Як хобі стала прафесіяй, расказала Валерыя Стэх

10:21 / 09.10.2022
Пра людзей, апантаных работай, гавораць: на сваім месцы. Валерыя Стэх менавіта з гэтай кагорты. Адпрацаваўшы больш за трыццаць гадоў у спажыўкааперацыі і выйшаўшы на пенсію, яна зрабіла прафесіяй даўняе хобі – і вось ужо некалькі гадоў працуе ў Кямелішкаўскім доме культуры.

Не захапіцца творчасцю Валерыя Янаўна проста не магла, бо вырасла ў свеце музыкі і спеваў. Бацькі, людзі ваеннага пакалення, не вывучалі нот і сальфеджыа, але спявалі так, што заслухоўваліся ўсе жыхары іх невялічкай вёскі Куркі  Воранаўскага раёна. Старэйшы брат вучыў дзяцей іграць на баяне ў музычнай школе і выступаў у вядомых воранаўскіх «Лявонах», якія з гастролямі аб’ездзілі не толькі ўсе рэспублікі былога Савецкага Саюза, але пабывалі на фес­тывалях і конкурсах у краінах бліжняга і дальняга замежжа. Сястра таксама мела музычна-педагагічную адукацыю, пастаянна ўдзельнічала ў выязных канцэртах – яе цяжка было заспець дома. Яшчэ адзін брат-самавучка іграў на баяне не горш за прафесіяналаў. І толькі самы малодшы (Валерыя была чацвёртай з пяцярых дзяцей) з дзяцінства вырашыў, што музыкай займацца не хоча. 

Валерыя падчас імправізаваных сямейных канцэртаў зачаравана назірала за сваімі артыстамі: спачатку браты сядалі насупраць адзін аднаго і пачы­налі ціхенька нешта наігрываць у два баяны, пасля тата зацягваў песню, яе падхоплівалі сыны, падключалася маці – і ў хаце адбываўся сапраўдны канцэрт, які не абмяжоўваўся адным нумарам і да якога, вядома ж, далучалася Валерыя. Так дзяўчынка і расла – з песняй.  


– А як жа жыць без спеваў? – здзіўляецца мая суразмоўца. – Я без іх дакладна не магу. У школе пастаянна на сцэне выступала, ды і калі працаваць пачала, заўсёды ў мастацкай самадзейнасці ўдзельнічала. А ў студэнцтве камсамольскім арганізатарам, начальнікам штаба працоўных спраў была, у студатрадаўскім руху ўдзельнічала – куды мы толькі ні ездзілі. Здорава, весела! Для мяне творчасць, як допінг у добрым сэнсе гэтага слова, як глыток свежага паветра, без якога немагчыма жыць. 

Ці трэба казаць, што калі ў 1984 го­дзе Валерыя Янаўна па размеркаванні прыехала працаваць у Астравецкі раён і пасялілася ў Кямелішках, яна хутка завітала ў мясцовы клуб, каб паглядзець, што ды як, з людзьмі пазнаёміцца і незнарок пацікавіцца: а вам самадзейная артыстка часам не патрэбная? І хутка ўлілася ў культурную плынь гэтага краю. Жанчына была сведкай нараджэння легендарнай «Кемяліны», часцінкай якой з’яўляецца і цяпер. Разам з астатнімі ўдзельнікамі яна ганарылася, калі калектыву прысвоілі званне народнага, амаль плакала, калі ён распаўся, і моцна ўзрадавалася ад весткі, што ансамбль адраджаецца.

– Больш за трыццаць гадоў я адпрацавала ў галіне спажыўкааперацыі, але душа цягнулася да творчасці, – расказвае Валерыя Янаўна. – І калі ў 2019 годзе мне прапанавалі месца ў аддзеле культуры і вольнага часу аг. Кямелішкі, вагалася нядоўга: пастаянна бываю на рэпетыцыях, не ўяўляю жыцця без спеваў, ды і ўвогуле знаходжуся на пенсіі – магу сабе дазволіць. (Усміхаецца.) Вось так хобі стала прафесіяй. 

Калі хтосьці думае, што жанчына прыйшла на цёпленькае месца, моцна памыляецца. На той момант у кямелішкаўскіх работнікаў культуры не было нават памяшкання – невялікі закуток у філіяле школы мастацтваў не ў залік. Як і, галоўнае: дзе працаваць? Гэтае пытанне не давала супакою жанчыне і яе калегам. Да вырашэння праблемы падключыўся райвыканкам і Савет дэпутатаў. У выніку пад клуб арандавалі будынак былога магазіна гаспадарчых тавараў, які ўжо некалькі гадоў не працаваў. Шмат сіл і часу давялося патраціць калектыву, каб пустуючае памяшканне ператварылася ў месца, дзе жывуць творчасць і мастацтва і куды хочацца прыходзіць людзям! 

– А што было рабіць?! – расказвае Валерыя Янаўна. –  Закаталі рукавы – і пачалі грандыёзны рамонт. Смецце вычысцілі, перагародкі разбурылі, з паддонаў сцэну сабралі. І ўсё самі, – а нас усяго пяць чалавек было разам з рабочым. Яшчэ і цяпер да толку ўсё даводзім. 
І жанчына з запалам праводзіць экскур­сію па клубе, з гонарам паказваючы, што зроблена, а што яшчэ ў планах. І бачна: за кожную дробязь баліць душа. 

– Гурткі вяду, з дзецьмі дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам займаемся, з людзьмі сталага ўзросту вечары па інтарэсах праводзім, – дзеліцца жанчына. – На прафесійныя святы канцэрты ладзім, юбіляраў і доўгажыхароў з днём нараджэння віншуем, у аддаленыя вёскі з творчымі нумарамі выязджаем, летам кожную суботу дыскатэкі праводзілі… А колькі народу сёлета на «Дзень рыбака» сабралася! Словам, стараемся працаваць, каб людзям было цікава. А сіла наша ў калектыве! Такую дружную каманду аднадумцаў яшчэ пашукаць трэба. Хоць нас і няшмат: Алёна Якубцэвіч, Юрый Інаровіч, яго жонка Анастасія ды я – вось і ўся наша творчая сям’я. Яшчэ Аліка Юргелянца можна сюды залічыць, бо мы заўсёды адзін аднаму дапамагаем. 

Валерыя Янаўна з захапленнем расказвае пра сваю работу і калег, мерапрыемст­вы, якія ўжо правялі і якія плануюць, удзячных наведвальнікаў.  У мяне ж увесь час на языку круціцца пытанне, якое задаю напрыканцы сустрэчы: навошта вам патрэбна гэтая «культурная дзейнасць»?

– Я без гэтага проста зачахну, – прызнаецца жанчына. – З дзяцінства прывучана да працы, заўсёды ўдзельнічала ў грамадскім жыцці і не магу сядзець без справы. А самае галоўнае – мне падабаецца тое, чым займаюся. Тут чэрпаю сілу і энергію, вучуся новаму, развіваюся і самаўдасканальваюся, стасуюся з моладдзю – і сама маладзею. (Смяецца.) Так цікава прыносіць людзям радасць – і атрымліваць ад гэтага задавальненне. 

Слова калегам 
Алёна Якубцэвіч, загадчык Кямелішкаўскага сельскага клуба:

– Наша Янаўна – чалавек-знаходка, з якім уся работа спорыцца. Сёння я прыдумала сцэнарый, паказала ёй – а назаўтра ўжо неабходны рэквізіт гатовы. Яе не трэба прасіць ці нагадваць – гэты чалавек «гарыць» работай. А паедзеш па вёсках з канцэртам, дык яе ж усюды ведаюць. Яе – і Мечыслававіча (Юргелянца). Наогул, у нас увесь калектыў класны! Бо кожны неабыякавы да творчасці і любіць сваю справу. 
Текст: