Маразы да 20 градусаў – калі была такой сярэдзіна лістапада

11:00 / 14.11.2022

Сёлета лістапад радуе нас надвор’ем – у меру цёплым, часам туманным, калі-нікалі – дажджлівым. І нават сонейка, халоднае і пяшчотнае, зрэдзьчасу прабіваецца праз аблогі хмар, каб нагадаць: я тут, я ёсць!

А якім было заканчэнне восені ў іншыя гады? Каб даведацца, пагартаем дзённікі надвор’я Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі.
Часта ў гэты час ужо лажылася зіма. Так, у 1989 годзе 16 лістапада выпаў снег і тэмпература паветра з плюсавых значэнняў павярнулася на мінусавыя: слупок тэрмометра з +6°С 15 лістапада за тры дні апусціўся да -5°С, а ноччу ўвогуле было да дзесяці градусаў марозу. На гэтым тыдні прыйшла зіма і ў 1995 годзе: ад +4°С 16 лістапада тэмпература 21-га апусцілася да начных -10°С. 
Хоць здаралася і наадварот. У 2006 го­дзе лістапад пачаўся са снегу і маразоў, а да сярэдзіны месяца ўсё перавярнулася на ўстойлівы плюс – і на працягу тыдня тэмпература складала +8-10°С.
У 1992 годзе Стэфан Рамэйка запісаў: «23 кастрычніка як замерзла – так і стала зіма. Снегу амаль што няма. Хоць тэмпература напрыканцы лістапада была каля нуля, з адхіленнямі на 2-3 градусы то ўверх, то ўніз. 
У 1993-м у гэты час была ўжо сапраўдная, хоць і бясснежная зіма: ноччу маразы дасягалі 17 градусаў, днём – -5°С. «Снегу няма, – пісаў Стэфан Рамэйка. – Зямля прамерзла на 40 санты­метраў». Вельмі холадна ў гэты час было і 1998 годзе – 21 лістапада ноччу слупок тэрмометра апусціўся да -22°С, днём на працягу тыдня было -8-10°С. У сярэдзіне лістапада прыйшла зіма і ў 1999, 2004 гадах. 
У 1990 годзе, як і сёлета, у гэты час стаяла досыць цёплае надвор’е: +6-8°С, толькі 21-га тэмпература паветра апусцілася да нуля і пайшоў снег з дажджом. Прыкладна такое ж у меру цёплае надвор’е ў трэці тыдзень лістапада было ў 1991, 1994, 1996, 2002, 2003, 2010, 2012, 2013, 2015, 2019 гадах.

Народныя прыкметы
Калі лісты на дрэвах апалі да сярэдзіны лістапада, зіма чакалася цёплая, калі пазней – то суровая.
Калі на Міхайла, 21 лістапада, ішоў снег, то і Пасха абяцала быць халоднай, са снегам.
Прыкмячалі надвор’е і 22 лістапада: калі ў гэты дзень на дрэвах іней – гэта да маразоў, туман жа абяцаў працяг­лую адлігу. 

Паводле запісаў
Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі
падрыхтавала Ніна РЫБІК.

Фото: Нина Рыбик