Якім было надвор’е ў розныя гады 26 красавіка – 10 мая

14:55 / 26.04.2022
У аўторак, 3 мая, у сувязі з выхадным «Астравецкая праўда» не выйдзе, таму сёння расказваем пра надвор’е, якое стаяла на тэрыторыі раёна ў 1990-2021 гадах на працягу двух тыдняў, з 26 красавіка па 10 мая.

Прайшлі доўгачаканыя дожджыкі, зазелянела трава і дрэвы, узышлі яравыя збожжавыя… Даўно заўважана: якім бы халодным ні выдаўся красавік, май – гэта заўсёды час цвіцення, птушыных канцэртаў, выгану кароў на пашу, пасадкі бульбы. Час росквіту, надзей і доўгачаканага цяпла.

Тэмпература паветра ад +200С і вышэй у гэты час зусім не рэдкасць. Запісы Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі сведчаць, што так цёпла было, да прыкладу, у 1990 годзе – ад +160С да +240С. У 1992 годзе тэмпература вагалася ад +40С 26 красавіка да +230С 2 мая, але да 10 мая зноў панізілася да +100С. У 1994 го­дзе красавік заканчваўся тэмпературамі +20-220С, а май пачынаўся начнымі прымаразкамі і дзённым цяплом каля +100С. Халаднаватым быў пачатак мая і ў 1995 годзе. А ў 2007 годзе начныя замаразкі складалі -40С, днём тэмпература падымалася толькі да +120С.

І ўсё ж цёплыя дзянькі ў гэты час здараліся куды часцей. А часам нават спякотныя. 2 і 3 мая 1996 года Стэфан Рамэйка зафіксаваў +240С і +260С адпаведна. Рэкордныя за час 30-гадовых штодзённых назіранняў 28 градусаў цяпла днём былі 28 красавіка – і ўвесь канец гэтага месяца быў вельмі цёплым, вышэй за +200С. Больш чым 20-ціградусным цяплом распачынаўся май у 2001, 2002, 2003, 2012, 2013, 2016, 2018 гадах. 

Частыя ў гэты перыяд навальніцы, грымоты і дождж толькі радуюць хлебаробаў – нездарма ж яны жартам гавораць: «Калі ў маі грыміць гром, нам не трэба аграном».

Канец красавіка-пачатак мая – гэта яшчэ і час актыўнага цвіцення, прычым незалежна ад таго, якім быў пачатак вясны. Да прыкладу, у 2001 годзе Стэфан Рамэйка запісаў, што 15 красавіка на Вялікдзень было поўна снегу, даводзілася чысціць дарожкі да хлява – а ў той жа год 10 мая ён пазначыў: «Цвітуць вішня, яблыня, чаромха».

Пачатак цвіцення дрэў у розныя гады адзначаў і Станіслаў Памецька. Так, у надзвычай цёплых 2012 і 2018 гадах чаромха зацвіла 1 мая, у 2018 годзе 2 мая апрануліся ў квецень вішні, слівы, чарэшні, 6 мая зацвілі яблыні – а да 19 мая сады ўжо адцвілі. У 2013 годзе чаромха ўбралася ў белы вэлюм толькі 10 мая – а ў 2000 годзе, паводле запісаў Стэфана Рамэйкі, у гэты дзень ужо ваўсю цвіў бэз. 

Пачатак мая – час звонкагалосых пту­шыных канцэртаў. 2 мая 2018 года Станіслаў Памецька адзначыў у сваім дзённіку надвор’я, што ўпершыню пачуў салаўя, 6 мая – зязюлю, 7 мая – івалгу.

НАРОДНЫЯ ПРЫКМЕТЫ

Калі ў апошні дзень красавіка сонца ўзыдзе ясна – будзе сухое лета, а калі праз хмары – дажджлівае. 

Зорная ноч на 1 мая і цёплы паўднёвы вецер прадказвалі, што лета выдасца сухім і спякотным, з бурамі і навальніцамі. 

6 мая па праваслаўным календары – імяніны Юрыя, Георгія. Па прыкметах, гэты дзень з’яўляўся сапраўдным пачаткам вясны. На Юр’я пачынае кукаваць зязюля (дарэчы, гэта пацвярджаюць і назіранні Станіслава Памецькі), у гэты дзень традыцыйна выганяюць кароў на пашу. Дождж на Юр’я абяцаў, што вырасце добрае жыта, а калі выпадала шчодрая раса, то «хопіць коням аўса».


Паводле запісаў Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі падрыхтавала Ніна РЫБІК. 



Фото: Дмитрий Соколовский