Якім было надвор’е 7-13 верасня

09:00 / 07.09.2022
213
Восень сёлета прыйшла па раскладзе. Пасля неймавернай, больш як 30-ціградуснай  гарачыні, што трымалася ўсю другую палову жніўня, у апошнія дні лета тэмпература апусцілася да  +200С, пайшлі дажджы – і разам з усхваляванымі першакласнікамі і іранічна-зас­му­чанымі выпуск­нікамі мы ўвайшлі ў досыць халодны традыцыйны, яшчэ ў меру цёплы, але ўжо дыхаючы прахалодай верасень.

Хоць, як сведчаць запісы ў дзён­ніках надвор’я Стэфана Рамэй­кі і Станіслава Памецькі, такое па-сапраўднаму камфортнае надвор’е ў гэты час было не заўсёды.

Халаднейшым, чым звычайна, з тэмпературным фонам ніжэй  +200С, выдаўся другі тыдзень верасня ў 1989, 1996, 1997, 2000, 2001, 2007, 2010  гадах.  
У 1990-м было не толькі халаднавата, але і сыра: амаль штодня ішлі дажджы. «Зямлю вельмі заліло, бульбу яшчэ не капаем, – запісаў 8 верасня Стэфан Рамэйка. Дажджлівым выдаўся верасень таксама ў 1993, 1994, 2015 гадах. 

Навальніцы ў гэты час ужо не частыя, хоць і здараюцца. Да прыкладу, з запісаў варонскіх натуралістаў можна даведацца, што грымелі яны ў 1994 і 2012 гадах. А ў 2018-м у ноч з 4 на 5 верасня  разыгралася сапраўдная бура, якая паламала дрэвы. Дарэчы, калі верыць народным прыкметам, то грымоты ў верасні прадвяшчаюць цёплую восень.  

А вось верасень 1992 года быў спякот­ным. «Ізноў паліць. Суха. Гарачыня», – запісаў 6 верасня Стэфан Рамэйка. І дзён­­­нік надвор’я пацвярджае яго словы: тэм­­пература ў тым годзе падымалася да +350С. Анамальна гарачым быў другі ты­дзень месяца ў 1998, 1999, 2002, 2005, 2018 гадах. У 2002-м спякота суправаджалася тарфянымі пажарамі. «Дымна. Гараць тар­фя­нікі», – запісаў 8 верасня Стэфан Рамэйка.     

І ўсё ж якім бы ні выдаўся год – халодным ці гарачым, дажджлівым ці сухім – верасень у селяніна заўсёды быў часам бульбакапання. Стэфан Рамэйка кожны год пазначаў пачатак і заканчэнне гэтай важнейшай сельскагаспадарчай кампаніі і сваю ацэнку вырашчанага ўраджаю. 7 верасня 1999 года ён запісаў: «За хатай на полі капалі картошку. Бульба зусім дрэнная – страх!» А ў 2007 годзе: «Капалі паспешку. Вялікая. З 18 сотак узялі 75 мяшкоў».

Паводле запісаў Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі падрыхтавала Ніна РЫБІК.



Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений