Рэцэпт жалудовай кавы і паданне пра дубы і зязюлю ад Іаланты Валуевіч

12:55 / 20.08.2022
Неяк  пачула паданне пра тое, чаму зязюля не гадуе сваіх дзетак, асіна ўвесь час трымціць, а магутныя дубы стаяць стагоддзямі і ад кавы з іх жалудоў людзі моцы набіраюцца. Хачу падзяліцца ім з чытачамі «Астравецкай праўды».

Калі нарадзіўся Збаўца, усе людзі цешыліся і весялі­ліся, толькі Ірад скрыгацеў зубамі ад злосці і хацеў знішчыць Дзіцятка. Ён загадаў слугам сядлаць коней і імчаць што ёсць сілы, знайсці маленькага Езуса і забіць Яго.

Багародзіцы ж у сне анёл сказаў: «Бяры хутчэй Дзіцятка і ўцякай, бо Ірад шукае вас». Схапіўшы Сыночка, Марыя пабегла ў лес, бо ўжо чула за сабой пагоню.

Але не ўсе жывёлы і дрэвы дапамагалі выгнаннікам. Зязюлька ляцела над імі і крычала: «Ку-ку! Езус тут, Езус тут!». Спынілася ў адчаі Маці Збаўцы і сказала птушцы: «За тое, што хочаш выдаць маё Дзіця забойцам, не будзеш ты мець шчасця гадаваць сваіх дзетак», – і пабегла далей, стараючыся заблытаць след.

Ды ўбачыла, што асіна махае галінкамі, кліча ганіцеляў. І сказала Маці Божая: «Увесь век ты будзеш трэсціся і трапятацца, як цяпер!» І пабегла далей шукаць схованку, бо тупат капытоў быў чуцен зусім блізка. 

Знясіленая, убачыла Яна магутнае дрэва з пышнай зялёнай кронай – дуб. Схавалася за шырокі ствол і толькі ўздыхнула з палёгкай, як Яе любы Сыночак, знясілены голадам і смагай, скрывіў вусначкі, збіраючыся заплакаць. Спалохалася Марыя, падняла вочы ўгору і прашаптала «Ратуй!» І тут жа з дрэва ў ручкі маленькаму Езусу ўпаў смешны зялёны карапузік – жалудок у капялюшыку з пампончыкам. Дзіця забавілася, заўсміхалася – а тым часам ганіцелі праімчалі міма і зніклі ў лясным гушчары. І сказала тады Багародзіца: «Ты будзеш адным з самых магутных дрэў на зямлі. Я дарую табе доўгі век. Як ты выратаваў мяне, так будзеш ратаваць людское жытло, адводзячы ад яго ўдары маланак і перуноў. А твае сыночкі-жалудочкі будуць ратаваць людзей ад голаду і хвароб – з іх стануць выпякаць хлеб і гатаваць духмяны смачны напой, які бу­дзе даваць людзям сілу і лячыць многія немачы».
З таго часу зязюля падкладвае свае яйкі ў чужыя гнёзды і ў роспачы кукуе, асіна трасе голлем і лісцем, а магутны дуб засланяе людзей ад бедаў і поіць іх жалудовай кавай. 

Хочаце пакаштаваць? То прыгатуйце!

Рэцэпт жалудовай кавы 

Спелыя жалуды, з якіх лёгка здымаецца шапачка, трэба ачысціць ад скуры, палавінкі здрабніць і пасушыць у печы, на сонцы ці ў электрасушылцы. (Можна сушыць і цэлыя, але потым размалоць іх можна хіба што ў жорнах). Высушаныя жалуды падпражыць на сухой патэльні да залаціста-карычневага колеру. Вось вам і кава! Варыць можна на малацэ ці вадзе, дабаўляючы па смаку згушчонку, малако, а лепш – вяршкі. 

Жалудовая кава мае лёгкі арэхавы прысмак і далікатны водар. Ёй прыпісваюць шэраг лекавых уласцівасцей. Кажуць, яна добра ўплывае на работу сэрца і ўнутраных органаў, узмацняе мужчынскую сілу. Так гэта ці не – можаце праверыць.


Текст:
Фото: из интернета