Пра “раёнку” і яе значэнне ў жыцці расказваюць былыя супрацоўнікі “Астравецкай праўды”

10:51 / 29.05.2022
Першы нумар «раёнкі» ўбачыў свет 29 мая 1941 года. За гэты час змяніўся калектыў, газета патаўсцела, «убралася» ў колер. Але прынцып работы рэдакцыі застаўся нязменным: да чытача – з любоўю!

Напярэдні дня нараджэння газеты працаўнікі, якія прысвяцілі ёй не адно дзесяцігоддзе, адказалі на 5 пытанняў аб галоўным. 

1. Кім марылі быць у дзяцінстве і як прыйшлі працаваць у «раёнку»?
2. Прыгадайце самы памятны, незвычайны ці смешны выпадак з працоўнай дзейнасці.
3. Працягніце сказ: «Астравецкая праўда» для мяне – гэта…
4. Якое рашэнне было самым складаным за ўсе гады работы?
5. Што пажадаеце ветэранам працы, якія шмат гадоў прысвяцілі «раёнцы», і сённяшняму калектыву газеты?

Таіса Сямёнава, намеснік галоўнага рэдактара, адказны сакратар, загадчык аддзела грамадскага жыцця, карэктар, стаж работы ў журналістыцы 37 гадоў, у рэдакцыі – амаль 24:

1. Дзесьці ў 7 класе дакладна ведала: хачу стаць журналістам. Нават і не ўспомню, што да гэтага падштурхнула. Пісала ў раённую газету нататкі са школьнага жыцця. Набіралася адвагі і за тры кіламетры ішла ў цэнтральную сядзібу калгаса, каб узяць інфармацыю пра перадавікоў. Самае цікавае, што да мяне там нармальна ставіліся, не адмаўляліся размаўляць і даваць інтэрв’ю. Магчыма, здараліся хібы, але мне ніхто не выгаварыў – відаць, не хацелі падразаць крылы маёй мары. (Усміхаецца.) 

З першай спробы на факультэт журналістыкі я не паступіла, але не адмовілася ад сваёй мэты. Не было каму падказаць, каб дакументы падавала на завочнае... Жаданы дыплом я ўсё ж атрымала! У розныя часы працавала ў ваўкавыскай, воранаўскай, лідскай «раёнках», загадчыкам Канюхоўскай сельскай бібліятэкі, у літоўскім і ўкраінскім выданнях. Прычыны розныя: дзесьці не было жылля, ва ўкраінскім горадзе Шостка, напрыклад, дрэнная экалогія… 



Толькі ў сталым узросце зразумела, што не трэба было быць такой празмерна сціплай, тым больш за мной ніколі не было «вялікіх плячэй». У ліпені 1988-га мяне накіравалі ў Астравецкі раён у якасці намесніка галоўнага рэдактара. 

2. Аднойчы я пачула пра чалавека, які пра­цаваў з рэактывамі, ён быў рацыяналіза­та­рам, моцным тэхнаром. Прозвішча не прыгадаю. Некалі яго нехта з журналістаў вельмі пакрыўдзіў – і больш з таго часу нашу брацію мужчына не пераносіў на дух. Рэдактар упэўніваў, што ў мяне нічога не атрымаецца, – але вырашыла паспрабаваць. Доўга абдумвала, як падысці да героя, назірала за яго працай, а потым адно пытанне, другое – завязалася жывая гутарка. Гэта быў такі цікавы чалавек – адзін з такіх рэдкіх герояў на шляху журналіста, які пакідае след на ўсё жыццё.

І канешне запомніліся сустрэчы з людзьмі працы – іх сялянская шчырасць, адкрытасць, душэўнасць не можа не падкупіць.

З воранаўскага перыяду самымі запаміналь­нымі былі сустрэчы з калегамі-літоўцамі, пасядзелкі ля вогнішча, размовы, з лідскага – паездкі ў Талін, Рыгу, на канцэрты і балет у Вільнюс. 

3. «Астравецкая праўда» – значная частка майго жыцця, перыяд умацавання ў прафесіі, канчатковае ўсведамленне таго, што я на сваім месцы. 

4. Складанае пытанне, нават, не ведаю. Зразумела, што за столькі гадоў работы ў рэдакцыі былі цяжкія моманты, але гэта ўжо гісторыя. Засталіся толькі самыя добрыя ўспаміны!

5. Калегам, якія шмат гадоў аддалі «раёнцы», жадаю не адрывацца, не адмахвацца і не адыходзіць ад роднай газеты і яе калектыву і часцей наведвацца ў рэдакцыю. Хоць журналістыка цяпер адрозная ад той, калі працавала я,  тым не менш, маладым раю больш увагі звяртаць на людзей, іх клопаты, радасці і праблемы. Калі вы абралі гэты шлях, то не збочвайце – заставайцеся вернымі  прафесіі!

Людміла Сцяфанчык, лінатыпіст, карэктар, вярстальшчык, загадчык рэкламнага аддзела, стаж работы ў друкарні і рэдакцыі 42 гады:

1.  Такога, што моцна некім хачу стаць, у мяне не было. У рэдакцыю трапіла выпадкова, але з вышыні пражытых гадоў разумею – гэта быў лёс. 
Сястра сяброўкі падказала, што ў друкарню патрабуюцца лінатыпісты. Мы са стрыечнай сястрой Ядзяй Красінскай паехалі ў Астравец. Тагачасны рэдактар Аляксандр Пятровіч Сыч паглядзеў на нас і пацікавіўся, колькі нам гадоў. Мне  было 18, сястры – 19. Потым усміхнуўся і павёў нас у друкарню. Паглядзела я на лінатып – не машына, а нейкі звер страшны! – але мяне гэты агрэгат зацікавіў. Адправіў нас рэдактар у Гродна на курсы – з таго часу ў гэтай галіне..  Калі друкарню закрывалі – адыходзіла пад Ашмяны, – мяне адзіную Сыч узяў у астравецкую газету. Спачатку на друкарскай машыне набірала загалоўкі і карэкціравала тэксты. Пазней з’явіліся нямецкія машынкі «Тыпатайперы» – на іх палосы вярсталіся. Потым камп’ютары з’явіліся. Еўдакія Пятроўна Ходас сядзела на наборы, а я – на вёрстцы. Начэй недасыпала – але асвоіла! Удзячна за дапамогу праграмістам Віктару Вайшнаровічу і Раману Кіткевічу – яны мае настаўнікі. Пазней казалі, што з такіх самавучак я была адна з лепшых.  

2. Смешных выпадкаў было шмат – але, як кажуць, не для друку. Аднойчы машыністка набрала тэкст і аддала ў друк: у загалоўку «Сола з аркест­рам» выйшла «сала». (Усміхаецца.) Добра, своечасова заўважылі. 



3. Што для мяне работа? Калісьці на гэтае пытанне адказала: усё, гэта маё жыццё, другі дом. Так і ёсць. Мне пашанцавала, што трапляліся на шляху толькі добрыя людзі, калегі. Кранула да самай душы, калі мяне ў сталічнай бальніцы пасля аперацыі праведала тагачасны рэдактар Ніна Аляксееўна Рыбік з дзяўчатамі – гэта дарагога каштуе. 

4. Аднойчы я звальнялася з друкарні – гэта было адно з самых цяжкіх і складаных рашэнняў у жыцці. Працавалі часта да позняй ночы і дабрацца ў Варняны, дзе я жыла, не было як. Туляцца па знаёмых надакучыла, а тут яшчэ і сяброўка паклікала працаваць у магазін у нашай вёсцы. Але рэдакцыя мяне адваявала! Дзень стаяла за прылаўкам, а дзень выпускала газету – упраўлялася набіраць на лінатыпе за такі адносна кароткі час. У адзін год мяне нават узнагародзілі граматай Вярхоўнага Савета БССР. Канчаткова ўсё стала на свае месцы, калі далі ў Астраўцы кватэру.  

5. Тым, каго ўжо няма, вялікія ўдзячнасць і пашана. Тым, хто цяпер працуе ў рэдакцыі, жадаю творчых поспехаў, удачы. Спакою і міру не толькі нам, але ўсёй Беларусі! Будзьце шчаслівымі і здаровымі! 

Лілія Анімуцкая, прыбіральшчык, стаж работы ў рэдакцыі 18 гадоў:

1. У дзяцінстве мне вельмі хацелася стаць настаўніцай пачатковых класаў: для вясковых дзяцей – родам я з Чыжоўшчызны – была і за маму, і за няньку. І калі ў садку працавала, усе да­шкаляты да мяне цягнуліся і туліліся, як птушаняты. 

А яшчэ марыла стаць прафесійным агароднікам. Зямля для мяне ўсё: і супакойвае, і лечыць, і адцягвае дрэнныя эмоцыі. Паступаць хацела  пасля школы ў інстытут на агранома – мама не пусціла. Кажа: «Не губляй, дачушка, часу. Калі жонка старшыні калгаса імя Чапаева Постраша на роўных з вясковымі кабетамі капусту поле, дык і ты будзеш з гачкай па полі лётаць». 

Я прыйшла ў «раёнку», калі рэдакцыя пераехала з будынка райвыканкама ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання. На работу мяне прымала Ніна Аляксееўна Рыбік. А на адпачынак пайшла таксама падчас перасялення рэдакцыі – калі яна мяняла прапіску з вуліцы Кастрычніцкай на Энгельса. 

2. У панядзелак за некалькі гадзін да пачатку працоўнага дня прыйшла на работу – і не адкрыла дзверы. У мяне вялікая звязка ключэй: я і так, і гэтак – рады даць не магу. Думаю: можа, за выхадныя змянілі замок? Але дзяўчаты паведамілі б. Тэлефаную Казіміраўне (Людміла Ярмаловіч была галоўным бухгалтарам. – Заўв. аўт.): «Маўляў, так і так: смецце не вынесла, свежай вады ў графіны не наліла – дзверы не магу адкрыць!» Нічога, неяк адчынілі тыя дзверы: прыбралася і ўсё паспела зрабіць. 

Дзе мы з калектывам толькі не бывалі! Найбольш запомнілася паездка ў Брэсцкую крэпасць, дзе пачула расповед пра гераізм і самаахвярнаць яе абаронцаў. 

Здараліся, канешне, і анекдатычныя выпадкі. Аднойчы паехалі на канцэрт гурта «Машына часу» ў Мірскі замак. Усім падабаецца, а я бога прашу: хутчэй бы скончылася выступленне. Праўда, адну песню ведала і нават падпявала: «Снова поворот. И мотор ревёт…» Потым вырашыла вярнуцца ісці ў аўтобус, а дзе ён – не магу зразумець. Мабільнікаў тады не было. А транспарту, як і людзей, процьма – няма куды яблыку ўпасці. Зблудзіла! Што рабіць? Дзе сваіх шукаць? Добра ўспомнілася што Аня Чакур па прыедзе зазначыла, што вадзіцель спыніўся ля слупа з падпоркамі. Гэтая апазнавальная прыкмета і ўратавала. Падбягаю да аўтобуса і Надзейка Сівец насустрач выходзіць: «Баляславаўна, заходзь, мы тут!» Ад душы адлягло. А так чакалі б мяне і шукалі, пакуль не развіднела б. 

3. «Астравецкая праўда» – гэта мая маладосць. Штовечар, калі прыходзіла наводзіць парадак у рэдакцыі, брала ў рукі палосы – чытала. Часта пасля таго, як прыбяру, даставала старыя падшыўкі газеты за розныя гады і з непрыхаваным задавальненнем «глытала» артыкулы пра лёсы людзей, калгас імя Чапаева, нарысы пра лепшых механізатараў і хлебаробаў, пра знаёмыя вёсачкі. Доўга разглядвала фотаздымкі – хоць героі публікацыі не былі маімі сваякамі, але я ўспрымала іх як родных і блізкіх.  

4. Найцяжэй далося рашэнне звольніцца з рэдакцыі. Як ад сям’і адарвалася. Але трэба было даглядаць хворую маму. Магчыма, калі б не гэтая сітуацыя, працавала б дагэтуль. 

5. Моладзі хачу пажадаць, каб памяталі пра сваіх «газетных» папярэднікаў – тых, хто ўжо на заслужаным адпачынку, і каго няма на гэтым свеце. 
Не шкадуйце добрых слоў – людзям цікава чытаць пра людзей. Каб у вас лёгка нараджаліся артыкулы! Я такую асалоду некалі атрымлівала ад журналісцкіх і літаратурных твораў Ганны Чакур – хацелася б, каб на старонках газеты яны з’яўляліся і цяпер, хоць час ад часу. Люблю чытаць Таісу Сямёнаву, шмат піша Ніна Рыбік. Ды і плеяда маладых карэспандэнтаў выдатна працягвае журналісцкую справу. Хочацца, каб  газетныя традыцыі жылі: усцешылася, што з Таісай Сямёнавай у складзе «Аксамітак» на прэзентацыі кнігі Ніны Аляксееўны, прысвечанай 80-годдзю газеты, будзем спяваць неафіцыйны гімн «раёнкі» – «Песню сяброў». 

З днём нараджэння роднай газеты нас усіх!
Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.

Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.

 


Текст:
Фото: Алёна Ганулич