“Дыялог нацый” сабраў сяброў у Рымдзюнах

15:00 / 29.06.2022

У чэрвені, калі на ўзлесках і лугах пачынаюць цягнуць да сонца галоўкі рамонкі, у аграгарадку Рымдзюны праходзіць свята “Дыялог нацый”. У гэтую нядзелю яно сабрала сяброў і шматлікіх гасцей.

Некалькі гадоў назад сімвалам урачыстасці быў абраны рамонак – кветка, якая цвіце ў многіх краінах і сімвалізуе адкрытасць, чысціню і вернасць. Вялікія і маленькія рамонкі “цвілі” паўсюль: на сцэне, імправізаваных пляцоўках, у гліняных гладышах.

У фае сельскага клуба-бібліятэкі раскінуўся сапраўдны вернісаж. Шматлікія работы народнага майстра Беларусі Марыі Мажэйка, якой сёлета не стала, яшчэ памятаюць дотык працавітых рук жанчыны. Незвычайнасцю і аўтарскім стылем наведвальнікаў прыцягвалі экспазіцыі карцін Дзіяны Макарэвіч і Стасе Сугінтаса. Святлана Петрык падзялілася сваім бачаннем народнай казкі “Гусі-лебедзі” – зрабілі яны гэта з дапамогай выцінанак. А таксама далі невялікі майстар-клас па стварэнні пояса на ткацкім станку.

Гасцінныя гаспадыні ў народных літоўскіх строях, удзельніцы аматарскага аб’яднання традыцыйнай народнай культуры “Жыльвіціс”, частавалі гасцей духмянай гарбатай даўгалецця, рымдзюнскімі пончыкамі і мёдам. Дарэчы, дэгустацыя суправаджалася змястоўным расповедам пра зёлкі, з якіх спакон вякоў жыхаркі гервяцкага краю робяць гарбату.

Рымдзюнскі сельскі клуб-бібліятэка можа пахваліцца багатым на экспанаты музейным пакоем. Сімвалічна, што менавіта ў Год гістарычнай памяці ён пераехаў у больш вялікае і прасторнае памяшканне. Кожнаму ахвочаму яго гаспадыня Наталля Бялячыц расказала пра побыт, жыццё і культуру мясцовых людзей.

Адкрываючы свята, адна з вядучых адзначыла, што ў гервяцкім краі шмат стагоддзяў ва ўзаемаразуменні і сяброўстве жывуць прадстаўнікі многіх нацыянальнасцей. Хоць яны размаўляюць па-літоўску, па-беларуску, па-ўкраінску, але яднае іх адна мова – творчасці.

Музычным аздабленнем свята сталі нумары ад залатога голасу гервяцкага краю Анастасіі Ядзевіч, фальклорнага і інструментальнага гуртоў пад кіраўніцтвам Владаса Бублявічуса, калектыва ўсходняга танца “Аміра” і юных удзельніц аматарскага аб’яднання “Моладзь, ініцыятыва, творчасць”, якое дзейнічае пры Рымдзюнскім сельскім клубе-бібліятэцы. Уласны верш-прысвячэнне гервяцкай зямлі прачытаў сталічны паэт Генрых Тарасевіч. Завяршылася святкаванне энергічным і экспрэсіўным шоў ад калектыву “Алюр” – многія пусціліся ў скокі.

…Ніводнае свята немагчыма ўявіць без падарункаў. Не з пустымі рукамі ў Рымдзюны завітала загадчык сектара культуры Вольга Баяровіч.

– Гістарычна склалася, што ў Беларусі, у тым ліку на Астравеччыне, пражываюць розныя нацыянальнасці. Усіх нас аб’ядноўвае агульная гістарычная памяць. Менавіта такія мерапрыемствы, як “Дыялог нацый” аб'ядноўваюць людзей, розных па нацыянальнасці, веравызнанні і дазваляюць не страціць памяць пра мінулае. Удзячна калектыву рымдзюнскага філіяла за дапамогу, удзел у многіх мерапрыемствах, а таксама за тое, што яны падтрымліваюць самабытнасць і захоўваюць традыцыі, – адзначыла Вольга Баяровіч і ўручыла загадчыку сельскага клуба-бібліятэкі Наталлі Бялячыц Падзякі ад начальніка ўпраўлення культуры аблвыканкама за актыўны ўдзел у фестывалі нацыянальных культур, які напачатку месяца прайшоў у Гродне, і сектара культуры Астравецкага райвыканкама.


З першых вуснаў

Наталля Бялячыц

– Удзячна ўсім – сябрам, блізкім, гасцям , – хто ў гэты дзень прыехаў у Рымдзюны на свята. Нездарма кажуць: адзін у полі не воін. За дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства і падтрымку ўдзячна адміністрацыі КСУП “Гервяты” і яго прафсаюзнай пярвічцы, сектару культуры, турыстычнай фірме “Саўлета”. Усім прысутным жадаю міра, вернасці і дабрыні.














Текст:
Фото: Алёна Ганулич