Свята вёскі адзначылі ў Альхоўцы

16:34 / 19.07.2022

У суботу ў Альхоўцы прайшло свята вёскі, на якое сабраліся жыхары і шматлікія госці.

Дзень вёскі – нагода для тых, хто пакінуў родны дом, прыехаць на сустрэчу з роднымі і сябрамі, успомніць маладыя гады, наведаць бацькоўскую хату. Але найперш гэта свята для людзей, якія жывуць і працуюць на роднай зямлі, гадуюць тут дзяцей, унукаў, праўнукаў, імкнуцца зрабіць прыгожымі свае падворкі і вуліцы.

Галоўнай пляцоўкай урачыстасці стаў сельскі клуб. Працаваў выязны кірмаш. З гульнявых пляцовак даносіліся захопленыя воклічы і смех дзетвары. Для самых маленькіх вяскоўцаў і гасцей працавалі атракцыёны, запрашала і пляцоўка бяспекі ад Астравецкага РАНС.

З днём вёскі яе жыхароў павіншавалі старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Ірына Раткевіч і дэпутат раённага Савета дэпутатаў, ляснічы Міхалішкаўскага лясніцтва Яўген Волкаў.

Утульныя прыгожыя панадворкі – візітная картка сучасных беларускіх вёсак, і асаблівую ўвагу на свяце ўдзялілі жыхарам, чыімі клопатамі вёска прыгажэе з году ў год. Дыпломы і падарункі ўручылі пераможцам конкурсу падворкаў «Мой дом -- мой гонар»: сям'я Алены і Эдуарда Шушко заняла ў гэтым конкурсе трэцяе месца, Алены і Андрэя Грынцэвічаў – другое, а “райскі куточак” Ніны і Уладзіміра Саўко скарыў членаў камісіі і атрымаў безумоўную перамогу. Журы таксама адзначыла падвор’і Юзэфы і Вацлава Талуць, Алега і Зоі Корзун, Алісы Сізінцавай, Вольгі Белахонавай, Валянціны і Стэфана Бранцэвічаў.

Жыццё ў вёсцы ідзе сваёй чаргой: нараджаюцца дзеці, нехта ўпершыню ідзе ў дзіцячы сад, школу, хтосьці ўсё жыццё адпрацаваў тут на карысць роднага краю... Не забыліся на свяце і пра такіх людзей: павіншавалі і пажадалі здароў’я самай сталай жыхарцы вёскі Гелене Францаўне Шашкела, якой сёлета споўніцца 93 гады; прывіталі самую юную жыхарку Сонечку Жук.

Знайшліся ахвочыя парыбачыць і разам з тым паўдзельнічаць у конкурсе «Рыбак года». У выніку прызавыя месцы “вылавілі” Мікалай Мароз, Аляксандр Міхайлаў і Арсеній Штура.

Дыпломамі і падарункамі адзначылі ўдзельнікаў спаборніцтваў па валейболе. Перамогу ў ім святкавала каманда “Санечка”.

Добрай традыцыяй стала праводзіць у гэты дзень фестываль сямейнай творчасці «Альхоўка». На працягу сямі гадоў яго існавання на сцэну падымаліся артысты з Альхоўкі, Міхалішак, Кямелішак, Рытані, Варнян, Астраўца і Ашмян. Сёлета ён сабраў 11 таленавітых сем'яў. Апладысментамі і воклічамі “Брава!” сустракалі гледачы Яну і Людмілу Стасіловічаў, Алесю, Міладу, Цімафея, Васілісу і Вікторыю з сям’і Ярмак, Ірыну і Ганну Часнойць, Ксенію і Алену Кусойць, Маргарыту і Кацярыну Волкавых, Юлію і Юрыя Часнойцяў, Яўгенію і Алега Уласікаў, Вераніку і Алесю Сяўрыс, сёстраў Надзею Вайцяховіч і Вольгу Валэйка, Кіру і Вікторыю Борыс, Аляксандру і Валянціну Міхайлавых.

– З кожным годам расце майстэрства нашых удзельнікаў. А прафесіянальная падрыхтоўка нумароў заслугоўвае раённай сцэны! – адзначыла Ірына Раткевіч.

Ліліся песні па акрузе, абвяшчаючы аб свяце роднай вёскі. Вясёлае і шумнае свята доўжылася да заходу сонца.

Нягледзячы на надвор’е, дзень вёскі атрымаўся вельмі душэўным і цёплым. Было радасна ўбачыць сваіх аднавяскоўцаў, пагутарыць з імі. Упэўнена, такія святы дапамагаюць кожнаму пранікнуцца любоўю да роднай зямлі, на якой жылі нашы продкі, жывем мы і будзе жыць яшчэ не адно пакаленне беларусаў.

Ад аўтара

Хочацца падзякаваць людзям, якія аказалі матэрыяльную падтрымку арганізатарам свята: Астравецкай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь», «ЦБК-Кардон», Міхалішкаўскаму лясніцтву, Астравецкаму цэнтру культуры і народнай творчасці, індывідуальным прадпрымальнікам Сяргею Іванову і Аляксандру Радута, а таксама Дзіяне Кушлевіч, Таццяне Бабіч і Людміле Лебедзевай.






Аляксандра ПРАЦУТА.