Хто прадставіць Астравеччыну на фестывалі нацыянальных культур

08:19 / 24.05.2022

Пасля двухгадовага перапынку, абумоўленага каронавірусам, напачатку чэрвеня Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур ізноў збярэ ў Гродне прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей. Па шматгадовай традыцыі наш раён будуць прадстаўляць астравецкія літоўцы і палякі. Чым збіраюцца здзіўляць гасцей гэтага знакавага мерапрыемства, расказалі іх лідары.

Тарэса Мароз, старшыня раённага аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі”:

– Фестываль нацыянальных культур – феерычнае і моцнае па энергетыцы свята. Папярэдне вядома, што ў ім прыме ўдзел каля сотні палякаў. Па задуме арганізатараў, кожнай нацыянальнасці будзе адпавядаць пэўная кветка. На польскім падворку “забуяюць” макі: розныя вырабы з прыроднага матэрыялу з выявай гэтай расліны прадставяць таленавітыя рамеснікі Валянціна Віннічак, Дзіяна Ендза, Валянціна Янчэўская. У нас можна будзе пачаставацца выпечкай, а сам польскі “дом” аздобяць тканыя маёй маці ручнікі, дываны, абрусы.

Калектыў “Польскае рэха Астраўца” задзейнічаны ва ўсіх асноўных двухдзённых мерапрыемствах: ва ўрачыстым шэсці, якім адкрываецца фестываль, і ў абароне падворка – ён сёлета размесціцца ва ўнутраным дворыку па вуліцы Замкавай. Запланавалі канцэртную праграму больш чым на гадзіну. Думаю, і наш край годна пакажам, і на іншых паглядзім!


Наталля Бялячыц, загадчык сельскага клуба-бібліятэкі ў Рымдзюнах, кіраўнік аматарскіх аб’яднанняў:

– Падворак літоўцаў Гервяцкага краю вырашылі аб’яднаць тэмай “Легенда”. Аздобяць яго рукатворныя вырабы народнага майстра Беларусі Марыі Юльянаўны Мажэйка. Прадставім работы ўдзельнікаў аматарскага аб’яднання традыцыйнай народнай культуры “Жыльвіціс”. Падчас агляду падворкаў удзельніцы аматарскага аб’яднання “Моладзь. Ініцыятыва. Творчасць” на суд журы прадставяць два танцы: “Цвінгліс” і кампазіцыю “Сяброўства” – сімвалічнае ўвасабленне ў руху еднасці беларусаў і літоўцаў. Акрамя гэтага, у нас можна будзе пакаштаваць фірменную гарбату даўгалецця, зробленую з мясцовых зёлак, і розную выпечку.

Да слова, што на адкрыцці фестывалю падчас святочнага шэсця мы адзіныя будзем прадстаўляць літоўскую дыяспару – гэта хвалюча, адказна і пачэсна.


Текст:
Фото: из архива «АП»