Каралеўскі корм, ці Як убіраюць кукурузу ў КСУП “Гервяты”

15:42 / 22.09.2022
Да 70% прыбытку сельскагаспадарчым прадпрыемствам прыносіць рэалізацыя прадукцыі жывёлагадоўлі. Не дзіва, што менавіта пад яе патрэбы «заточана» раслінаводства. На палях Астравеччыны актыўна ўбіраюць кукурузу на сілас. Найбольшыя ў раёне плошчы цеплалюбівіцы ў КСУП «Гервяты» – 1 220 гектараў. 

Дарэчы, на пачатак гэтага тыдня «гервяцкія» корманарыхтоўшчыкі дэманстравалі найлепшыя тэмпы сярод гаспадарак раёна на ўборцы кукурузы. На раніцу панядзелка ў гэтым сельгас­прадпрыемстве зжата 33% пры сярэднераённых 20%. На гервяцкіх і дайлідскіх палетках каралева палёў урадзіла добра: на круг корманарыхтоўшчыкі набіваюць 381 цэнтнер, а за дзень – амаль 2 тысячы тон. 

За Дайлідкамі ў дзень майго прыезду два кормаўборачныя камбайны на пару з МАЗамі ныралі ў кукурузнае поле, здалёк віднеліся толькі вярхі загрузных труб. Сёлета кукуруза цалкам апраўдала сваю мянушку і вымахала значна вышэй за рост чалавека: схаваешся ў пасевах! 

Сяргей Філімоненка на кормаўборачным комплексе «Крона» працуе трэці сезон. Дарэчы, па выніках першага ўкосу мужчына нарыхтаваў звыш 10 тысяч тон травы – і перамог у абласным працоўным спаборніцтве абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. 



– Найбольш за змену набіваў каля 1 100 тон, – расказаў камбайнер. – Але не ў колькасці, а ў якасці справа. 

За работай тэхнікі ў полі назірала малады спецыяліст Алена Базюк, якая працуе ў КСУП «Гервяты» памочнікам брыгадзіра раслінаводчага ўчастка №2. 

– Я мясцовая. Хоць вырасла ў Астраўцы, агранамію абрала свядома. Летам на канікулах адным з улюбёных заняткаў было назіраць за камбайнамі – тэхніка мне па душы. Пасля Навагрудскага аграрнага каледжа размеркавалася ў «Гервяты». Далі пакой у інтэрнаце. Работа мне падабаецца. Планую і далей вучыцца – хочацца паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову на завочнае аддзяленне, – расказала дзяўчына. 



Па словах Алены Базюк, закладка ёмістасцей для захоўвання сянажна-сіласнай масы адбываецца да 20 гадзін вечара. На адвозе масы задзейнічаны звыш 10-ці адзінак тэхнікі, а механізатары забяспечаны гарачым харчаваннем. 



Текст:
Фото: Алёна Ганулич