Працяг тэмы: што ўразіла журналістаў «АП» ў Навагрудку і Райцы

10:56 / 23.07.2022
Калектыў рэдакцыі «Астравецкай праўды» чарговы дзень нара­джэння газеты традыцыйна адзначыў вандроўкай па Беларусі. На гэты раз месцам прыцягнення стаў Навагрудскі раён. Для адных, добра знаёмы, ён адкрыўся новымі мясцінамі і людзьмі, для іншых – стаў сустрэчай з нязведаным.
Я ж, узгадваючы былыя ўражанні пры наведванні ўжо знаёмых храмаў і паселішчаў і складваючы ў скарбонку душы пацеркі новых, штораз лавіла сябе на думцы аб ролі асобы ў развіцці чаго б там ні было. У чарговы раз пераканалася: можна прымаць колькі заўгодна правільных рашэнняў і пастаноў, але пакуль не з’явіцца чалавек, у якога будуць гарэць вочы, – справа ў лепшым выпадку будзе ісці як мокрае гарыць. І наад­варот: калі такія людзі з’яўляюцца, знаходзяцца сродкі, магчымасці, аднадумцы. І ўрэшце – нешта асаблівае, самае-самае, на што прыязджаюць падзівіцца зблізку і здалёк і чым ганарацца ў тым ліку і тыя, хто перш не верыў у поспех.

Навагрудак: гісторыя самага неверагоднага ўратавання

У Навагрудку шмат месцаў, дзе варта пабываць. Але гэты музей неверагодны! Пакінуць яго без душэўнага болю можа толькі чалавек, у якога няма сэрца. І гэта пры тым, што ў стварэнне яго экспазіцыі, якая з’яўляецца часткай Навагрудскага краязнаўчага музея, не ўкладзена ні рубля бюджэтных сродкаў: усё адноўлена, зроб­лена, пабудавана, пасаджана, абуладкавана на сродкі прыватных асоб.

Музей яўрэйскага супраціў­лення – помнік сіле духу і празе жыцця людзей, якім наканавана было загінуць, бо ў нацысцкай Германіі не было месца для. Тых, каго не забівалі адразу, чакалі ў лепшым выпадку гета, у горшым – лагеры смерці.

У Навагрудку да вайны было 6 тысяч яўрэяў. Іх і тых, хто жыў у наваколлі, сагналі ў гета – тры халодныя баракі ў былых панскіх стайнях.   Пасля некалькіх «акцый» – так фашысты называлі масавыя расстрэлы, падчас якіх забілі па прыблізных падліках каля 10 тысяч яўрэяў – там засталося 350 «шчасліўчыкаў»:  майстроў, якія ўмелі нешта рабіць лепш за іншых. Яны разумелі, што залатыя рукі і светлыя галовы толькі часова адцягнулі іх смерць. І, не столькі спадзеючыся на поспех, колькі ратуючыся ад безвыходнасці, узяліся рабіць падкоп, каб уцячы з гета. 

Пра гэта трэба пісаць кнігі і здымаць кіно! 

…Пра тое, як на працягу чатырох месяцаў галодныя, знясіленыя цяжкай працай людзі капалі тунэль з-пад нараў свайго барака за агароджу тэрыторыі гета – 250 метраў. Як зямлю спачатку засыпалі пад нары, потым – на гарышча стайні, пасля выносілі ў прышытах знутры спадніц і штаноў кішэнях і высыпалі ў калодзеж. Як умельцы зрабілі непрыкметную для аховы вентыляцыю і – вы можаце такое ўявіць? – электрычнае асвятленне. Як тайная жараб’ёўка вызначала, хто за кім, у якім парадку ў вызначаную ноч спусціцца ў тунэль – і ніхто не ведаў, калі яго чарга, першым ён пойдзе ці апошнім. Як шчасліўчыкі вылазілі з-пад зямлі пад раскаты грому і зіхаценне бліскавіц – і шалелі ад шчасця. Як ахоўнікі выкрылі масавы пабег і адкрылі страляніну: дзясяткі тых, хто ўжо паверыў, што ратунак – вось ён, побач, загінулі за паўкрока ад свабоды. Як тыя 125, што ўратаваліся, прабіраліся да Бельскага – у адзіны ў Еўропе яўрэйскі партызанскі атрад, дзе галоўнай задачай ставілі ратаванне лю­дзей.



Сцяна памяці

І пра тое, як склаўся лёс уце­качоў, якія пабывалі ў абдымках смерці – і выслізнулі з іх. 

…Пра 14-гадовага хлопчыка Ідаля Когана, які за год да масавага пабегу ўцёк з няволі, але праваліўся пад лёд, абмарозіў ногі – і вярнуўся ў гета: яўрэй-дантыст без анэстэзіі і абязбольвання шчыпцамі адламваў хлапчуку пальцы, калі пачалася гангрэна. А потым Бог даў яму другі шанс – ён выбраўся праз тунэль на волю і пазней стаў вядомым у Велікабрытаніі бізнесменам.

…Пра Раю Кушнер, якая была ініцыятарам і арганізатарам пабегу. Яе сын Чарльз неаднаразова прыязджаў у Навагрудак, фінансаваў стварэнне музея, за яго сродкі пабудавана сцяна памяці, дзе ўвекавечаны імёны вязняў гета. А праз шмат гадоў – наколькі цесны свет і непрадказальныя падзеі ў ім! – унук Раі Кушнер стаў зяцем 45-га прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.

…Пра дзяўчынку Міхлю Сас­ноў­скую, якая ў дзень яўрэй­ска­га свята Пурым у касцюме матылька выйшла з гета на вуліцу, а «добрыя людзі» падказалі аку­пантам, што яўрэйскае дзяў­чо разгульвае беспакарана. І не стала дзяўчынкі-матылька... Воб­раз Міхлі ўвекавечаны ў помніку, які прафінансаваў згаданы раней Сяргей Коваль, стваральнік музея ў Літоўцы. 

Пра…

О, у гэтым фільме было б шмат серый! Кожнае імя на сцяне плачу – гэта лёс, варты самага таленавітага пяра і кінакамеры.

Самае неверагоднае, што пра яўрэйскае супраціўленне ў Навагрудку вельмі доўга нічога не ведалі.

 У 1991 годзе ў музей зайшоў госць, які прадставіўся Джэкам Коганам і сказаў, што прыехаў з Лондана, а дзяцінства яго прай­шло ў Навагрудку. Уважліва агледзеў экспазіцыю, а затым спытаў, ці ёсць тут матэрыялы па яўрэйскім супраціўленні – і тым самым паставіў у тупік дасведчаных краязнаўцаў. 

Са знаёмства з Джэкам, у дзяцінстве яўрэйскім хлопчыкам Ідалем, і далейшага заці­каў­ленага супрацоўніцтва мясцовых краязнаўцаў і людзей, якія цудам уратаваліся ад смерці, пачалося стварэнне асобнай экспазіцыі краязнаўчага музея, прысвечанай яўрэйскаму супра­ціўленню. 

Яна адкрылася ў 2007 годзе. У 2014-м тут пасадзілі сад спра­вядлівасці і міласэрнасці ў гонар мясцовых жыхароў, якія, рызыкуючы жыццём і сваімі блізкімі, ратавалі яўрэяў ад смерці. У 2017-м устаноўлены помнік дзяў­­­чынцы-матыльку Міхлі Сас­ноў­­скай, ў 2019-м узведзена сцяна памяці. 

І ўсе гэтыя падзеі – аргументы для пацвярджэння тэорыі пра вызначальную ролю асобы ў гісторыі…



Райца: самая незвычайная сядзіба

Вёска Райца Карэліцкага раёна з незвычайнай, узнесенай, здаецца, да самага неба царквой Святой Варвары пабудовы 1817 года, першапачаткова не была ўключана ў экскурсійны маршрут. Але наведванне храма, а затым – сядзібнага дома Раецкіх, што схаваўся ў гушчыні парку, стала той «вішанькай на торце», якая зрабіла паездку і ўражанні ад яе незабыўнымі.

…Аўтобус збочыў з шашы, з-за засені дрэў раптам паказаўся вялікі сядзібны дом з белымі калонамі – і ўзнікла адчуванне, што мы перанесліся на стаго­ддзе назад.

Старадаўні англійскі парк з уні­кальным, адзіным у Беларусі васьмітычынкавым каштанам… Круглы стол на верандзе і просты да замілавання букет… Трэш­чынкі на дзвярах, аконных рамах, сценах, якія ніколькі не псуюць выгляд дома – як маршчынкі толькі дадаюць шарму пастарэлай прыгажуні… І гаспадыня ў доўгай льняной сукенцы, уласнаручна вязанай накідцы, з гладка зачасанымі пасівелымі валасамі – такая простая і велічная, муд­рая і таленавітая…

Майстар саломапляцення Ве­ра Салдатава, работы якой за­хоў­­ваюцца ў Нацыянальным му­зеі гісторыі культуры Бела­русі, а таксама ў музеях і пры­ватных ка­лекцыях ЗША, Велікабрытаніі, Расіі, саламяны зубр якой быў падораны прэ­зідэнту Венесуэлы Уга Чавесу, а капялюшык – Хілары Клін­тан. Разам з мужам, мастаком-ікана­пісцам Аляк­сандрам, даўно збеглі з Мінска «ў глуш, на хутар». А ў 2009 годзе выкупілі сядзібны дом,  дзе вырасла не адно пака­ленне Раецкіх, які памятае крокі Марылі Верашчакі і прызнанні закаханага ў яе Адама Міцкевіча. 

Дому ў адрозненне ад многіх  яго равеснікаў пашанцавала: сядзібу не зруйнавалі, не расцяг­нулі па цаглінках: у савецкія часы тут была бальніца, пазней – амбулаторыя. А цяпер вось яе адра­джэннем заняліся Салдатавы. Яны мараць зрабіць тут музей. І ўжо пачалі: адна з залаў абсталявана пад выставачную. Тут можна палюбавацца работамі Веры і Аляксандра: іконамі ў саламяных акладах, велічным зубрам, незвычайнымі «павукамі», вянчальнымі каро­намі, расшытымі саламянай ніткай – яе ўласнаручна прала гаспадыня з вырашчанага Салда­тавымі жыта, і іншымі тво­рамі мастацтва. 
У гэтым доме Салдатавы жывуць, працуюць, прымаюць на­вед­­­­вальнікаў – народная сцеж­ка сюды пратаптаная, мы былі далё­ка не першымі, і трэба спа­дзя­­вац­ца, не апошнімі гасцямі. І паціху, наколькі хапае сіл і сродкаў, рамантуюць яго – дзя­каваць богу, не так, як часам рэстаў­руюць старажытныя замкі, без гіпса­кардону і металачарапіцы, імкну­чыся захаваць ці вярнуць першапачатковы выгляд. 

Я веру – усё ў іх атрымаецца, з Божай і людской дапамогай!

Навагрудак, Уселюб, Лаўры­шава, Літоўка, Райца – усяго толькі некалькі яркіх, арыгі­нальных пацерак у каралях летніх вандровак і ўражанняў. Каб было што перабіраць і чым грэцца доўгімі зімовымі вечарамі…




Салому Вера Салдатава сама вырошчвае і нарыхтоўвае

Вянчальная карона, вышытая саламянай ніткай


Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик