У Жукойнях Жалядскіх адзначылі двайны юбілей касцёла

16:00 / 19.07.2022

Мне пашчасціла пабываць у святынях розных веравызнанняў у Беларусі і за яе межамі. Помнікі архітэктуры, месцы духоўнага здабытку і еднасці веры выклікаюць шматгранныя эмоцыі. Адны ўражваюць адметным стылем, другія здзіўляюць незвычайным убранствам, трэція запамінаюцца цікавай гісторыяй, чацвёртыя… Пералічваць своеасаблівасці наведаных храмаў можна доўга. Але толькі ў адным з іх – невялікім драўляным касцёле на ўзгорку ў Жукойнях Жалядскіх – я адчуваю сябе адначасова па-хатняму ўтульна, па-святочнаму ўзнёсла і па-духоўнаму гарманічна. І сёлета гэтая святыня, якая носіць вызнанне Маці Божай Шкаплернай, адзначыла двайны юбілей: 400 гадоў з часу заснавання касцёла і 200 гадоў з утварэння Жалядскай парафіі.

Урачыстасці з нагоды двайнога свята прайшлі 16 ліпеня – у дзень успаміну Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль, калі ў касцёле праходзіць штогадовы традыцыйны фэст.

Павіншаваць вернікаў з гэтай значнай падзеяй і памаліцца разам з імі падчас святой імшы, у Жукойні Жалядскія па просьбе біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандра Кашкевіча прыехаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, а таксама святары з Астравецкага і суседніх раёнаў.

Перад гэтым яны наведалі суседнюю парафію ў Клюшчанах, дзе адбылося пасвячэнне касцёла святога Яўхіма, які абуладкавалі ў былой плябаніі замест знішчанага пажарам у 2017 годзе.

Радаснай узнёсласцю было прасякнута нават паветра. Велічнасць і хваляванне ад прыдачынення да гістарычнага моманту ў жыцці касцёла, калі пачынаецца новая старонка яго біяграфіі, адчувалі і перажывалі ўсе ўдзельнікі ўрачыстасці, якія прыйшлі ў гэты дзень укленчыць перад святой заступніцай і падзякаваць ёй за ласку. Нават няўрымслівыя немаўляты і дашкаляты зачаравана глядзелі на абразы Маці Божай і святых, а самыя смелыя цягнулі да іх ручкі, падсвядома просячы міласці і апекі.

Віншаванні з нагоды юбілею касцёла, супольная малітва, пранізваючыя да дрыжыкаў па скуры словы навукі, прыняцце Цела і Крыві Хрыста, урачыстая працэсія пад гучны “голас” звона і блаславенне на пятае стагоддзе служэння людзям – імша праляцела, бы імгненне. Але ўспамін аб ёй, думаю, застанецца ў сэрцах вернікаў назаўсёды.

Напрыканцы пробашч парафіі ксёндз Анатоль Захарэўскі падзякаваў парафіянам за ўдзел ва ўрачыстасці і клопат аб касцёле, а таксама ўзгадаў прозвішчы людзей, якія ў розны час падтрымлівалі і не далі згаснуць агеньчыку веры ў Жалядзях.

А ў заканчэнні прысутным быў прадэманстраваны невялікі фільм, падрыхтаваны да двайнога юбілею. Ён доўжыўся крыху больш за дзве хвіліны, але выклікаў буру эмоцый і многіх расчуліў да слёз! Моладзь радасна гаманіла, пазнаючы сябе ў гарэзлівых хлопчыках і дзяўчынках, старэйшыя людзі пацвярджальна ківалі, гледзячы на будынак касцёла ў розныя гады – і амаль ва ўсіх вільгатнелі вочы, калі на экране з’явіліся спачылыя аднавяскоўцы, якія ўсміхаліся і махалі рукой, вітаючы жывых і быццам наказваючы: “Шануйце наш касцёл, як шанавалі яго мы!”

…Я бачыла розныя святыні ў Беларусі і за яе межамі. Кожная па-свойму ўражвае, здзіўляе, прыцягвае і запамінаецца. Аднак, няхай прабачаюць іншыя, толькі ў адной з іх – невялікім драўляным касцёле на ўзгорку ў Жукойнях Жалядскіх, я адчуваю сябе па-хатняму ўтульна, па-святочнаму ўзнёсла і па-духоўнаму гарманічна. Тут я бачу знаёмыя твары землякоў і адчуваю сябе сваёй сярод сваіх. Бо гэта касцёл маёй радзімы, храм майго дзяцінства і сталення, месца, дзе і зараз шукаю адказы на вечныя пытанні і прашу дапамогі.

Гэта святыня, куды калісьці за руку прывяла мяне мама… І дзе яе тры месяцы таму праводзілі ў апошні шлях – да Бога.


З гісторыі Жалядскага касцёла

Касцёл Маці Божай Шкаплернай у Жукойнях Жалядскіх – адзін з самых старажытных храмаў Беларусі. У 1621 годзе тут з’явіліся манахі ордэна кармелітаў, а ў 1622-м – сакратар караля Зыгмунта III Вазы Войцех Хлюдзінскі “для сваёй выгады і патрэб падданых” пабудаваў на ўзгорку сярод дубовага гаю святыню. Прывілеем ад 1624 года Хлюдзінскі запісаў у фундуш кармелітам маёнткі Жалядзі, Спонды і Косцевічы (ранейшыя Якубавічы) і невялічкія навакольныя засценкі.

Жалядскі касцёл лічыўся філіялам Свірскага. Праз 200 гадоў кармеліты пабудавалі новы, больш прасторны касцёл пад вызнаннем Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Войцеха і пакутнікаў. Тады ж была ўтворана Жалядская парафія.

У 1866 годзе Жалядскі касцёл па распараджэнні Віленскага генерал-губернатара быў зачынены. Будынак быў пераўтвораны ў праваслаўную Свята-Увядзенскую царкву.

У 1902 годзе царква згарэла. На яе месцы ў 1912 пабудавалі новы храм.

З 1920 года касцёл пачаў дзейнічаць пад вызнаннем Маці Божай Шкаплернай.

У 1948 годзе касцёл зачынілі, але вернікі ўсё роўна збіраліся ля святыні і маліліся.

У 1990 годзе касцёл вярнулі вернікам. З гэтага часу пачынаецца навейшая гісторыя касцёла.

Падрыхтавала Іаланта ВАЛУЕВІЧ.


 
















 

Текст:
Фото: Марина Мацкевич