Приехали работать на БелАЭС – так Ольга и Виталий Дятловы стали островчанами

09:00 / 25.06.2022

Гамяльчане Вольга і Віталь Дзятлавы прыехалі ў наш горад 8 гадоў таму. Пра тое, што прывяло на Астра­веччыну, уражанні ад невядомых мясцін і планы на будучыню, карэспандэнту расказала сямейная пара.

Хачу працаваць на АЭС
Яшчэ падчас вучобы ва ўні­версітэце Вольга злавіла сябе на думцы: калі б з’явілася магчымасць працаваць на атамнай станцыі, што будавалася ў Астраўцы, – яна паехала б. 
– Для мяне здавалася нечым нерэальным трапіць сюды на працу, – дзеліцца Вольга. – Мы з Віталем пажаніліся, калі я скончыла вну. Муж на той момант меў добрую работу ў сталіцы, мы вырашалі, дзе будзем жыць. Я сказала, што хачу ўладкавацца на атамную станцыю, і ён згадзіўся. Адправіла рэзюмэ на БелАЭС – і мне патэлефанавалі.
Вользе выдзелілі пакой у інтэрнаце, а Віталь застаўся ў Мінску. 
– Тады ў Астравец яшчэ не хадзілі мар­ш­руткі – дабіралася на цягніку. Гарад­скога транспарту таксама не было – нязвыкла, – расказвае Вольга. – Крыху пазней прыехаў у Астравец муж – спачатку працаваў у пад­раднай арганізацыі на будоўлі станцыі, а потым перайшоў у БелАЭС.
– Без шкадавання змяніў і работу, і месца жыхарства – хоць вырас у вялікім горадзе, аднак вельмі напружвала сталічная мітусня, «пробкі»… А спрабаваць нешта новае не трэба баяцца – інакш як зразумееш, дзе табе лепш, – разважае малады чалавек. – У Астравец мы прыехалі ў 2014-м. Горад цяпер і тады – дзве вялікія розніцы: тады ён толькі пачынаў разбудоўвацца. Але спакой, цішыня зачароўвалі – не трэба было стрымгалоў кудысьці несціся, прырода прыгожая.
– Мяне крыху бянтэжыла, тым больш гэта быў першы год нашага сумеснага жыцця, – ці то абуладкаванне сямейнага гняздзечка, ці то змена абстаноўкі… Да слова, калі засяліліся ў кватэру, нічога не было, – «а-ля мэбля» і матрац замест ложка. Памятаю, ставім на скрынку ноўтбук, уключаем серыял, кладзёмся і глядзім – рамантыка. Сябры, якія прыехалі на працу на будоўлю АЭС раней, казалі, што яны напачатку таксама так жылі – маўляў, не хвалюйцеся, усё пакрыху абуладкуеце. Не верылася, – узгадвае Вольга адчуванні ад новага месца жыхарст­ва. – У мікрараёне нумар адзін нават не было магазіна – мы хадзілі ў «Родны кут», што на Валадарскага. А ў выхадныя амаль усе раз’язджаліся – пуста было ў дварах – не цяпер, калі машыну няма дзе прыпаркаваць. Неяк Віталя брат у нас гасцяваў, сеў на лавачку ля пад’езда, а непадалёк ад дома лес і піларама – птушкі спяваюць, цішыня, пах стружкі. Ён удыхнуў паветра і кажа: «У вас нібы ў санаторыі».

Фантан у Астраўцы
Перад тым, як адправіцца ў Астравец, маладыя людзі пазнаёміліся з горадам завочна.
– Вольга прапанавала адкрыць гугл-карту – на ёй была адзна­чана ўсяго адна кропка: «фантан у Астраўцы» – што ля пош­ты,  – смяецца Віталь. – Потым паглядзелі карту горада – нічога асаблівага.  
– Першым месцам культурнага адпачынку, якое я наведала ў год майго прыезду, быў рэстаран «Радуга» – калега запрасіла на юбілей, – узгадвае Вольга.
– Я – кафэ, якое цяпер называецца «Візаві», – далучаецца да размовы муж жанчыны. – Там у мяне праходзіла субяседаванне з будучым работадаўцам.
– А што тычыцца адсутнасці начных клубаў, басейна, трэнажорных залаў і гэтак далей – не бачылі ў гэтым страху ні тады, ні цяпер. Заўсёды можна знайсці чым сябе заняць, – лічаць маладыя людзі. – І гэта не толькі наша асабістае меркаванне, знаёмыя таксама яго падзяляюць. Мы Астравец абхадзілі ўздоўж і ўпоперак, ведаем кожны куточак. У трэцім мікрараёне часта гуляем.

Па-за работай 
– Калі гаварыць пра адпачынак, мне па душы прырода: паветрам свежым падыхаеш, паплаваеш, рыбу павудзіш, шашлык пасмажыш, па лесе прагуляешся і разам грыбоў-ягад назбіраеш – любата, – разважае Віталь. – Прырода тут класная! Сарачанскія азёры палюбіліся, рыбачыў у Стрыпішках на азёрах, хачу павудзіць на Віліі – там ужо іншыя рыбалка.
– Дарэчы, пра лес, – пад­хоп­лівае тэму Вольга. – Ён не такі, як на Гомельшчыне, – рэдкі, лёгкі, празрысты, я б сказала, а тут густы – часам страшна: 2 метры ўперад – і ўжо не бачна. І шмат ядлоўцу дзікарослага – у нас увогуле яго няма. Тут у асноўным елкі, а там – сосны. А яшчэ рэльеф узгорыс­ты, Гомельшчына – гэта раўнінныя землі. Вельмі адрозніваецца і клімат – у нас цяп­лей. І на Астравеччыне няма камароў – такіх, як у нас на радзіме. (Смяецца.) У Гомелі столькі мошак, асабліва ў маі, – здаецца, заесці гатовы. 
– Рэгіён ужо нядрэнна ведаем, – дзеляцца муж з жонкай. – Калі прыехалі сюды, адразу набылі карты Астравецкага, Ашмянскага і Смаргонскага раёнаў. Першае, з чым пазнаёміліся па-за горадам – гервяцкі касцёл. Гэта нешта неверагоднае! Едзеш па вёсачцы – звычайныя домікі, нічога асаблівага – і тут такая веліч! Уразіла, што такое ёсць у Бела­русі. Кальварыя ў вёсцы Дубок – пры­гожа – там былі падчас сплаву на байдарках. 
– Мы ўжо сплаўляліся па Віліі, Ашмянцы, Страчы. Сплавы, падчас якіх яшчэ і нешта даведваешся пра мясцовасць, паўз якую працякае рака, канешне, цікавейшыя, – дадаюць маладыя людзі. – Да слова, усе вясковыя хаты на Гомельшчыне маюць разную шалёўку на вокнах, якая нясе ў першую чаргу ахоўную функцыю, – на Астравеччыне такой моды няма. Затое тут у многіх сялянскіх дамах ёсць  цэнтральны ўваход – верандачка, у нас так не будуюць. І яшчэ нізкія платы вакол хат – на Гомельшчыне яны высокія.
Уразіла Вольгу з Віталем і шматлікасць каталіцкіх храмаў.
– Гаворка, канешне ж, адрозная ад Гомель­шчыны, – зазна­чаюць новыя астраў­чане. – Заў­важылі, што любімыя словы «замнога», «за­мала», ужываецца шмат дзее­прыслоўяў, кшталту, «пай­шоў­шы», «паеўшы», «зра­біўшы»… 
– Калі сплаўляліся па Ашмянцы, сустрэлі на адным з прыпынкаў жанчыну, якая час­та ўжывала ў размове слова «файны». Я адразу правёў паралель з англійскім «файн» – думаю: чаго гэта яна англійскае слова так вымаўляе, – смяецца Віталь.




Новыя гараджане
– Мы з мужам думалі, што едзем сюды ненадоўга – і, падобна, аселі, – усміхаецца Вольга. – У нас ёсць дача – купілі домік у Маркунах. Градкі разбілі, дрэўцы, кусты, дэкаратыўныя расліны пасадзілі…
– Я думаў, што будзем у Маркуны пры­язд­жаць на адпачынак – па­мы­ляўся, – смяецца Віталь. – Хаця не: гэта актыўны адпачынак!
– У Астраўцы я стаў донарам – ужо 2 гады здаю кроў. Заўсёды думаў пра гэта, але толькі тут ажыццявіў задуму – калегі ходзяць, і я прыдачыніўся да карыснай справы, – працягвае малады чалавек.
– А я, акрамя «фітнесу» на дачы, наведваю трэнажорную залу – заняткі па раскладзе не дазваляюць мне расслабляцца: ведаеш, што пэўную колькасць разоў на тыдзень цябе чакаюць – і ўжо не палянуешся, прытым за табой сочыць трэнер: нагрузку якую даць, што скарэктаваць, – тлумачыць Вольга.
Муж з жонкай зазначаюць, што з моманту іх прыезду Астравец вельмі змяніўся. І бачаць у гэтым вялікі плюс – бо гэта сведчыць пра развіццё. 
– А вось для моладзі месцаў адпачынку малавата, ды і кан­курэнцыі амаль няма – ад гэтага «накульгвае» сэрвіс, – разважае маладая пара. – Боўлінг адкрылі нядрэнны – карыстаецца попытам. Што тычыцца кафэшак – меню аднастайнае, пагадзіцеся, прыходзіць у адно месца і заказваць адно і тое ж доўга не будзеш. 
– Пакуль даводзіцца ў ста­лі­цу ці Мала­дзечна ездзіць па меды­цынскіх пытаннях – у прыватныя клінікі. Добра было б, каб у Астраўцы хаця б адна з’явілася. Для мяне важны прэвентыўны падыход да зда­роўя – гэта калі цябе лечаць не тады, калі захварэў, а папярэджваюць гэтую хваробу. Для гэтага патрэбна абследаванне, – кажа Вольга.
А ўвогуле нам вельмі тут падабаецца, адно толькі бацькі далёка – у «тур» па родзічах выязджаем рэдка.
 

Фота з сямейнага архіва герояў.



Текст: