Сяргей Жук: у КСУП “Гудагай” абіраюць курс на развіццё

16:16 / 19.05.2022

Аляксандр Лукашэнка падчас прызначэння намеснікаў старшынь аблвыканкамаў і кіраўнікоў шэрагу раёнаў закрануў пытанне развіцця рэгіёнаў, у тым ліку аграпрамысловага комплексу, а таксама параіў лідарам вертыкалі рэалізоўваць інвестыцыйныя праекты.

Думкамі на гэты конт падзяліўся намеснік дырэктара КСУП “Гудагай” па прамысловай дзейнасці Сяргей Жук:

-- Прэзідэнт нашай краіны заўсёды трымае пытанні развіцця аграпрамысловага комплексу ў цэнтры ўвагі. Хоць на тэрыторыі нашага раёна дзейнічае такі значны аб’ект, як атамная электрастанцыя, па вялікім рахунку, Астравеччына застаецца аграрнай. У свеце апошніх падзей харчовая бяспека краіны, а значыць і развіццё сельскай гаспадаркі, набыло асаблівае, я б сказаў, стратэгічнае значэнне.

У многім КСУП “Гудагай” – паказальнае сельгаспрадпрыемства, якое спецыялізуецца на вытворчасці насеннага матэрыялу збожжавых і іншых культур – і не толькі. У нас пастаянна абнаўляецца аўтапарк сельгасмашын і тэхнікі – кіраўніцтва КСУПа і работнікі добра разумеюць, што варта развівацца.

Да прыкладу, некалькі гадоў назад на тэрыторыі механічных майстэрань у Палушах адкрылі невялікі цэх па перапрацоўцы рапсавага насення: алей прадаём, а жмых ідзе на патрэбы грамадскага статка – гэта амаль 10 тысяч галоў.

У кароткія тэрміны пабудавалі і ўвялі ў эксплуатацыю малочна-таварны комплекс “Смілгі” – а гэта звыш 20-ці дадатковых працоўных месцаў. Нагадаю, праект па стварэнні новага жывёлагадоўчага аб’екта прайшоў конкурсны адбор і трапіў у лік лепшых у рэспубліцы. На яго рэалізацыю мы атрымалі дзяржпадтрымку.

У планах – адкрыць кафэ ў аграгарадку Палушы на базе былой сталовай. Праектна-каштарысная дакументацыя прайшла экспертызу, але праект пакуль дапрацоўваецца.

Адносна нядаўна ў арэнду КСУП “Гудагай” узяў малочна-таварны комплекс “Кярняны”, які, думаю, таксама закрануць змяненні.

У нашай гаспадарцы для работнікаў створаны добрыя ўмовы працы, яны па патрэбе забяспечваюцца жыллём – гэта, на мой погляд, спрыяе замацаванню на месцы маладых спецыялістаў.


Сяргей Жук падчас адкрыцця цэха па перапрацоўцы рапсавага насення


Текст: