Православная ярмарка в Островце

09:52 / 19.07.2012

Падзеі, каб запомніліся, павінны здарацца не часта. Тры гады таму ў нашым горадзе праводзіўся фестываль праваслаўнай культуры з выставай-кірмашом, а многія памятаюць яго да сённяшняга дня. Без сумненняў, запомніцца і сёлетні, прысвечаны 20-годдзю аднаўлення Навагрудскай епархіі. Да таго ж пачатак яго прыпаў на храмавае свята – Дзень памяці святых апосталаў Пятра і Паўла. Арганізатарам выступіў Свята-Елісавецінскі манастыр з  Мінска. Адтуль жа прыбылі ў храм для пакланення дзве цудатворныя іконы –  першапрастольных  апосталаў і прападобнай Еўфрасінні Полацкай з часцінкамі іх нятленных мошчаў.


Чатыры дні пляцоўка перад кінаканцэртнай залай “Астравец” была эпіцэнтрам свята. Афіцыйнае адкрыццё фестывалю праваслаўнай культуры “Кладезь” адбылося 12 ліпеня  папалудні, але жыццё віравала тут з самага ранку, як толькі расчыніліся гандлёва-выставачныя палаткі. Прычым, каля ўсіх адразу, перацякаючы спакваля ад адной да другой. Хто хацеў набыць штосьці карыснае для душы – імкнуўся да  палатак з абразамі і іншай праваслаўнай атрыбутыкай, духоўнай літаратурай, музычных кіёскаў. Жанчыны, дзяўчаты актыўна разбіралі касметыку – крэмы, шампуні, ласьёны, разнастайную фітагарбату, лекавую прадукцыю – травяныя зборы, мазі. Усё натуральнае,  асвечаныя шчырай малітвай. Добра разыходзілася прадукцыя ручной работы насельнікаў Свята-Елісавецінскага манастыра – вязаныя рукавічкі, шкарпэткі, паясы з лекавым эфектам, прыгожыя камізэлькі, шалікі, дзіцячыя сукеначкі...


Але найбольш народу на працягу ўсіх чатырох дзён тоўпілася ля палаткі з манастырскім хлебам – яго незабыўны водар і смак астраўчане памяталі яшчэ з мінулага кірмашу і з нецярпеннем чакалі магчымасці паўтарыць задавальненне.


А дзетвара “засядала” ў імправізаванай глядзельнай зальцы лялечнага тэатра “Батлейка”, па некалькі разоў праглядваючы абодва яго спектаклі. Каб потым тут жа далучыцца да творчасці — разам з майстрыхай Марынай вырабляць з кавалачкаў тканіны, стужачак, нітак анёлкаў, птушачак ...


У падзеі было дзве іпастасі – фестываль праваслаўнай культуры і выстава-кірмаш. А гэта значыць, людзі мелі магчымасць атрымаць задавальненне ад набыткаў не толькі матэрыяльных, але найперш духоўных. Праграма мерапрыемсвта ўключала  праекты “Медыцына і праваслаўе”, “Сям’я без веры не выстаіць”, сустрэчу-гутарку з праваслаўнай дзіцячай пісьменніцай і бардам Таццянай Дашкевіч, праект “Добрае кіно” прадугледжваў знаёмства з дакументальным фільмам “Інакіня” і мастацкімі “Прытчы” і “Прытчы-2”, знятымі  кінастудыяй імя Іаана Воіна. У  рамках праекта  “Пераадоленне” была арганізавана сустрэча з мамамі дзетак-інвалідаў.


У нядзелю на кірмашовай пляцоўцы адчуваўся хуткі фініш – увачавідкі апусцелі палатачныя паліцы, паменшала наведвальнікаў. Толькі майстрыха Марына не ведала стомы ў атачэнні сваіх маленькіх сяброў-творцаў.


У дзве гадзіны папалудні  настаяцель храма святых апосталаў Пятра і Паўла іерэй Георгій Савіцкі адслужыў падзячны малебен. На вачах многіх наведвальнікаў заблішчэлі слёзы развітання. Астраўчане сардэчна дзякавалі арганізатарам за цудоўнае свята. Манахіні і паслушнікі, што працавалі ў палатках, акружылі айца Георгія і падзякавалі ў яго асобе ўсім астраўчанам – за гасціннасць, увагу, добразычлівыя адносіны. Асобна — гаспадыням, у якіх былі на пастоі.  А ў сэрцах пасяліўся спадзеў на новыя сустрэчы ў будучым.



Таіса СЯМЁНАВА. Фота аўтара і Андрэя ПАМЕЦЬКІ.