Пачатак лістапада: ужо не восень, яшчэ не зіма

15:31 / 31.10.2022


Восень уступіла ў сваю самую змрочную, панылую пару, якую называюць позняй. Вы заўважылі: ні да вясны, ні да лета, ні нават да зімы гэтае азначэнне не прымяняюць – толькі да восені. Ужо позна расці, цвісці, каласіцца, бегчы, спяшацца, рупіцца. Прыйшоў час спажываць здабытак летняй працы, перабіраць пацеркі ўспамінаў, грэцца ля печы і родных душ, займацца тым, на што ўлетку не хапала часу.
Якім было надвор’е ў першы тыдзень лістапада, расказваюць дзённікі Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі.
Дзіўна, але ў гэты час амаль заўсёды аднолькавае надвор’е, сырое і халаднаватае, з дзённымі тэмпературамі ў межах  +5-10°С. Сонца рэдка прабіваецца праз шчыльную аблогу хмар, неба, здаецца, ляжыць на плячах і час ад часу імжыць дажджом, зямлю спавіваюць густыя туманы. Ноччу часам здараюцца прымаразкі, але яны хутчэй дадаюць настрою, чым псуюць яго: лягчэй дыхаецца.
6 лістапада 1995 года, як сведчыць дзённік надвор’я Стэфана Рамэйкі, ноччу слупок тэрмометра апусціўся да -9°С, назаўтра пайшоў снег. Але гэта былі толькі прадвеснікі зімы. Халодным, са снегам і дажджом, быў пачатак лістапада ў 2016 годзе.
А ў 1996-м першы тыдзень лістапада быў хоць і пахмурным, але досыць цёплым: тэмпература падымалася да +13°С. Такой жа была яна ў першыя дні апошняга асенняга месяца ў 2010, 2011, 2018, 2019 гадах. 

Народныя прыкметы
4 лістапада ў праваслаўных храмах ўшаноўваюць абраз Маці Божай Казанс­кай. З гэтым днём звязана шэраг прыкмет і народных павер’яў. Казалі: «Да Казанскай – яшчэ не зіма, пасля Казанскай – ужо не восень», «Што Казанская пакажа – тое і зіма скажа».
А яшчэ гэты час лічыцца лепшым для вяселляў: «Хто на Казанскую жаніхаецца, той ніколі не каецца».

Паводле запісаў Стэфана Рамэйкі і 
Станіслава Памецькі падрыхтавала Ніна РЫБІК.

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик