Майскія разважанні: пра памяць і разуменне

09:52 / 08.05.2022

IMG_8861.jpg

Першыя дні мая для мяне заўсёды зліваюцца ў адно вялікае свята, параўнаць з якім па важнасці, эмацыянальнасці і прыўзнятасці настрою можна, мабыць, толькі час перад Ражаством. 
Май асацыіруецца ў мяне з адраджэннем: менавіта гэты месяц самы свежы, яркі, насычаны пахамі чаромхі і бэзу, без якіх у сваю чаргу немагчыма ўявіць самага значнага для кожнага беларуса дня – 9 Мая. Чырвоныя цюльпаны з чорнымі сярэдзінкамі – як адлюстраванне чатырох кровапралітных гадоў Вялікай Айчыннай, а дробныя кветачкі бэзу нагадваюць пра мільёны слязінак як сімвал надзеі на мірнае заўтра, радасці сустрэчы з тымі, каму пашчасціла вярнуцца з вайны жывымі, і першых дзён бязмежнага шчасця пад мірным небам…
Такім жа насычаным на адчуванні з’яўляецца для мяне дзень напярэдадні 9 Мая: сёлета 8 мая – наша краіна святкуе Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга. Не перастаюць стаяць слёзы ў вачах на святочных мітынгах у Дзень Перамогі – ад разумення велічнасці подзвігу нашых дзядоў і прадзедаў, у час, калі схіляем галовы перад памяццю загінулых. І амаль тры дзесяцігоддзі ў мяне не перастае моцна біцца сэрца, калі бачу, як горда і прыгожа на фоне блакітнага майскага неба лунае чырвона-зялёнае палотнішча – адлюстраванне жыцця і братэрства, свабоды і працалюбства, міру і дабрабыту. Пра гэта беларусы спяваюць гімн, аб гэтым сведчыць і беларускі герб.
І не толькі ў дзень, пазначаны ў календары  святочным, а заўсёды, калі праходжу міма гэтых сімвалаў або чую словы агульнанароднай песні, у мяне выпрамляецца спіна, гулка пачынае біцца сэрца і на памяць прыходзяць актуальныя, як мабыць, ніколі раней, словы: «Мы – беларусы, мірныя людзі, сэрцам адданыя роднай зямлі…» 
І не ўчора ў мяне ўзнікла пачуццё гордасці за сваю Радзіму, не сёння я зразумела, што значыць любіць яе і паважаць. Нас гэтаму вучылі бацькі і настаўнікі, не прос­та вучылі – яны падавалі прыклад. 
Радасна і хвалююча бачыць, з якой павагай адносяцца да нацыянальнай сімволікі спартсмены. І так прыкра і балюча чуць, што за мяжой зневажаюць беларускі сцяг – а значыць і беларусаў – як нацыю,  замяняючы яго на чужы або наогул знішчаючы. Так адбылося ў латвійскай Рызе і так здарылася на тэрыторыі былога канцлагера «Бухенвальд» у Германіі…
Любіць сваё і паважаць чужое –  такі наказ продкаў памятаюць беларусы, мірная, спакойная і вольная нацыя. Гэтага і толькі гэтага мы патрабуем ад усіх, хто хоча мець з намі стасункі: тут адпачываць, жыць, працаваць…
– А ў нас прыгожы сцяг! – гучна шапнула школьніца сяброўцы на адным са святочных мітынгаў. 
Моладзь бачыць – і разумее! Я ж згаджаюся: сапраўды, прыгожы! 



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 

Текст: