250 малышоў за няпоўныя паўгода з’ явіліся на свет у Астравецкай бальніцы

08:00 / 19.06.2022

– Віншуем! Прыходзьце да нас яшчэ! – амаль штодня, а то і па некалькі разоў за дзень гаворыць гэтыя словы дзіцячая медсястра акушэрскага аддзялення ЦРКБ Марына Кісялевіч, перадаючы шчаслівым і крыху разгуб­леным татам перавязаны чырвонай ці блакітнай стужкай «канверт» з нованароджаным малышом.
І многія вяртаюцца! 255 дзетак нарадзілі ў Астравецкай бальніцы з пачатку года астравецкія, смаргонскія, ашмянскія жанчыны.
 Вось і Дзмітрый і Ірына Калініны са Смаргоні нядаўна прыйшлі сюды за сястрычкай для чатырохгадовай Варвары.
– Думаю, праз пару-тройку гадоў мы да вас яшчэ завітаем! – паабяцаў Дзмітрый, беражліва прымаючы з рук медсястры чырванатвары кавалачак шчасця.
– У  астравецкай бальніцы цудоўны медыцынскі персанал, – падтрымала мужа Ірына. – Я вельмі ўдзячна ўрачу Сяргею Гучыку, дзякуючы старанням і прафесіяналізму якога з’явілася на свет наша маленькая Яраслава. І ўвогуле персанал аддзялення – урачы, медсёстры, акушэркі, санітаркі – цудоўныя людзі, уважлівыя і прыязныя, усе адносяцца да сваіх абавязкаў з душой, выкладваюцца дзеля пацыентаў па поўнай. Павіншуйце іх, калі ласка, з надыходзячым прафесійным святам ад нашай сям’і!
Выконваем просьбу: віншуем! І не толькі персанал акушэрскага аддзялення, а ўсіх медыцынскіх работнікаў! Хай будуць здаровымі і шчаслівымі!
Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик