Хроніка восеньскіх работ: чым заняты раённыя аграрыі?

16:18 / 22.09.2022
Восенню ў аграрыяў клопатаў не меншае. У гэты час яны спраўляюцца з многімі задачамі: працягваюць уборку сельгаскультур і робяць задзел пад будучы ўраджай. 

Сяўба 

Бадай што самая галоўная задача хлебаробаў – сяўба збожжавых. Па звестках сектара раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, на раніцу 22 верасня насенне прыгорнута ў глебу на 4 326 гектарах, што складае 44% раённага плана. 

У КСУП «Гудагай» засеяна больш за 60% адведзеных пад збожжавыя азімыя ўчасткаў – 1 394 гектары. Да экватара наблізілася сяўба ў КСУП «Гервяты»: насенне тут прыгорнута на 1 422 гектарах. Стараюцца ўкласціся ў аптымальныя тэрміны аграрыі РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі», дзе засеяна больш за трэць азімага кліна – 637 гектараў, у КСУП «Міхалішкі» – 32%. На апошняй пазіцыі сярод гаспадарак замацаваўся КСУП «Варняны», дзе пасеяна 25% запланаваных плошчаў.

У цэлым па раёне пад збожжавыя падрыхтавана  70% запланаваных плошчаў, ці 9 788 гектараў. Найлепшыя тэмпы ворыва дэманструюць КСУП «Гудагай», «Гервяты», РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі». 

Корманарыхтоўка

На Астравеччыне працягваецца нарыхтоўка кармоў – ад іх колькасці і якасці залежыць паспяховасць зімне-стойлавага сезона і ўвогуле жывёлагадоўлі. 

Пад кукурузу на сілас корманарыхтоўшчыкі адвялі амаль 5 тысяч гектараў, з якіх  1 335 ужо зжаты. У перадавіках значацца «гервятцы» і «гудагайцы», якія ўбралі 41% і 33% плошчаў адпаведна. На круг раённыя аграрыі бяруць 350 тон, што на 25 тон больш, чым у мінулым годзе. У планах – абмалаціць 1 200 гектараў цеплалюбівіцы на зерне. 

Дарэчы, у КСУП «Гервяты», як і ў мінулыя гады, плануюць закладваць сплюшчаныя кукурузныя зярняты ў так званыя рукавы.

Бульбакапанне, буракі і яблыкі

Бульбу сёлета садзілі толькі КСУП «Гудагай» і «Гервяты». У першай гаспадарцы яна зай­мае 82 гектары, у другой – 40. У «Гудагаі» другі хлеб выкапаны на 60 гектарах, у «Гервятах» – амаль на 14. Ураджайнасць складае 318 цэнтнераў (+35 цэнтнераў да 2021-га). 

На падыходзе – цукровыя буракі, уборка якіх пачалася на гэтым тыдні. У раёне пад іх адведзена 1 645 гектараў, найбольшыя плошчы ў «гервятцаў»: 540 гектараў.

У КСУП «Варняны» вяскоўцы і гараджане, што паспяшаліся ім на дапамогу, убіраюць яблыкі. Сабрана амаль 100 тон, ураджайнасць – 34,3 цэнтнеры з гектара. 



Текст:
Фото: Алёна Ганулич