Як кот з сабакам пасябравалі

09:05 / 12.04.2022
Выраз «як кот з сабакам» стаў крылатым. Спакон веку сабака і кот не мірацца, і варожасць іх абрасла прымаўкамі, каз­камі, паданнямі. Яно і зразумела: кацінае жыццё і сабачае не параўнаць: адзін спіць на цёплай печы ці на каленях у гаспадыні – а другі на марозе пільную варту павінен несці. Праўда, у наш час гэтае параўнанне не зусім актуальнае, часам сабакі жывуць так, як многім людзям не снілася: маюць свой пакой, гардэроб, персанальнага лекара і нават цырульніка-стыліста. І ўсё ж у вёсцы, як і ва ўсе часы, усё ў адпаведнасці з прымаўкай «Жывуць і кот, і сабака, ды доля неаднака».

…Да хаты адзінокай жанчыны, што стая­ла пры самай дарозе, часта падкідвалі катоў: то гаспадары выязджаюць да дзяцей, дзе катам месца няма, ці кот так нашкодзіць, што гаспадары зносяць яго з дому і, не могучы забіць жывую душу, выпускаюць каля чужога дома ў надзеі, што добрыя людзі прыгледзяць за іх гадаванцам.

Вось і ў гэты раз выйшла бабуля з дому – бачыць, сядзіць ля веснічак прыгожы белы кот. «Зноў нехта падкінуў! І за што ж мне гэтая кара?» – падумала. Вядома ж, добрага ката ніхто не выкіне! Але пашкадавала бедака – паклікала ў сенцы, каб пагрэўся ды малака папіў. Але кот ганарысты папаўся – не пайшоў. А мо, не верыў ужо людзям, баяўся новай крыўды? Сядзеў пад плотам і жаласна мяўкаў.

У бабулькі жыве сабака па мянушцы Валет – разумны, добры ахоўнік. Гаспадыню здзівіла, што ён на ката не кідаўся, не брахаў, як звычайна, а глядзеў спачувальна, нібы гаварыў: «Ну што, браце, і ў цябе сабачае жыццё настала? Дык мяне хоць гаспадыня пакорміць, па галаве пагладзіць за добрую службу. А ты як жыць будзеш?»

Праз нейкі час вынесла жанчына абед Валету, вярнулася ў дом, паглядзела ў акно – а сабака адышоў ад місачкі і назірае, як частуецца кот.

Так стала паўтарацца кожны дзень: сабака адразу падпускаў да міскі з ежай ката, а потым, калі той, наеўшыся, адыходзіў, даядаў сам. Кот жа, каб аддзячыць, лавіў мышэй і акуратна, у радок, складваў ля будкі. Сабака мышэй не еў, але, падобна, цаніў ахвярнасць сябра. 

Валет і Белы пасябравалі: разам елі, гулялі, а калі пахаладала, сталі спаць у адной будцы – цяплей! 

І раптам Белы прапаў – можа, з’еў атру­чаную мыш ці дзікі звер разарваў. Не задалася яго каціная доля – перш гас­падарам не дагадзіў, і тут мала пажыў шчасліва. Не толькі ў людзей бывае, што доля – як зрання, так і да змяркання…

Валет не мог уцяміць, куды прапаў яго сябар, – не еў, бярог ежу для ката, журботна хадзіў па крузе, кідаўся з на­дзеяй на кожны шолах. А калі зразумеў, што Белы не вернецца, залёг у будку і некалькі дзён не выходзіў – тужыў... 

Вось табе і кот з сабакам!


Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.

Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.


Текст:
Фото: Вероника Бойкова