Праблемы і здабыткі пчалярства абмеркавалі на рэспубліканскім семінары ў лясгасе

10:02 / 05.07.2022
На базе Астравецкага доследнага лясгаса прайшоў абласны семінар. 

Праблемы ў пчалярстве, эфектыўнасць так званага пабочнага лесакарыстання і вытворчасць мёду абмеркавалі пчаляры вобласці. 

Адкрыў семінар дырэктар лясгаса Рыгор Долгі, які падрабязна расказаў пра дзейнасць лесагаспадарчага аб’яднання і развіццё пчалярства. 

– У апошнія гады мы выйшлі на больш высокі ўзровень вядзення пчалінай гаспадаркі: навучыліся змагацца з хваробамі, сталі атрымліваць значна больш мёду. Але праблемы застаюцца. Думаю, на гэтым семінары мы не толькі абмяркуем вузкія месцы і здабыткі, але і,  абмяняўшыся вопытам, знойдзем адказы на многія пытанні, – зазначыў Рыгор Мечыслававіч. 

Вынікі работы лясгасаў па вядзенні пабочнага лесакарыстання падсумаваў намеснік начальніка вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі Гродзенскага ДВЛГА Яўген Думчэў. Выступілі і іншыя эксперты. 

Удзельнікі семінара наведалі пасеку лясніцтва, а ў якасці культурнай праграмы ім прапанавалі знаёмства з касцёлам Святой Тройцы ў Гервятах.



Слова экспертам

Дзмітрый Рахматулін, загадчык лабараторыі інстытута пчалярства НАН Беларусі:

– Семінары на базе лясніцтваў Гродзен­шчыны праходзяць на  высокім узроўні. Астравецкая пасека ўразіла: усё зроблена па сучасных тэхналогіях, пчаляры ведаюць  тэхналагічныя этапы для атрымання добрага мёдазбору. Бачна, што ў гэтым зацікаўлены і дырэктар лясгаса Рыгор Долгі. Пасека павінна даваць прыбытак не толькі ў выглядзе таварнага мёду і іншай прадукцыі пчалярства, гэта яшчэ і апыленне сельскагаспадарчых і лясных культур.  

Кожны год паказчыкі атрымання таварнага мёду растуць, пасекі развіваюцца і прыносяць прыбытак. 

З тым, што пасекі – гэта пабочнае лесакарыстанне, згодзен не да канца: варта выводзіць іх у статус асноўных. Пчаліныя вуллі ў лесе – гістарычная асаблівасць Беларусі, гэты промысел вядомы здавён.  

Павел Жугалёў, пчаляр:

– За некалькі гадоў да выхаду на пенсію задумаўся, чым буду займацца на заслужаным адпачынку. Часлаў Лабачэўскі параіў пчалярства. У салігорскім грамадскім аб’яднанні «Бортнік» пераймаў вопыт, удзельнічаў у семінарах, наведваў пасекі Беларусі і суседніх краін. У лепшыя часы ў мяне на пасецы было да 40 сямей. Асаблівага прыбытку гэта я справа не прыносіла: пастаянна частаваў свежым мёдам шматлікіх сяброў. 

На жаль, з-за стану здароўя пчалярствам больш не займаюся, апошні вулей аддаў свату. Кансультую пачынаючых – і ў тым знаходжу радасць.






Текст: