Вянок з дзевяноста ружаў

09:05 / 07.06.2022

Жыццё чалавечае, нібы вянок: гадок да гадка, кветачка да кветачкі прыплятаецца. Пышныя, духмяныя садовыя або сціплыя, някідкія палявыя яны – гэта як каму наканавана...
Пяшчотнай ружанькай расцвіла ў бацькоў дачушка Ірэнка. Расла паслухмянай, разумнай, да ўсялякай працы здатнай. А дзяцінства на вайну прыйшлося.
– Баёў у нашай мясцовасці не было, – успамінае Ірэна Мечыславаўна Трыдуль. – У немцаў база ў Палестыне была, зрэдзь часу наведваліся яны і ў Сакалойці. 
Пасля вайны Рэня скончыла чатыры класы школы ў сваёй вёсцы. Вучыцца далей трэба было ў Чэхах. Але ніхто з равеснікаў туды не пайшоў. І бацькі, Мечыслаў з Ядвігай, вырашылі, што пачатковай адукацыі для дачкі дастаткова. Няхай прывыкае па гаспадарцы ўпраўляцца. І яна старалася – араць навучылася, баранаваць. Пяць гектараў зямлі трэба было апрацоўваць, а мужчынскія рукі адны – бацькавы.
Віўся-сплятаўся вяночак лёсу. Маладосць прыйшла, дзяўчо стала сімпатычнай стройнай паненкай...
– Нешта ты сёння затрымалася, Рэнечка, з танцаў, – аднойчы перахапіла дачку на парозе маці. – Мо, кавалер які праводзіў? 
– Ды не, разам з суседам, Чэсем Трыдулём, ішлі. Пастаялі трохі ля хаты, пагаварылі і развіталіся.
– А што, хлопец харошы, прыгледзься да яго.
– Дык ён жа стары...
Ірэна сапраўды лічыла суседа занадта сталым. Ёй крыху за 20, а яму – ужо 28. Хоць і жыў хлопец у Сакалойцях праз тры хаты, на адной лініі хутароў, але маладыя людзі не стасаваліся. А тут раптам з'явіўся на вяселлі ў Швяйлянах, куды дзяўчына прыйшла з сяброўкамі патанцаваць, пагаманіў з моладдзю, а найбольш – з Рэняй. Сказаў, што дадому разам пойдуць. Дзяўчына ўспрыняла гэта як належнае: суседзі ж.
У хатніх і гаспадарчых клопатах праляцеў тыдзень, а ў суботу Часлаў прыйшоў у сваты. З бацькамі і стрыечным братам. Як і Рэня, ён быў адзін у сям'і. Аб чым госці размаўлялі з гаспадарамі, дзяўчына не прыслухоўвалася. Пад вечар сваты паехалі, а Чэсь застаўся – пагаварыць з нарачонай.
– Я ўсё ўпарцілася: не пайду за яго. Ёсць жа маладзейшыя хлопцы, – узгадвае Ірэна Мечыславаўна.
– Маладзейшыя пойдуць у войска, а калі вернуцца, то ці паглядзіць каторы на цябе? – даводзіла ёй маці.
Сярод наступнага тыдня Чэсь зайшоў да Ірэны ...
– Адкуль едзеш? – спытала тая. – З Міхалішкаў. З ксяндзом пра шлюб дамаўляўся (у Гервятах на той час не было святара). 
Ну вось табе і сюрпрыз!
Да вяселля трэба рыхтавацца, а ў нявесты ні сукенкі, ні абутку. І купіць няма дзе, нават калі грошы былі. Паездзілі яны з маці па кірмашах, нарэшце знайшлі ў тых жа Міхалішках тканіну на вясельны ўбор, а вясковая швачка хуценька яго зладзіла.
– Так неспадзявана і выйшла я замуж, – усміхаецца Ірэна Мечыславаўна.
І пацякло сямейнае жыццё маладых. Ужо прайшла ў раёне калектывізацыя, прыватнае стала агульным. Аднак быццё сялянскае не палягчэла. Калгасы ў большасці сваёй былі бедныя, заробкі – мізэрныя. Маладыя вяскоўцы памкнуліся ў гарады, але на іх шляху паўставала перашкода – калгаснікі не мелі пашпартоў. Атрымаць іх маглі толькі тыя, хто выязджаў на вучобу або на працу па спецнаборах. Часлаў завербаваўся на вугальныя шахты. Каханай даў наказ: «Прыеду на месца, уладкуюся, жыллё атрымаю і адразу цябе выклічу. А ты не марудзь са зборамі, хутчэй адпраўляйся ў дарогу». 
Неўзабаве прыйшоў ліст з горада Новашахцінска Растоўскай вобласці. Ірэна ўпакавала чамаданы і паехала да мужа. Усю дарогу яе даймалі сумненні: ці не дарэмна? Можа, лепш мужа вярнуць з тае невядомай далечы? Але ж і свет пабачыць хацелася...
– Прыехала ў той Новашахцінск, заглядзелася праз акно аўтобуса на горад і ... правароніла свой прыпынак і інтэрнат, у якім муж атрымаў пакой. Спалохалася, аж расплакалася. А шафёр кажа мне: «Не бойся, даедзем да канцавога прыпынку, а на зваротным шляху давязу акурат куды табе трэба». А на прыпынку сустракаў муж. 
Рэня прыжылася на новым месцы хутка. Працы падыхо­дзячай не знайшла, займалася хатняй гаспадаркай: хадзіла ў магазіны, на рынак, гатавала мужу сняданкі-абеды-вячэры. Часлаў працаваў у вугальным забоі ў тры змены, прыходзіў стомлены, і жонка старалася хутчэй яго накарміць. А ў выхадныя хлопцы-шахцёры збіраліся разам, найчасцей – ва ўтульным пакоі Трыдулёў. Размовам, жартам, песням канца не было... Запомнілася традыцыя народнай будоўлі – талака, калі ўсе жыхары шахцёрскага пасёлка збіраліся разам будаваць дом для якой-небудзь сям'і. Праца спорылася, сцены з саманнай цэглы раслі хутка. А калі на казырку даху ўмацоўвалі «кветку», ладзілася вялікае застолле. Гаспадыні прыносілі на агульны стол розныя пачастункі, хто што меў. А музыкі – інструменты...
Так прайшло два гады. Маладыя з'ездзілі дадому ў адпачынак, расказалі радні пра шахцёрскія будні і вырашылі пабыць у Новашахцінску яшчэ колькі часу. Але на шахце здарыўся пажар. Былі ахвяры. Змене Часлава ўдалося выбрацца, а наступная пацярпела, некалькі чалавек загінула. «Усё, вяртаемся дадому», – катэгарычна заявіў Чэсь. 
І Трыдулі вярнуліся ў родныя сялібы. Была думка ўладкавацца ў Вільнюсе, ды Ірэне не надта туды хацелася – не любіла яна вялікіх гарадоў. Тады муж паехаў у Астравец, знайшоў сабе працу на будоўлі. Знялі пакой ў прыватнай кватэры, засяліліся. Неўзабаве пайшла на будоўлю і Рэня. Трапіла ў добрую брыгаду, дзе рабочыя стараліся дапамагаць адзін аднаму. А пазней знаёмая паведаміла, што ёсць вакансія санітаркі ў бальніцы.  
– Працавала ў розных аддзяленнях, акрамя радзільнага і дзіцячага. Многа разоў выходзіла на падмену санітарак у аперацыйную. Мяне нават хацелі пакінуць там назусім, моцна ўгаворвалі. Не згадзілася – там неабходна знаходзіцца кожны дзень, маглі нават ноччу выклікаць. А мне трэба было ездзіць у вёс­ку, даглядаць хворую маці. Тады знаёмая медсястра падказала, што ў інфекцыйным патрэбна санітарка. Я напісала заяву аб пераводзе і неўзабаве прыступіла да сваіх абавязкаў. Там і дапрацавала да пенсіі, у 50 гадоў выйшла на заслужаны адпачынак. А Чэсь перайшоў на камбінат будаўнічых матэрыялаў – рабіў драўляныя шафы. Затым перабраўся ў падсобны цэх у Дайлідках. Цяжкая хвароба яго забрала заўчасна – у 1993 годзе.
Ірэна Мечыславаўна ўспамінае мужа з душэўнай цеплынёй. Ён быў добрым чалавекам, любіў, паважаў жонку, падтрымліваў і суцяшаў у асабліва цяжкія для яе часы. Ніколі не сварыўся, калі яна выбіралася з калектывам медыкаў на экскурсіі ў іншыя гарады. Жылі Трыдулі ў кватэры на дзве сям'і ў доме ля цяперашняга вузла сувязі. І тут каля іх гуртаваліся суседзі, усё было дружна, па-роднаму. Пасля капітальнага рамонту і рэканструкцыі ўнутраная планіроўка кватэр змянілася, і цяпер Ірэна Мечыславаўна жыве ва ўтульнай двухпакаёўцы, дзверы якой заўжды адчынены для добрых людзей.
І дагэтуль не страціла жанчына захапленне маладосці – яна любіць спяваць. Мае прыгожы голас, які і зараз гучыць звонка і чыста. Заснавальнік хору ветэранаў працы Генадзь Адольфавіч Стаціна ў свой час запрасіў яе ў першы склад гэтага вядомага калектыву, які аб'ездзіў з канцэртамі шмат гарадоў і вёсак Беларусі і суседняй Літвы. Пазней пачало падводзіць здароўе, мусіла пакінуць хор, але па-ранейшаму цікавіцца яго справамі і другога знанага спеўнага аб‘яднання – «Польскае рэха Астраўца».
Ірэна Мечыславаўна вырасла ў набожнай сям'і і ўвесь свой век несла Бога ў сэрцы, ніколі не забывала дарогу да храма. Гэта дадавала жанчыне душэўнай моцы і фізічных сіл. А Гасподзь адарыў яе даўгалеццем.
...Прыгожым і доўгім атрымаўся вяночак лёсу маёй гераіні – цэлых дзевяноста кветак-гадоў у яго ўплялося. І хоць здароўе ўжо не радуе – баляць ногі і рукі, але духам не падае, па-ранейшаму радуецца гасцям, цікавіцца, што ў свеце дзеецца, чытае кнігі, глядзіць тэлевізар. Радуецца, калі наведваецца сацыяльны работнік Людміла Аўдзей – і дапамога па дому, і магчымасць нагаварыцца. І сум адыходзіць.
Святкаванне юбілею расцягнулася на некалькі дзён. Спачатку Ірэну Мечыславаўну ўрачыста павіталі ў касцёле ксёндз і парафіяне, затым – работнікі культуры, сацзабеспячэння і тэрытарыяльнага цэнтра, родзічы і знаёмыя. Былі віншаванні і многа кветак у падарунак. Вядома ж, прыйшлі ранейшыя і цяперашнія суседзі – пасядзець, як раней, за шчодрым сталом, паўспамінаць, пагаманіць. Сустракала гасцей руплівая гаспадынька – пляменніца Людміла. А яны не скупіліся на шчырыя пажаданні і спявалі «Сто лят».


Фота з хатняга архіва І. М. Трыдуль. 




Текст: