Працягваем знаёміць з гонарам раёна: гісторыя Марыяна Масойця з КСУП “Варняны”

10:00 / 28.10.2022

Працягваем знаёміць нашых чытачоў з працаўнікамі, партрэты якіх занесены на раённую Дошку гонару па выніках 2021 года. 

Добры працаўнік, клапатлівы бацька, дбайны гаспадар, сціплы, але сумленны чалавек, – так коратка можна ахаракта­рызаваць вадзіцеля КСУП «Варняны»  Марыяна Масойця. 

Падчас жніва-2021 у традыцыйным працоўным спаборніцтве райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу цягам усёй уборачнай кампаніі ў тройцы лідараў-вадзіцеляў, якія вазілі збожжа на «ГАЗончыках», трывала трымаўся Марыян Масойць з КСУП «Варняны». Больш таго, вадзіцель трапіў і ў лік лепшых працаўнікоў раёна па выніках сельскагаспадарчага спаборніцтва. Хоць і ніва тады ў гаспадарцы радзіла горш, чым у іншых сельгаспрадпрыемст­вах, і аўтамабіль мужчыны ў параўнанні з сучаснымі МАЗамі можна лічыць «дзядулем». За выдатныя вынікі, па ініцыятыве кіраўніцтва КСУП «Варняны», партрэт Марыяна Станіслававіча быў занесены на раённую Дошку гонару. 
Дарэчы сказаць, леташні сезон стаў знакавым не толькі для Марыяна Масойця, але і яго калегі Уладзіміра Грынцэвіча. Наперад «варнянцы» ў мінулым годзе прапусцілі толькі Валерыя Вялікага з КСУП «Гервяты». Варта патлумачыць: пры падвядзенні вынікаў раённага сельгасспаборніцтва эканамісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання ўлічваюць не толькі аб’ём перавезенага збожжа, але год выпуску аўтамабіля, яго грузападымальнасць, розныя каэфіцыенты і іншыя. Таму восеньскія вынікі, якія агучваюцца на прафесійным свяце работнікаў сельскай гаспадаркі, часта адрозніваюцца ад летніх.
…Падчас азімай сяўбы кожная пагодлівая хвілінка ў Марыяна Масойця – на вагу золата. Цяпер, калі асноўныя палявыя работы скончыліся, стала вальней – але ўсё адно занятак для вадзіцеля, тым больш у сельскай гаспадарцы, знойдзецца заўсёды. З Марыянам Станіслававічам мы сустрэліся ў Варнянах ля зернесклада, калі ў мужчыны выдаў­ся невялікі перапынак паміж рэйсамі. Адразу пацікавілася, хто першым паведаміў яму пра заня­сенне на Дошку гонару і што пры гэтым адчуў працаўнік. 
– У калгасе сеялі яравыя. На полі мяне пераняў тагачасны галоўны аграном нашай гаспадаркі Рыгор Яромін: Станіслававіч, заўтра ў раён – будуць фатаграфаваць лепшых работнікаў. Зніякавеў я, пачаў аднеквацца, – крыху саромеючыся, успамінае той момант мой герой. – Для любога вадзіцеля галоўнае, каб не ламалася тэхніка. Мой ГАЗ-53 «узроставы» – 33 сезоны ездзіць па трокеніцкіх і варнянскіх дарогах, з якіх 17 руль кручу я. Пашчасціла, што машына падчас леташняй уборкі не падвяла: «ГАЗончыкам» перавёз каля тысячы тон збожжа. Найбольш за дзень «браў» каля 100 тон – але гэта было даўно, калі яшчэ трокеніцкі калгас не далучылі да «Варнян». 
Мужчына прызнаецца, што выразнай мары – кім хоча быць – у яго не было. Як і большасць вясковых хлапчукоў, вабіла тэхніка. Дарэчы, родныя браты Марыяна Станіслававіча таксама працуюць у аграпрамысловым комплексе механізатарамі: Казімір – у КСУП «Варняны», Валянцін – у КСУП «АграСолы». 
– Родам з Быстрыцы. У бацькоў нас пяцёра – і ўсе хлапчукі. Маці была паляводам, бацька – брыгадзірам, потым даглядчыкам у калгасе імя Куйбышава. Былі, як і ўсе ў вёсцы: трымалі кароў, свіней, курэй, гусей. Жылі з мазаля – дзеці дапамагалі бацькам. Летам, калі выдавалася вольная хвілінка, беглі на Вілію вудзіць рыбу: лавілі печкуроў, ці па-нашаму колбаў. Смажылі амаль без тлушчу – смаката, – успамінае дзяцінства мужчына. – У Быст­рыцкай васьмігодцы вучыўся няблага, калі перайшоў у Варнянскую сярэднюю – адзнакі пагоршалі. 
Пасля 10 класа ад раённага ваенкамата Марыян вывучыўся на вадзіцеля ў Ашмянах. Праз некалькі дзён пасля атрымання пасведчання юнака забралі ў армію.
– Служыў у Германіі 2 гады і 1 месяц. Прапаноўвалі застацца – але моцна цягнула дадому. Бацькам прывёз шмат прысмакаў, якія яшчэ не хутка з’явіліся на паліцах нашых магазінаў. 
Пасля дэмабілізацыі некалькі гадоў мужчына адпрацаваў ва­дзі­целем у аўтапарку, а потым вярнуўся ў родны калгас – з таго амаль тры дзесяцігоддзі Марыян Ста­ніслававіч так і працуе ў аграпрамысловым комплексе раёна. 
Пацікавілася ў мужчыны, ці залежыць фронт работ ад сезону. 
– І зімой, і летам прачына­юся не пазней за 5 гадзін раніцы, трэба абысціся па гаспадарцы, накарміць свіней – і на работу. Падчас жніва на роўных з камбай­нерамі працавалі. Здаралася, што і ў 12 ночы прыязджаў дадому – і подбегам у хлеў: жывёла не будзе стаяць галодная, – расказвае вадзіцель.
Галоўная памочніца Марыяна Масойця – 13-гадовая дачушка Мілана, якую мужчына выхоўвае адзін. 
– Пасля смерці жонкі дапамагала маці – год, як яе не стала. Мілана ўжо дарослая дзяўчынка, усё можа і ўмее. Знойдзе ў інтэрнэце рэцэпт – прыгатуе нешта смачненькае. І я магу любую страву зрабіць: суп зварыць ці бліноў напячы, – расказвае пра свае будні гонар раёна. – Калі ў школу збіраліся, сама ўсё выбірала; бацька, галоўнае, плаці. (Усміхаецца.) Дачка – і радасць мая, і гонар, і аддушына, – мужчына на хвілінку прыпыніўся і запытальна паглядзеў на мяне:
– Вунь колькі спісалі, старонкі, пэўна, не хопіць. Мяне на складах у Трокеніках чакаюць – трэба збожжа перавозіць.
…Падумалася, што на такіх простых у словах і ўчынках, працавітых вяскоўцах, як Марыян Масойць, і трымаецца сельская гаспадарка. 
Текст:
Фото: Алёна Ганулич