, 1996, 2005, 2007, 2015, 2016, 2018, 2019 гадах.

Народныя прыкметы
25 лістапада любыя ападкі, незалежна, снег ці дождж, абяцалі, што да самых грамніц, 15 лютага, будуць адлігі.
Снег і дождж 28 лістапада прадказвалі  дажджлівы май, іней на дрэвах – добры ўраджай хлеба. 

Паводле запісаў 
Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі 
падрыхтавала Ніна РЫБІК.



Фото: Марина Мацкевич