Да якога ўзросту можна насіць міні-спадніцу?

10:00 / 21.03.2022
Ідзём з калегай па алеі скрозь гарадскі сквер – і заўважаем немаладую жанчыну, якая сядзіць на лавачцы і перакусвае. Напэўна, вясковая – прыехала ў райцэнтр па справах, зрабіла, што трэба, – і адпачывае: купіла ў вагончыку паблізу кебаб і падсілкоўваецца.

– Паглядзі, як апранута, – звяртае маю ўвагу каляжанка. – Чырвоная куртка, шапачка ў тон падабраная. Прыгожа?

Ну так, прыгожа – але я не заўважыла нічога незвычайнага. Хіба што ўзрост – хутчэй за ўсё, жанчына ўжо мае ветэранскую кніжачку. Тым не менш, ярка і прыгожа сёння стараецца апрануцца, за рэдкім выключэннем, кожная жанчына – бо мы ж у любым узросце такія дзяўчынкі!..

– А мне некалі ў 22 гады маці не дала купіць чырвоны касцюм – сказала, што не па ўзросце, – уздыхнула каляжанка…

І расказала гісторыю…

…Замуж яна выйшла рана, неўзабаве і дачушка нарадзілася. Крыху за 20, а ўжо не дзеўка – маладзіца. З усімі выцякаючымі з тагачаснай маралі высновамі: спадніца – не вышэй калена, колеры – карычневы, шэры, у крайнім выпадку – блякла-сіні ці «бурачковы» – цёмна-бардовы. Адгуляла ўжо, досыць красавацца!

– А тут у прыватны магазін – яны толькі пачалі з'яўляцца ў нашым гарадку – касцюм прывезлі:  прыталены пінжак і клёшныя штаны, ярка-чырвоны. І што немалаважна – у адзіным экзэмпляры. Прымерыла – як на мяне шыты. І так мне пасуе! Якраз 9 Мая набліжалася – значыць, усе на парад пойдуць, і кожны пастараецца абноўку прыдбаць. Я ўяўляла, як у гэтым касцюме, з мужам і дачушкай, прайдуся па вуліцах Астраўца, – каралева!

Грошай, праўда, малавата было – папрасіла даць «на павер», думала, пазычу трохі ў мамы. Прыбегла, шчаслівая, касцюм перад ёй прымерыла. А маці вусны падціснула: «Ты памятаеш, колькі табе гадоў, што ў цябе сям’я? То і апранайся адпаведна. Гэты касцюм для маладых дзяўчат, а ты ўжо адкрасавалася!» І я, уся ў слязах, аднесла чырвоны касцюм у магазін. Яго купіла знаёмая дзяўчына, выпускніца школы. Як я ёю любавалася! І зайздросціла. І шкадавала, што мая маладосць, а з ёй – час насіць чырвоныя сукенкі і касцюмы, мінула… Як добра, што цяпер іншае жыццё!

Сапраўды – добра! Добра, што жанчына, якой не тое што за 30, а і за 50, калі ёй дазваляе фігура, здароўе і густ, можа апрануць міні-спадніцу, туфлі на шпільках, стыльны плашч, зрабіць манікюр і стрыжку, пра якую 20 гадоў таму не магла і марыць – і выйсці «ў людзі». Ці, наадварот, абуць красоўкі, куртку-«касуху», скураныя штаны і асядлаць матацыкл. І ніхто не палічыць яе разбэшчанай, дрэннай жонкай і маці. 

Бо быць сабой, а не той, якой цябе нехта хоча бачыць, – гэта здорава!

Добра, што мяняецца да лепшага не толькі жыццё, але і менталітэт нашых людзей. 

Ведаю, што нехта ўздыхне: шкада, што так позна… Але ж лепш пазней, чым ніколі!

Текст: Нина Рыбик