Гости из Минска заинтересовались Иосифом Гашкевичем

15:07 / 27.07.2012
5922

На Астравеччыну завіталі госці з Мінска, якія наведалі гімназію №1 і Мальскую базавую школу.



Супрацоўніцу інфармацыйнага цэнтра японскай культуры, які працуе пры бібліятэцы №5 горада Мінска,  Татсумі Масака і доктара культуралогіі, прафесара Беларускага ўніверсітэта культуры Аляксандра Іванавіча  Смоліка на Астравеччыне цікавіла ўсё, што звязана з імем Іосіфа Гашкевіча.


17 гадоў назад Татсумі Масака з Японіі прыехала ў Мінск вывучаць рускую мову – і засталася ў Беларусі. І цяпер яе галоўная мэта – каб беларусы больш даведаліся аб Японіі, а японцы – аб Беларусі. Яна не толькі шукае інфармацыю і звесткі аб людзях, якія праславілі яе родную  краіну, але і з задавальненнем дзеліцца набытымі матэрыяламі са сваімі калегамі з іншых гарадоў і пасёлкаў.


У Астраўцы Татсумі Масака больш за ўсё цікавіў музей імя Іосіфа Гашкевіча, які размяшчаецца ў гімназіі №1 нашага горада. Шаноўных гасцей тут таксама чакалі.


Дзяўчаты-экскурсаводы Вераніка Анімуцкая, Ангеліна Пятровіч і Ганна Багдановіч расказалі пра гісторыю школы, пра нашага славутага земляка Адама Мальдзіса, дзякуючы якому і было адкрыта імя Іосіфа Гашкевіча і, канешне, пра яго самога. А на памяць пра сустэчу з пажаданнямі супрацоўніцтва ўручылі гасцям памятныя сувеніры, зробленыя школьнікамі.


Тут жа прайшоў “круглы стол”, удзельнікамі якога сталі Татсумі Масака, А.І. Смолік, намеснік начальніка аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама Н.В. Баніцэвіч, дырэктар гімназіі №1 І.А. Лях, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце А.П. Васільчык і кіраўнік школьнага музея В.Т. Лябецкая, на якім сярод іншых пытанняў былі абмеркаваны пытанні далейшага супрацоўніцтва.


–Татсумі Масака карпатліва чытала ўсе надпісы, напісаныя на японскай мове, знаёмілася з матэрыяламі, якія захоўваюцца  ў музеі. І была вельмі здзіўлена, калі ў кнізе водгукаў убачыла запіс кіраўніка прыватнага музея Дакада Касічы на японскай мове. Свае пажаданні музею яна таксама запісала на японскай мове, – расказвае кіраўнік школьнага музея Вольга Тадэвушаўна Лябецкая. – Уразіла, што дачка Татсумі Масака, якая сёлета закончыла пачатковую школу ў Мінску, цудоўна валодае не толькі рускай і японскай мовай, але і беларускай.


Знаёмства з дзейнасцю Іосіфа Гашкевіча прадоўжылася ў Мальскай школе. Тут гасцей сустракалі, як самых дарагіх людзей – з караваем і вершамі, прысвечанымі роднай старонцы.


У актавай зале школы з дапамогай мультымедыйнай прэзентацыі вучаніцы Дзіяна Лукашэвіч і Дар’я Касцюк пазнаёмілі Татсумі Масака і Аляксандра Іванавіча Смоліка з гісторыяй вёскі і школы. Школьніцы таксама прадэманстравалі даследчую работу “Сядзібы Беларусі: шлях да адраджэння” – асноўная ўвага ў ёй была ўдзелена маёнтку, у якім жыў Іосіф Гашкевіч. Дзякуючы ўспамінам мясцовых старажылаў удалося не толькі знайсці месца, дзе ён знаходзіўся, але і высветліць прыкладна, як яно выглядала. Дарэчы, старажылы ўспамінаюць, яшчэ ў 1939 годзе будынак быў у адносна добрым стане – у ім размяшчалася польская камендатура. Але праз нейкі час ён  быў спалены.


Наступным прыпынкам стаў гісторыка-краязнаўчы пакой школы, экскурсію па ім правяла Вольга Рамуальдаўна Нікалайкава. Гасцей з Мінска зацікавіла  работа школьнікаў  “Сем цудаў вёскі Малі”, адным з якіх з’яўляецца Іосіф Гашкевіч.


– У музеі ў нашых дзяцей узнікла шмат пытанняў, звязаных з дзейнасцю Гашкевіча. Пытанні задавалі і госці, – гаворыць Вольга Рамуальдаўна. – На некаторыя з іх адказу не знойдзена і да цяперашняга часу – напрыклад, ніхто не ведае, дзе пахаваны Іосіф Гашкевіч. Таму мы абмяняліся каардынатамі і цяпер будзем працаваць яшчэ больш плённа.


Не абышлі ўвагай Татсумі Масака і А.І. Смолік і памятны знак каля сельскай бібліятэкі – сфатаграфаваліся каля яго і паабяцалі вярнуцца яшчэ раз.


–Думаю, што сустрэча аказалася плённай для двух бакоў: госці з Мінска пазнаёміліся з тымі дакументамі і матэрыяламі, якія знаходзяцца ў нас і паабяцалі падзяліцца экспанатамі з нашымі музеямі. Школьнікаў і педагогаў, якія займаюцца навуковай і даследчай дзейнасцю ў школьных музеі і пакоі,  запрасілі на краязнаўчую канферэнцыю, якая восенню пройдзе ў Смаргоні, адна з секцый якой будзе прысвечана жыццю і дзейнасці Іосіфа Гашкевіча. Падчас сустрэчы таксама прагучала думка аб тым, каб у 2014 годзе правесці Гашкевічаўскія чытанні на Астравеччыне, – дзеліцца ўражаннямі ад сустрэчы Н.В. Баніцэвіч.


Ужо ў хуткім часе актывісты гімназічнага  музея і Мальскага краязнаўчага пакоя наведаюць інфармацыйны цэнтр японскай культуры ў Мінску і, хочацца спадзявацца, вернуцца на Астравеччыну  з цікавымі дакументамі, якія датычацца жыцця і дзейнасці Іосіфа Гашкевіча.



Алена ЯРАШЭВІЧ.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений