Хто працуе на жніве ў КСУП “Гудагай”

14:29 / 15.07.2022

Уборачную кампанію на Астравеччыне распачалі хлебаробы КСУП “Гудагай”, якія на раніцу 15 ліпеня абмалацілі 48 гектараў азімага ячменю. Жніўны клін збожжавых культур на Астравеччыне сёлета складае 15 535 гектараў.

Хоць пра масавае жніво гаварыць не выпадае, камбайны ўжо выйшлі ў поле. Хлебаробы КСУП “Гудагай” першымі на Астравеччыне распачалі жніўную кампанію з абмалоту азімага ячменю – гэтая культура найхутчэй даспявае.

Хто ўбірае ўраджай у КСУП “Гудагай”, ці ўрадзіла сёлета збожжа і якую тэхніку да пачатку ўборкі набылі ў гаспадарцы – пра гэта і іншае даведаўся карэспандэнт “раёнкі”.

Думаю, многія вяскоўцы са мной пагодзяцца, што ў жніва асаблівая энергетыка, якая з першых хвілін работы жаткі захоплівае працаўнікоў і ўсё наваколле. Без перабольшвання: у гэты перыяд хлебаробы гатовыя працаваць, што называецца, ад змяркання да світання. І гудагайскія камбайнеры – не выключэнне.

У дзень майго прыезду шэсць камбайнаў абмалочвалі азімы ячмень непадалёк ад вёскі Альгіняны, пакідаючы пасля сябе важкія залацістыя валкі саломы.

Некалькі гадоў запар у зладжаным райкамам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу жніўным спаборніцтве перамагаў Яўген Грабоўскі з Аляксандрам Ермаковічам – яны першымі сярод камбайнерскіх экіпажаў запісвалі на свой рахунак спачатку адну, а потым і другую тысячу тон збожжа. Механізатары задзейнічаны на ўборцы, праўда, сёлета працуюць не ў пары: Аляксандр возіць збожжа, а ўбіраць яго Яўгену ў гэтым годзе дапамагае Сяргей Семянцоў – да слова, не навічок у жніўнай справе.

– Па ўсім бачна, што сёлета збожжа ўрадзіла значна лепш, чым у мінулым годзе. На круг ячмень дае звыш 54 цэнтнераў, летась сыпаўся горш, – расказаў Яўген Грабоўскі.


Памочнік Сяргей Семянцоў і камбайнер Яўген Грабоўскі

– Хто-хто – а мы, беларусы, дакладна будзем з хлебам, – да размовы далучыўся Сяргей Семянцоў. – Для мяне гэтае жніво – шостае. Пяць гадоў у якасці памочніка камбайнера працаваў з Сяргеем Трусевічам. У мінулым годзе мы першымі сярод маладзёжных экіпажаў Гродзеншчыны намалацілі тысячу тон збожжа. Не буду утойваць, хочацца, напэўна, як і любому хлебаробу, стаць першым “тысячнікам” Астравеччыны.

Да пачатку ўборкі парк тэхнікі КСУП “Гудагай” папоўніўся: тут набылі 2 збожжаўборачныя камбайны вытворчасці “Гомсельмаш” і 2 МАЗы з прычэпамі.

На новенькім бліскучым камбайне ўпершыню ў пары працуюць Аляксандр Шамаль і Іван Дрэма.

– Настрой аптымістычны, – адзначыў Аляксандр. – У нашай справе самае галоўнае, каб не падводзіла надвор’е. А мы пастараемся, як мага хутчэй і без страт убраць ураджай.

Другі камбайн даверылі вопытным механізатарам Браніславу Калядзе і Івану Герасіму.

– Нават і не ўспомню, якое па ліку для мяне гэтае жніво. З 7-га класа дапамагаў бацьку абмалочваць збожжа на “Ніве”, – прыгадвае Іван Герасім. – Нашы папярэднікі прыйшлі ў захапленне ад камбайнаў, на якіх мы цяпер працуем.

З пачаткам масавага жніва ў КСУП “Гудагай” 12 камбайнаў будуць “разбіты” на 3 вытворчыя звяны – ім давядзецца абмалаціць звыш 3 600 гектараў збожжавых і зернебабовых.


Аляксандр Ермаковіч возіць збожжа


На новым камбайне айчыннай вытворчасці працуюць Аляксандр Шамаль і Іван Дрэма


Новы МАЗ даверылі вопытнаму вадзіцелю Валерыю Змітровічу


Камбайнерскі тандэм у складзе Анатоля Янкойця і Валерыя Вайткевіча


Адны з самых вопытных хлебаробаў гаспадаркі Браніслаў Каляда і Іван Герасім

Текст:
Фото: Алёна Ганулич