Якім было надвор’е 20-26 красавіка ў розныя гады

12:01 / 20.04.2022
НАДВОР'Е 20-26 красавіка

Красавік па-ранейшаму не песціць жыхароў Астравеччыны ні ўстойлівым цяплом, ні жыццядайнымі дажджамі: ноччу амаль штодня прымаразкі, ды і дзень не заўсёды радуе шчодрым сонцам. Тым не менш, пераможныя крокі вясны не спыніць: дні ўсё даўжэйшыя, сонца – вышэйшае, неба – сінейшае…

Калі меркаваць па шматгадовых назі­раннях арнітолага Станіслава Па­мецькі, звычайна ў гэты час прылятаюць ластаўкі. Але сёлета Станіслаў Баляслававіч іх яшчэ не бачыў: не спяшаюцца цеплалюбівыя птушкі на халодную пакуль радзіму… 

Паводле запісаў Стэфана Ра­мэй­кі і Станіслава Памецькі, сёлета кра­са­вік блізкі да сярэдніх кліматычных значэнняў. Але ў розныя гады здараліся і больш халодныя і, наадварот, надзвычай цёплыя перыяды.

Так, у 1991 годзе з 20 па 26 красавіка амаль кожную ноч здараліся замаразкі ад нуля да -60С – паводле 30-цігадовых назіранняў варонскіх натуралістаў у тым годзе канец красавіка быў самым халодным. Амаль кожны дзень ішоў снег у гэты перыяд і ў 1992 годзе. Начныя замаразкі, снег, моцны вецер адзначаў Стэфан Рамэйка 20 красавіка  1993 года. Але затым рэзка пацяплела:  дзённая тэмпература ад +50С 21 красавіка ўзрасла да +240С 24-га. І ў той жа дзень ноччу грымеў гром і ішоў ціхі дождж. 

Халаднаватым выдаўся перад­апошні тыдзень красавіка ў 2015, 2016, 2021 гадах.

А вось у 1995-м было надзвычай цёпла: дзённыя тэмпературы складалі  ад 20 да 26 градусаў цяпла. Ад +20 і вышэй было ў дзённы час у 1996, 1998, 2011, 2019 гадах. А рэкордна цёплым стаў перыяд з 20 па 26 красавіка 2000-га: днём было ад 23 да 27 градусаў, ноччу – +6-100С. У той год у гэты час ужо цвілі слівы, вішні, грушы, чаромха. 23 красавіка Стэфан Рамэйка запісаў: «Сёння Вельканац. Такога цяпла не помню. Дрэвы распускаюцца, трава расце. Толькі вельмі суха. Патрэбен дождж».


Паводле запісаў Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі падрыхтавала Ніна РЫБІК.