Жыццёвая гісторыя: не зразумець жаночую моду!

14:34 / 23.03.2022
Жыццёвая гісторыя: не зразумець жаночую моду!Добра мужчынам! Ранкам устаў, памыўся, валасы прыгладзіў – і ўжо прыгожы! А калі туфлі наваксаваныя ды штаны адпрасаваныя – увогуле Ален Дэлон!

А жанчыне для прыгажосці столькі часу і грошай трэба! Прычоскі-ўкладкі, манікюр-педыкюр, маска-макіяж. Боцікі з Італіі, сукенка ад куцюр, паліто дызайнерскае… 

Добра, што ў Светы муж з разуменнем ставіцца да яе жаночых «хачу» і «мне трэба», ведае, што жонка яго – прыгажуня, а такому брыльянту патрэбна адпаведная аправа. Таму і не шкадуе грошай для роднай і адзінай.

Нядаўна ўбачыла Светачка ў адным буціку паліто мары – і «запала»! Дарагаватае, але муж сказаў: «Адзін раз жывём!» Суседка потым глянула – вочкі закаціла: поўны адпад! Колеру таплёнага малака, чысцейшы кашамір. І фасон! Наперадзе – патайная засцёжка з прыгожай брошкай, па спіне  – фальшывая планка з яркімі гузікамі. Калі нават не чыстапароднае Версачы, то побач ляжала дакладна!

І вось аднойчы Святланка ў гэтай абноўцы  выходзіць са свайго шыкоўнага, пад колер паліто, аўтамабіля і каралеўскай паходкай – а ў такім паліто немагчыма хадзіць па-іншаму! – накіроўваецца… Ну якая розніца, куды, – туды, куды ёй трэба.

І ў гэты момант яе спыняе спалоханы мужчынскі голас:

– Жанчына, прабачце…

– Што здарылася? – азірнулася Святлана.

– Даруйце, калі ласка, – амаль шэптам, бы па сакрэце, стаў гаварыць збянтэжаны прахожы. – Але вы… Напэўна, выпадкова… Я разумею, ва ўсіх здараецца… 

– Ды што я такога зрабіла? – занепакоілася Света, аглядваючы сябе і машыну, не могучы зразумець, што не так.

– Вы паліто задам наперад апранулі… Мусіць, вельмі спяшаліся?

…І Света павесіла паліто ў шафу ды «перапрасіла» стары пухавік. Нічога, што не падыходзіць пад колер аўто і мадэль яўна не ад Версачы – затое ніхто не думае, што яна апраналася «з бадуна».

Тамара РАБІНКІНА.
Текст: Главный администратор